Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Псэўдавыбары, уціск СМІ, палітвязьні і культ асобы. Што зьвязвае Азэрбайджан і Беларусь


Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў

Азэрбайджанскі палітоляг Хікмет Гаджызадэ і беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі пасьля чарговай «элегантнай перамогі» Ільхама Аліева параўноўваюць палітычную і выбарчую сыстэмы ў Азэрбайджане і Беларусі.

Азэрбайджанская апазыцыя назвала выбары фарсам

Пратэст апазыцыі ў Баку. 31 сакавіка 2018 году
Пратэст апазыцыі ў Баку. 31 сакавіка 2018 году

​На датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах у Азэрбайджане за дзейнага кіраўніка Ільхама Аліева, паводле ЦВК краіны, прагаласавалі 86% выбарнікаў. Наступны сапернік атрымаў крыху больш за 3% галасоў.

На найвышэйшую пасаду прэтэндавалі восем кандыдатаў — усе, як адзначаюць аналітыкі, вылучэнцы праўладных партый і рухаў. Апазыцыя байкатавала кампанію, назваўшы яе «фарсам».

Для Ільхама Аліева гэта чацьвёрты прэзыдэнцкі тэрмін, упершыню ён прыйшоў да ўлады ў 2003 годзе, незадоўга перад сьмерцю свайго бацькі Гейдара — былога партыйнага лідэра савецкай рэспублікі, а пасьля і аднаго зь першых прэзыдэнтаў.

Лукашэнка павіншаваў у ліку першых

Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў, архіўнае фота

​Аляксандар Лукашэнка ў ліку першых павіншаваў Ільхама Аліева з «упэўненай перамогай». На прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году ён і сам паказаў блізкі вынік, агучаны ЦВК Беларусі — 83,5% галасоў электарату.

«Вынікі галасаваньня пацьвердзілі высокую салідарнасьць выбарнікаў з тым пасьлядоўным курсам, які праводзіцца дзеля будаўніцтва моцнага і квітнеючага Азэрбайджану. Перакананы, што ваша дзейнасьць на адказнай пасадзе забясьпечыць далейшае ўмацаваньне эканамічнай моцы краіны і яе міжнароднага аўтарытэту», — гаворыцца ў віншаваньні зь Менску.

Лукашэнка выказаў спадзеў на ўсебаковае разьвіцьцё сяброўскіх «беларуска-азэрбайджанскіх стасункаў».

Апярэдзіў беларускага кіраўніка толькі прэзыдэнт саюзьніцкай Турэччыны Рэджэп Эрдаган, які накіраваў тэлеграму яшчэ 11 красавіка.

Азэрбайджанскі палітоляг: сапернікі адпрацавалі ролю статыстаў

Сёлета ў лютым прэзыдэнт Аліеў выдаў адмысловы ўказ, які скарэктаваў дату прэзыдэнцкіх выбараў (спачатку яны павінны былі прайсьці ў кастрычніку). Прычыны свайго рашэньня грамадзянам ён так і не патлумачыў.

Ільхам Аліеў галасуе на выбарчым участку
Ільхам Аліеў галасуе на выбарчым участку

У верасьні 2016 году ў краіне адбыўся агульнанацыянальны канстытуцыйны рэфэрэндум. Сярод паправак — павелічэньне прэзыдэнцкага тэрміну з 5 да 7 гадоў, увядзеньне пасады віцэ-прэзыдэнта, скасаваньне ўзроставага цэнзу для ўдзелу ў выбарах.

На падставе «народнага волевыяўленьня» віцэ-прэзыдэнтам падкантрольны Аліеву парлямэнт прызначыў ягоную жонку Мехрыбан, што дало падставу назіральнікам казаць пра захоп улады кланам Аліевых. Мяркуецца, што цяпер бацькі рыхтуюць глебу для «ўзьвядзеньня на пасад» Гейдара-малодшага, якому ўжо 21 год.

Палітоляг з Баку, былы амбасадар Азэрбайджану ў Расеі Хікмет Гаджызадэ канстатуе, што ніхто не адважыўся кінуць выклік дзейнаму кіраўніку краіны. З розных прычынаў: адны апанэнты сядзяць у турмах, іншыя былі вымушаныя ратавацца і зьехаць за мяжу.

«Цяперашнія кандыдаты — гэта ўсё людзі, так ці інакш зьвязаныя з рэжымам, — сказаў экспэрт Свабодзе. — Яны проста адпрацоўваюць ролю статыстаў, каб паказаць, што нібыта ў Азэрбайджане ёсьць нейкая палітычная канкурэнцыя. Але ўсё відаць нават па іх выступленьнях у тэледэбатах. Яны цэлымі днямі хваляць свайго канкурэнта Аліева і лаюць „дэструктыўную апазыцыю“, якая адмовілася гуляць у гэтую гульню. Можаце сабе ўявіць такі абсурд? Па сутнасьці, усялякая апазыцыйная дзейнасьць у краіне забаронена, незалежныя выданьні заблякаваныя. Уся незадаволенасьць перайшла ў віртуальны сьвет. Вельмі мала магчымасьцяў для пратэстаў — адразу арышт».

Перад выбарамі ў Азэрбайджане блякавалі СМІ

Ілюстрацыйнае фота. напярэдадні выбараў у Азэрбайджане. Агітацыйныя стэнды з інфармацыяй пра кандыдатаў
Ілюстрацыйнае фота. напярэдадні выбараў у Азэрбайджане. Агітацыйныя стэнды з інфармацыяй пра кандыдатаў

​Камітэт абароны журналістаў са штаб-кватэрай у Нью-Ёрку канстатаваў, што перад выбарамі 11 красавіка ўлады зачысьцілі ўсе інфармацыйныя пляцоўкі. Зафіксаваныя факты зьняволеньня журналістаў, выкраданьня іх за мяжой, абвінавачваньні ў фінансавых злоўжываньнях, блякаваньне сайтаў, узлом акаўнтаў у сацыяльных сетках і ўвядзеньне забароны на свабоднае перамяшчэньне. З краін былога СССР больш за ўсё журналістаў за кратамі менавіта ў Азэрбайджане.

«Знаёмыя і сваякі баяцца мець кантакты з апазыцыянэрамі, не вітаюцца, пераходзяць на другі бок вуліцы, — працягвае Хікмет Гаджызадэ. — Мэтады застрашваньня выкарыстоўваюцца на ўсю моц, калі сваякоў выклікаюць і загадваюць публічна адмовіцца ад дэмакратычнага актывіста, свайго сваяка. І ўсё гэта дзейнічае! Таму толькі самыя адчайныя людзі засталіся на апазыцыйнай арэне. Гэта можа пацьвердзіць любы незалежны чалавек, які жыве ў Азэрбайджане. Акрамя таго, гэта ўсе адлюстравана ў справаздачах міжнародных праваабарончых арганізацый, якія працуюць на падставе дакумэнтаў і зафіксаваных сьведчаньняў».

Беларускі праваабаронца: аўтарытарная вэртыкаль кантралюе ўсё

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі быў назіральнікам першай палітычнай кампаніі Ільхама Аліева ў 2003 годзе. Менавіта пасьля гэтага, кажа ён, Азэрбайджан пачаў спаўзаць у багну аўтакратыі.

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

«На міжнародных форумах сустракаюся з азэрбайджанскімі праваабаронцамі, журналістамі, — згадвае суразмоўца. — На жаль, найбольш актыўныя зь іх выціснутыя з краіны, знаходзяцца пад рэпрэсіўнымі мерамі — у зьняволеньні, з абмежаваньнем на выезд і г.д. Поўны разгром грамадзянскай супольнасьці адбыўся яшчэ перад выбарамі 2013 году. Вынікам — некалькі дзясяткаў палітзьняволеных. А ў апошнія гады ўлады давяршылі справу, зьнішчыўшы незалежныя СМІ: перасьлед галоўных рэдактараў, актыўных журналістаў, блогераў. І цяпер створана жорсткая аўтарытарная вэртыкаль, якая цалкам кантралюе палітычную прастору і інфармацыйнае поле».

Гаворачы пра тое, што сям’я Аліевых фактычна прыватызавала ўладу разам з нацыянальнымі багацьцямі, Бяляцкі адзначыў: яшчэ паглядзім, як будзе ў Беларусі.

Карэспандэнты Свабоды зафіксавалі, як працуюць «выбарчыя каруселі» ў Азэрбайджане, яны зрабілі відэазапіс таго, як дзьве жанчыны галасуюць некалькі разоў на розных выбарчых участках.

Паводле Бяляцкага, падабенства паміж рэжымамі ў Баку і ў Менску ўсё больш.

«Багата ў якіх пунктах мы становімся ўсё больш падобнымі, — кажа праваабаронца. — Гэта і агульная сытуацыя несвабоды, і фальсыфікацыя выбараў, і культ асобы прэзыдэнтаў. А значыць, і лічбы галасаваньня не выклікаюць зьдзіўленьня. Сам пабываўшы на выбарах у Азэрбайджане, пераканаўся: гэтак жа, як і ў Беларусі, камісіі ад пачатку настроеныя на фальсыфікацыю падлікаў. Гэта першае. Другое, адсутнасьць свабоды слова, абмену інфармацыі, вялікі ўзровень страху не спрыяюць супраціву. У тым жа Азэрбайджане ўвесь час ёсьць палітвязьні, грамадзкіх актывістаў зьбіваюць, ціснуць на сваякоў, прымушаюць зьехаць».

Прыхільнікі Аліева сьвяткуюць ягоную перамогу. 12 красавіка 2018 году
Прыхільнікі Аліева сьвяткуюць ягоную перамогу. 12 красавіка 2018 году

Паводле Бяляцкага, гаварыць пра свабодныя выбары ў Азэрбайджане і Беларусі нельга.

Асноўныя прэтэнзіі міжнароднай супольнасьці да Азэрбайджану грунтуюцца на тым, што ўлада і нацыянальныя багацьці краіны практычна ўзурпаваныя сям’ёй Аліевых. У так званым «Панамскім архіве» сьцьвярджаецца, што празь сетку падстаўных кампаній прэзыдэнцкі клан кантралюе радовішчы нафты, золата, медзі і срэбра. Аліеўскія афшоры, паводле незалежных падлікаў, ужо нанесьлі ўрон бюджэту больш чым на 600 мільёнаў даляраў.

Сам Ільхам Аліеў абвяргае ўсе абвінавачаньні і называе гэта мэтанакіраванай кампаніяй на дыскрэдытацыю легітымнай улады. У Баку перакананыя, што «карані змовы» найперш вядуць у «варожую Армэнію».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG