Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан выбірае прэзыдэнтa. На якім фоне адбываюцца выбары


У Азэрбайджане 11 красавіка праходзяць пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары. Першапачаткова галасаваньне павінна было прайсьці ў кастрычніку 2018 году, аднак прэзыдэнт Ільхам Аліеў перанёс яго на некалькі месяцаў наперад.

Да 12.00 паводле мясцовага часу прагаласавалі 2 млн 93 тысяч 343 выбаршчыкі ці 39,39% ад агульнай колькасьці, паведамляе ЦВК Азэрбайджану.

Аліеў ўжо тройчы перамагаў на прэзыдэнцкіх выбарах (у 2003, 2008 і 2013 гадах).

У 2016 годзе ў Азэрбайджане прайшоў рэфэрэндум аб унясеньні зьменаў у канстытуцыю краіны, і тэрмін знаходжаньня прэзыдэнта ва ўладзе быў павялічаны зь пяці да сямі гадоў. Таму Аліеў у выпадку перамогі будзе заставацца на чале краіны мінімум да 2025 году.

Хто ўдзельнічае ў выбарах

Азэрбайджанская апазыцыя выбары байкатуе, таму за пасаду кіраўніка краіны будуць змагацца восем кандыдатаў.
Дзеючы прэзыдэнт — кандыдат ад кіруючай партыі «Новы Азэрбайджан». Паводле афіцыйных сацыялягічных дадзеных, яго падтрымліваюць каля 84% выбаршчыкаў.

Акрамя яго ў выбарах удзельнічаюць:

  • Гудрат Гасангуліеў ад партыі «Народны фронт цэласнага Азэрбайджану»,
  • Араз Алізадэ ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Азербайджану
  • Фарадж Гуліеў ад партыі «Нацыянальны рух адраджэньня»
  • Разы Нурулаеў ад «Ініцыятыўнай групы франтыстаў»
  • Хафіз Гаджыеў ад партыі «Сучасны Мусават»
  • Захід Арудж, самавылучэнец
  • Сардар Мамедаў ад Дэмакратычнай партыі Азэрбайджану

Большасьць кандыдатаў у сваіх праграмах у цэлым падтрымліваюць бягучы палітычны курс, што было добра відаць на тэлевізійных дэбатах. Кандыдаты атрымалі тры гадзіны бясплатнага эфірнага часу на грамадзкім тэлебачаньні і радыё, але значную частку сваіх выступаў прысьвяцілі менавіта посьпехам Ільхама Аліева.

Але некалькі асабістых абяцаньняў ўсё ж прагучала:

  • Нурулаеў паабяцаў, што калі стане прэзыдэнтам, выдзеліць дзесяць тысяч манатаў (каля $ 6000) кожнай сям’і на разьвіцьцё бізнэсу і абвесьціць крэдытную амністыю для даўжнікоў банкаў.
  • Захід Арудж абяцаў прыраўняць статус пэдагогаў да статусу дзяржаўных служачых.

Як будуць праходзіць выбары

Дзень выбараў у Азэрбайджане зьяўляецца непрацоўным. Выбарчыя ўчасткі па ўсёй краіне адкрыліся а 08.00 (07.00 менскага часу) і зачыняцца а 19.00 (18.00 менскага). Усяго на тэрыторыі Азэрбайджану адкрыты 5641 выбарчы ўчастак, яшчэ 41 ўчастак знаходзіцца за межамі ў 32 краінах: у Расеі, Аўстрыі, Беларусі, Бэльгіі, ААЭ, Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Чэхіі, Кітаі, Францыі, Грузіі, Ярданіі, Іране, Гішпаніі, Італіі, Швэйцарыі, Швэцыі, Казахстане, Катары, Кыргызстане, Латвіі, Літве, Вугоршчыне, Малдове, Нідэрляндах, Узбэкістане, Польшчы, Саудаўскай Аравіі, ЗША, Турэччыне, Украіне і Грэцыі.

20% выбарчых участкаў абсталяваныя вэб-камэрамі.

Паводле дадзеных ЦВК Азэрбайджану, у краіне налічваецца больш за 5 млн выбаршчыкаў і было надрукавана больш за 5,3 млн выбарчых бюлетэняў.

Золата і медзь

Асноўныя прэтэнзіі міжнародных назіральнікаў зьвязаны з тым, што ўлада ў Азэрбайджане практычна ўзурпіраваная прадстаўнікамі сям’і Аліевых, і яны ж кантралююць значную долю кампаній і нацыянальных багацьцяў краіны. У так званым «Панамскім архіве» журналісты выявілі, што сям’я прэзыдэнта Азэрбайджану кантралюе самыя багатыя ў краіне радовішчы золата, медзі і срэбра праз сетку падстаўных кампаній.

Яхта Prima, фармальна належыць нафтавай кампаніі SOCAR, якая выкарыстоўваецца для адпачынку сям'і прэзыдэнта Азэрбайджану, фота OCCRP
Яхта Prima, фармальна належыць нафтавай кампаніі SOCAR, якая выкарыстоўваецца для адпачынку сям'і прэзыдэнта Азэрбайджану, фота OCCRP

Вядомая азэрбайджанская журналістка Хадзіджа Ісмайлава, якая супрацоўнічала з азэрбайджанскай рэдакцыяй Радыё Свабода (офіс ў Баку быў зачынены на загад ўладаў), раскрыла, што ўрад Азэрбайджану яшчэ ў 2012 годзе прадставіў права на прыбытковая залатаносныя радовішчы сям’і прэзыдэнта.

У 2014 годзе Хадзіджа Ісмайлава пісала, што праз афшорныя кампаніі дзьве дачкі Аліева кантралююць адзін з галоўных тэлекамунікацыйных апэратараў краіны — Azercell.

Пасьля публікацыі гэтых расьсьледаваньняў у 2015 годзе суд у Баку прызнаў журналістку вінаватай у растраце і падатковых злачынствах і асудзіў яе да 7,5 года турэмнага зьняволеньня. «Я арыштаваная на замову прэзыдэнта Ільхама Аліева з прычыны маёй журналісцкай дзейнасьці. Сапраўдная прычына майго арышту — прадухіленьне маіх расьсьледаваньняў аб бізнэсе Аліева і яго сям’і», — заявіла журналістка на працэсе.

Паводле дадзеных OCCRP, афшоры, зьвязаныя з Аліевым, якія кантралююць бізнэс сям’і, доўгі час не плацілі падаткі ў бюджэт Азэрбайджану: бюджэту была нанесена шкода каля $ 600 млн.

Што тычыцца выдаткаў прэзыдэнта на выбарчую кампанію, то, паводле дэклярацыі яго выбарчага штабу, Аліеў атрымаў «добраахвотныя» ўклады на сваю кампанію памерам 50 тыс. манат (каля 25 тыс. эўра), і столькі ж — ад партыі «Новы Азэрбайджан », якую ён прадстаўляе. Пры гэтым у штабу, згодна з дэклярацыі, не было ніякіх выдаткаў на кампанію.

Ахвяраваньні, якія атрымалі на свае кампаніі іншыя кандыдаты, згодна зь іх дэклярацыям, складалі ад 100 да 500 эўра.

Сваякі прэзыдэнта

Ільхам Аліеў прыйшоў да ўлады пасьля свайго бацькі Гейдара Аліева, які кіраваў краінай з 1993 году. Палітолягі ўпэўненыя, што такую ж апэрацыю па перадачы ўлады Ільхам Аліеў рыхтуе і для свайго сына, Гейдара Аліева-млодшы.

«Пачынаючы з 1996 году, у Азэрбайджане рэалізуецца апэрацыя» перадачы трона ў спадчыну" і ўводзіцца самаўладзьдзе, — упэўнены палітоляг Раміз Юнус. — Я думаю, што вы ня зьдзівіцеся, калі ў Азэрбайджане ў бліжэйшы час адбудуцца парлямэнцкія выбары, і 20-гадовы сын Ільхама Аліева Гейдар Аліеў-малодшы таксама пачне свой рух ва ўладу«.

У 2017 годзе Аліеў прызначыў сваю жонку, дэпутата Мэджлісу Мехрыбан Аліеву, першым віцэ-прэзыдэнтам Азэрбайджану.

Прэса і апазыцыя

Міжнародная няўрадавая арганізацыя «Рэпарцёры бязь межаў», якая штогод выпускае «Індэкс свабоды прэсы» і ацэньвае становішча са свабодай слова і свабодай СМІ ў розных краінах сьвету, адносіць Азэрбайджан да «чорнай зоны».

У такіх краінах свабоды слова ў заходнім разуменьні практычна не існуе: дзяржава кантралюе тэлебачаньне і друкаваную прэсу, а доступ у інтэрнэт абмежаваны. Азэрбайджан, паводле ацэнкі арганізацыі, знаходзіцца па ўзроўні свабоды слова прыкладна на ўзроўні Туркмэністану і Ўзбэкістану на момант, калі ў ім яшчэ кіраваў Іслам Карымаў.

У выпадку Азэрбайджану аўтары справаздачы адзначаюць, што прэзыдэнт Ільхам Аліеў з 2014 году вядзе «бязьлітасную» вайну супраць сваіх апанэнтаў.

«Незалежных журналістаў і блогераў абражаюць, зьбіваюць, шантажуюць або спрабуюць падкупіць, а калі гэта не прыносіць выніку — садзяць у турмы. Незалежныя мэдыі, такія як „Зеркало“, агенцтва „Туран“ ці азэрбайджанская служба Радыё Свабодаac, улады душылі эканамічнымі мэтадамі ці проста зачынялі, а журналістаў, такіх як Эмін Мілі або Ганімат Захід вымушаюць зьяжджаць з краіны», — адзначалі «Рэпарцёры бязь межаў».

З краін былога СССР больш журналістаў у цяперашні момант арыштавана менавіта ў Азэрбайджане — 10 чалавек (без уліку Хадзіджы Ісмайлавай, якая ўжо вызвалена). Гэта выкрадзены ў Тбілісі і таемна вывезены ў Баку Афган Мухтарлы, Афган Садыгаў, Араз Гуліеў, Азіз Аруджаў, Элькін Ісмаіл, Фікрэт Фарамазаглы, блогер Мэхман Гусейнаў (ён адбывае два гады турмы за абразу паліцыі), Ніджат Аліеў, Сэймур Хазі і Зія Асадлі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG