Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Голас Божы. 12 фактаў пра беларускія званы


Алена Шацько са званаром Максімам Бігасам у храме сьвятой Марыі Магдаліны ў Менску

У перадвелікодны тыдзень кожны ахвотны можа падняцца на званіцу і з дабраславеньня сьвятара пазваніць у звон.

Захаваўся адзін са старажытных беларускіх званоў, які мае шмат тэкставых надпісаў — моладаўскі, які быў адліты ў 1583 годзе. 100 тон мэталу пасьля пераплаўкі беларускіх званоў пайшлі на бронзавыя гарэльефы для Ленінскай бібліятэкі ў Маскве. Пасьля доўгага зацішша ўпершыню званы Сьвята-Духавага сабора ў Менску загучалі ў 1988 годзе.

Свабода сабрала 12 фактаў пра беларускія званы.

Ілюстрацыйнае фота. Званарка Ксенія Цімахавец з храму Раства Прасьвятой Багародзіцы ў вёсцы Дубой Столінскага раёна
Ілюстрацыйнае фота. Званарка Ксенія Цімахавец з храму Раства Прасьвятой Багародзіцы ў вёсцы Дубой Столінскага раёна

1. Першы звон быў прывезены ў Полацак з Ноўгараду ў 1066 годзе

Полацкі князь Усяслаў Брачыславіч хадзіў з войскам на Ноўгарад у 1066 годзе, каб завалодаць багацьцямі ноўгарадзкага Сафійскага сабора для ўпрыгожваньня сваёй сьвятыні — Полацкай Сафіі.

З горыччу адзначаў наўгародзкі летапісец у Трэцім наўгародзкім летапісе: «Вялікая была бяда, Усяслаў Полацкі ўзяў горад і абабраў Сафію, і званы і панікадзілы зьняў».

Кіеўскі ж летапісец пакінуў такія словы: «Прыйшоў Усяслаў і ўзяў Ноўгарад з жанчынамі і зь дзецьмі, і званы зьняў са сьвятой Сафіі».

(Уладзімер Арлоў, «Таямніцы полацкай гісторыі», «Час Чарадзея»)

2. У Беларусі захавалася каля 2 тысяч унікальных званоў

Фрагмэнт звона XII стагодзьдзя з надпісам «РАБУ», знойдзены пры раскопках Ніжняй царквы на Замкавай гары ў Горадні
Фрагмэнт звона XII стагодзьдзя з надпісам «РАБУ», знойдзены пры раскопках Ніжняй царквы на Замкавай гары ў Горадні

​У Беларусі каля 2 тысяч унікальных званоў, якія маюць гістарычную каштоўнасьць. Большасьць іх — у храмах на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая з 1921 па 1939 год была пад Польшчай.

«Бо ў Заходняй Беларусі была іншая гістарычная, канфэсійная сытуацыя, і, адпаведна, там больш за ўсё захавалася помнікаў царкоўнага мастацтва, у тым ліку і званоў. Званы вывозілі і немцы, і савецкая ўлада спрабавала зьнішчыць. Але людзі хавалі іх, закопвалі ў зямлю, тапілі ў рэках, азёрах», — кажа кампаноляг — дасьледчыца беларускіх званоў, кандыдат мастацтвазнаўства і практыкуючы званар Алена Шацько.

У Музэі старажытнага мастацтва Акадэміі навук захоўваецца 15 унікальных званоў XVII–XVIII стагодзьдзяў.

3. Самы старажытны звон — Моладаўскі

Моладаўскі звон
Моладаўскі звон

Звон вісіць на званіцы Ўсьпенскай царквы (вёска Моладава, Янаўскі раён). Звон быў адліты ў 1583 годзе людвісарам Марцінам Гофманам у Коўне на замову Сямёна Войны, кашталяна мсьціслаўскага, старасты паморскага, палангаўскага, горждаўскага.

Вышыня звона — 62 см, дыямэтар — 70 см, таўшчыня сьценак — 6–7 см. Звон дэкараваны ў верхняй частцы пасам расьліннага арнамэнту з фантастычнымі істотамі і жывёламі, а таксама пакрыты гравіраванымі надпісамі на беларускай лацінцы. Гэта помнік мастацкага ліцьця, эпіграфікі, палеаграфіі Беларусі.

У час Першай усясьветнай вайны па парадзе пана, Генрыка Скірмунта, сяляне, як падыходзілі нямецкія войскі, не адаслалі звон у Расею, а закапалі на могілках. Потым адкапалі. У 1960-я гады яго зноў цудам уратавалі дзякуючы мастацтвазнаўцы Эльвіры Вецер і Юрыю Хадыку. У 1977 годзе яго вывезьлі ў Менск у Музэй старажытнабеларускай культуры АН БССР.

У 1990-я гады па просьбе вернікаў звон вярнулі ў Моладава. Зрабіць так загадаў першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў.

«Моладаўскі звон мае трэшчыну. Выкарыстоўваць яго нельга, бо звон можа разваліцца. Але ў яго працягваюць званіць», — скрушна заўважае Алена Шацько. На яе думку, гэты звон павінен быць у музэі, да яго павінна быць вельмі беражлівае стаўленьне.

Хто ўратуе цэркаўку? Як Агінскі, Война, Орда, Хадыка, Сакалоў і Лукашэнка адзначыліся ў лёсе закінутай царквы ў Моладаве

4. Які самы вялікі звон — пытаньне

Такіх вялікіх званоў, якія ёсьць у Расеі (Цар-звон — вагой 12 327 пудоў, або 200 тон, Вялікі Дабравесны — вагой 2125 пудоў, або 35 тон), у Беларусі не было.

Самыя вялікія беларускія званы не захаваліся. У Сьвята-Пакроўскім саборы ў 1907 годзе незадоўга да асьвячэньня храма на званіцу паднялі 9 званоў, вага самага вялікага — 301,5 пуда. У 1915 годзе пры набліжэньні фронту званы Пакроўскага сабора зьнялі са званіцы і вывезьлі з гораду. Такая ж доля напаткала і 12 званоў Сьвята-Сафійскага катэдральнага сабора, сярод якіх быў самы вялікі ў Беларусі звон вагой у 633 пуды (10,3 тоны).

На думку Алены Шацько, самыя вялікія беларускія званы, што цяпер вісяць на званіцах, важаць каля 60 пудоў — прыкладна 1 тону. У сярэднім сучасныя беларускія званы важаць 250–300 кіляграмаў. Але ўзважыць іх немагчыма, ніхто іх здымаць ня будзе.

5. Заможныя беларусы запрашалі славутых замежных майстроў

У Нясьвіскім замку на замову князя Радзівіла нямецкі майстар Моцфільд у 1598 годзе адліў унікальны звон з проразямі. У Расеі такі звон майстар Маторын вырабіў толькі праз 100 гадоў.

Фрагмэнт звона, адлітага ў 1598 годзе для вежавага гадзіньніка Няcьвіскага замку, фота з кнігі Brensztejn, M. Zarys dziejów ludwisarstwa na ziemiach b. Wielkiego Księstwa Litewskiego. — Wilno
Фрагмэнт звона, адлітага ў 1598 годзе для вежавага гадзіньніка Няcьвіскага замку, фота з кнігі Brensztejn, M. Zarys dziejów ludwisarstwa na ziemiach b. Wielkiego Księstwa Litewskiego. — Wilno

«Такіх званоў у Беларусі было тры. У 1906 годзе ў замку быў пажар, званы ўпалі і разьбіліся. Але фатаграфія захавалася — яе захаваў польскі дасьледчык Міхал Брэйнштэйн і апублікаваў у сваёй кнізе, якая выйшла ў 1924 годзе ў Вільні», — кажа Алена Шацько.

6. У 17–18 стагодзьдзях у Беларусі былі свае майстры адліваць званы

Сьцяпан Ерманюк зь вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёну
Сьцяпан Ерманюк зь вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёну

​Нягледзячы на тое, што ў Беларусі няма сваіх прыродных матэрыялаў — чырвонай медзі і волава, мясцовыя майстры выраблялі званы.

У 17–18 стагодзьдзях звоналіцейныя заводы працавалі ў Петрыкаве, Магілёве, Віцебску. У Беларусі самымі распаўсюджанымі былі асаблівыя формы званоў — у выглядзе саламянага капелюша. Сярэдняя вага званоў, што захаваліся, — 250 кіляграмаў.

«Адкуль прывозілі матэрыял, невядома. Верагодна, выкарыстоўвалася балотная руда. Адзін такі звон захаваўся, але ня вельмі добрай якасьці. А з прывазных матэрыялаў выходзілі добрыя званы.

Васіль Мурэнка з храму сьвятой прападобнай Марыі Эгіпэцкай (горад Вялейка)
Васіль Мурэнка з храму сьвятой прападобнай Марыі Эгіпэцкай (горад Вялейка)

​Полацкі майстар Габрыэль Дарафеевіч у 1644 годзе адліў звон для храма ў Мёрах. Вядомыя прозьвішчы і іншых майстроў — Чабан з Крычава, ёсьць толькі ініцыялы яго — Н. Ф., больш нічога пра майстра невядома. Звон быў адліты ў 1748 годзе. У Даўгінаве захаваліся званы 1662, 1667, 1679 году, і гэта дакладна беларускае ліцьцё.

Майстар Андрэй Белячынскі ў 1790 годзе адліў звон, які зараз знаходзіцца ў вёсцы Олтуш Маларыцкага раёну. На звоне — вельмі тонкія выявы Багародзіцы, Георгія Пераможцы, які забівае зьмея. Але, на жаль, у 1960-я гады савецкія ўлады вымалі з храмаў летапісы, дакумэнты, у якіх фіксаваліся ўсе падзеі — набываньне званоў, адліваньне. І мы нічога ня ведаем, на жаль».

Алена Шацько ўзгадвае яшчэ Антона Брэнгаша зь Менску, майстэрня якога была побач з храмам Аляксандра Неўскага. Адзін зь ягоных званоў захаваўся — у вёсцы Краснае Маладэчанскага раёну, ён вельмі мілагучны.

7. Гісторыя званоў Сьвята-Духавага сабора

У 1850 годзе ў Менску на плошчы каля катэдральнага сабора, побач са сьценамі сьвятыні, майстры з Масквы адлілі два вялікія званы вагой 350 і 150 пудоў. Печ зрабілі ў зямлі, на вачах у людзей званы асьвяцілі і адправілі на званіцу.

А пасьля доўгага зацішша ўпершыню званы Сьвята-Духавага сабора ў Менску загучалі ў 1988 годзе.

Сёньня Сьвята-Духаў сабор славіцца ўнікальным наборам званоў: тут і старадаўнія, XIX стагодзьдзя, і сучасныя. Самы вялікі чыгунны звон 1921 году — зь Нямеччыны, з гораду Бохума. Як гэты скарб апынуўся ў Менску, застаецца загадкай.

8. Беларускія званы перажылі некалькі хваляў рэпрэсій

Копія рахунку на набыцьцё званоў для храма ў Ракаве
Копія рахунку на набыцьцё званоў для храма ў Ракаве

У 1914 годзе, калі пачалася Першая ўсясьветная вайна, на загад расейскага цара Мікалая II званы здымалі і вывозілі ў глыбіню імпэрыі. Некаторыя зь іх пазьней вярнулі, многія давялося выкупляць.

У 1929–30 гадах у СССР званы забаранілі, і яны пайшлі на мэталалом: іх пераплаўлялі на манэты, бронзавыя барэльефы.

«Гэтая інфармацыя была засакрэчаная, зьвесткі знайшлі ў маскоўскіх архівах. У 33 раёнах БССР зьнішчылі каля 2 тысяч званоў агульнай вагой 289 тон. Дакумэнты сьведчаць, што 100 тон званоў пайшлі на бронзавыя гарэльефы для будынка Ленінскай бібліятэкі», — распавяла Алена Шацько.

Некаторыя званы ўратавалі прыхаджане — хавалі, закопвалі ў зямлю, тапілі ў азёрах, рэках. Удалося ўратаваць і ўнікальныя Моладаўскі, Крычаўскі званы.

Наступная хваля зьнішчэньня званоў прайшла па Беларусі ў 1960-я гады. Савецкая ўлада царкоўныя званы зноў расьпілоўвала і пераплаўляла.

Вываз званоў нямецкімі салдатамі з акупаванай тэрыторыі Расеі ў Першую сусьветную вайну
Вываз званоў нямецкімі салдатамі з акупаванай тэрыторыі Расеі ў Першую сусьветную вайну

Яшчэ адна хваля — 1990-я гады. Тады было разьбіта вельмі шмат званоў — не наўмысна, а з прычыны непісьменнасьці людзей, што ўздымаліся на званіцы.

«Адмыслоўцаў-званароў не засталося, білі як наймацней, каб было гучней. Да таго ж язык звона падвешваўся на скуры, якая пры перападах тэмпэратур дэфармавалася, расьцягвалася. У звоне ёсьць толькі адно „бойнае“ месца, і калі язык трапляе не туды, зьяўляюцца трэшчыны. Клеіць іх немагчыма. Званы разьбіваюцца», — кажа дасьледчыца беларускіх званоў Алена Шацько.

9. У Беларусі ёсьць адмысловыя школы званароў, але званы ўжо не адліваюць

У Віцебску пры Пакроўскім саборы працуе дзіцячая школа юных званароў. У Менску пры храме ў імя іконы Маці Божае Ўсіх Тужлівых Радасьці з 2000 году працуе школа званароў для дарослых, дзе вучацца 4 месяцы.

Алена Шацько са званаром Максімам Бігасам у храме сьвятой Марыі Магдаліны ў Менску
Алена Шацько са званаром Максімам Бігасам у храме сьвятой Марыі Магдаліны ў Менску

Але званы ў Беларусі цяпер не адліваюць. Пры канцы 1990-х — на пачатку 2000-х званы выраблялі на прыватным прадпрыемстве «Отменное литьё», было адліта каля 300 званоў. Але майстар Уладзімер Яўціхіеў у 2007 годзе пайшоў з жыцьця, і вытворчасьць званоў спынілі.

«Званы для беларускіх храмаў купляюць у Расеі — славяцца званы, адлітыя ў горадзе Тутаеве Яраслаўскай вобласьці. Гук у іх вельмі прыгожы. Для звона галоўнае — голас, а ня зьнешні выгляд, бо мэтал хутка цямнее. У гэтых званоў голас прыгожы, аксамітны, доўгі, а не шкляны», — кажа Алена Шацько.

10. Няма двух аднолькавых званоў — у кожнага свой непаўторны голас

Найбольш мілагучныя званы — старажытныя. На думку Алены Шацько, гэта званы храма Крупіцкай Іконы Божай Маці, храма Аляксандра Неўскага ў Менску, царквы ў вёсцы Парахонску Пінскага раёну.

«Але самы прыгожы гук у Вялейцы, у храме Прападобнай Марыі Магдаліны — захаваўся ўнікальны набор званоў 19 стагодзьдзя. У 1942 годзе там знаходзіўся зьняволены мітрапаліт Панцеляймон, а немцы паважалі сьвятароў і дазволілі яму служыць. Вернікі заўсёды сустракалі архібіскупа звонам. Таму званы не зьнялі».

Павал Лепяшко зь вёскі Тумілавічы Докшыцкага раёну
Павал Лепяшко зь вёскі Тумілавічы Докшыцкага раёну

У 19 храмах Заходняй Беларусі званоў наагул не здымалі, і там захаваліся традыцыі і матывы сапраўднага старажытнага звону, якія перадаваліся з пакаленьня ў пакаленьне.

У праваслаўных і каталіцкіх храмах званы адрозьніваюцца — гукам, формай, надпісамі. Праваслаўныя званы мякчэйшыя, аксамітныя. Форма падвескі і «вушэй» іншыя.

На некаторых храмах цяпер усталёўваюць электрычныя званы.

Летась электрычныя званы зьявіліся ў касьцёле Сьвятых Сымона і Алены (Чырвоным касьцёле) у Менску, што на плошчы Незалежнасьці. Але ў верасьні 2017 году Менгарвыканкам пастанавіў забараніць звон — маўляў, перашкаджае працы чыноўнікаў (на плошчы некалькі адміністрацыйных будынкаў).

11. Ідэальнае спалучэньне мэталаў для звона — 82% медзі, 18% волава

Калі волава больш за 30% — гук боскі, але звон можа раскалоцца або трэснуць. Адлівалі званы і з чыгуна. Што да выкарыстаньня каштоўных мэталаў, золата-срэбра пры адліваньні званоў, то «гэта казкі ліцейшчыкаў», кажа Алена Шацько. Бо дамешкі нэгатыўна ўплывалі на гукі звона.

Часьцяком званы фарбавалі — разам са званіцай, стольлю, і голас іхні рабіўся ўжо не такі чысты і звонкі. У 1799 годзе ў Ружанах працаваў майстар Андрэй Уладкоўскі, адзін зь ягоных званоў захаваўся, але знайшлі яго пакрытым фарбай. У музэі фарбу акуратна зьнялі, і цяпер ён зьзяе, як новы.

12. Самы вялікі сучасны звон вагой 5 тон ахвяраваў Аляксандар Лукашэнка храму Ўсіх Сьвятых

Звон, ахвяраваны Аляксандрам Лукашэнкам
Звон, ахвяраваны Аляксандрам Лукашэнкам

У Храме-Помніку ў гонар усіх сьвятых у Менску цяпер знаходзяцца тры з самых новых і вялікіх званоў (2006 году) — у гонар Аляксандра Лукашэнкі, былога мітрапаліта менскага Філярэта і былога патрыярха Ўсяе Русі Алексія. Самы вялікі звон вагой у 5 тон быў ахвяраваны храму Аляксандрам Лукашэнкам, на ім ёсьць надпіс «Господь крепость людям своим даст, Господь благословит люди своя миром». Яшчэ два званы (вагой 3 і 1,5 тоны) ахвяраваныя былым патрыярхам Маскоўскім і Ўсяе Русі Алексіем і былым мітрапалітам Слуцкім і Менскім Філярэтам.

На думку дасьледчыцы Алены Шацько, у Беларусі неабходна стварыць музэй званоў — экспанатаў для яго дастаткова. Музэй можа разьмясьціцца ў Храме-Помніку ў гонар Усіх Сьвятых у Менску.

«Экспанатаў для музэю дастаткова, у Горадні захаваўся ўнікальны фрагмэнт звона XII стагодзьдзя, гэта адзін з найстаражытнейшых і каштоўных экспанатаў у сьвеце, у Расеі такіх няма. У краязнаўчых, абласных музэях захавалася больш за 50 гістарычных званоў. Увесь гэты скарб трэба сабраць у адзін музэй», — перакананая Алена Шацько.

Музэі званоў ёсьць у Маскве, Сергіевым Пасадзе, Касімаве Разанскай вобласьці, Валдаі, ва ўкраінскім Луцку, аўстрыйскім Інсбруку, нямецкім горадзе Апольдзе ды іншых гарадах.

Кніга Алены Шацько
Кніга Алены Шацько

Кампаноляг (спэцыяліст па званах) Алена Шацько дасьледавала і пашпартызавала больш за 1700 беларускіх званоў, запісала гучаньне кожнага звона 250 храмаў. Яна скончыла Беларускую кансэрваторыю па клясе цымбалаў і асьпірантуру. Аўтарка больш за 30 навуковых прац і дасьледаваньняў, кандыдат мастацтвазнаўства. У 2014 годзе выдала кнігу «Колокола и колокольные звоны православных храмов западных регионов Беларуси: история и современность»; у 2015 годзе кнігу «Колокольный звон Белой Руси: тысячелетие традиции» з дадаткам двух дыскаў DVD; у 2016 годзе — «Колокольный звон — душа народа». Алена Шацько скончыла школу званароў.

Прэзэнтацыя кнігі Алены Шацько на Міжнародным кніжным кірмашы ў Менску
Прэзэнтацыя кнігі Алены Шацько на Міжнародным кніжным кірмашы ў Менску

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG