Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўратуе цэркаўку? Як Агінскі, Война, Орда, Хадыка, Сакалоў і Лукашэнка адзначыліся ў лёсе закінутай царквы ў Моладаве


Адзін з самых старажытных драўляных храмаў Беларусі пад пагрозай паступовага разбурэньня. Узьнясенская царква ў вёсцы Моладава, што ў Янаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці, значыцца ў сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Нядаўна побач з былой грэка-каталіцкай царквой пабудаваны новы цагляны храм, які таксама асьвечаны як Узьнясенская царква. Стары будынак, якому патрэбен капітальны рамонт, прыходзіць у заняпад, падмуркі і сьцены парахнеюць.

Узьнясенская драўляная царква
Узьнясенская драўляная царква

Лёс моладаўскай цэркаўкі як адбітак гісторыі Беларусі

Моладаўская царква, або «цэркаўка», як пяшчотна называюць яе мясцовыя жыхары, мела вялікую і складаную гісторыю. Адпачатку грэка-каталіцкая, пасьля забароны уніі ў ХІХ стагодзьдзі была пераробленая ў праваслаўную. Яе будавалі і ўшаноўвалі вялікія шляхецкія роды Войнаў, Агінскіх і Скірмунтаў; яе маляваў Напалеон Орда; яе закрылі і рабавалі бальшавікі; апошняе рашэньне, якое паўплывала на яе лёс, ухваліў Аляксандар Лукашэнка.

Князь Агінскі быў фундатарам

Невядомы з роду Агінскіх, Вікіпэдыя
Невядомы з роду Агінскіх, Вікіпэдыя

Узьнясенская царква будавалася пры фінансавай падтрымцы і ўдзеле князёў Агінскіх, якія ў ХVI стагодзьдзі валодалі маёнткам Выганашчы. Драўляны храм першапачаткова быў пабудаваны ў вёсцы Выганашчы цяперашняга Івацэвіцкага раёну. Дакладная дата пабудовы невядомая, але вядома, што ў 1583 годзе будынак перавезьлі ў Моладава цяперашняга Янаўскага (Іванаўскага) раёну, дзе ён стаіць і па сёньня. Пазьней (з 1692 году) Агінскія сталі ўладарамі моладаўскага маёнтку.

Сымон Война замовіў для царквы ўнікальны звон

Герб Сымона Войны, кашталяна Мсьціслаўскага
Герб Сымона Войны, кашталяна Мсьціслаўскага

У 1583 годзе, калі ў Моладаве ўзводзілі царкву, прадстаўнік аднаго з самых старажытных і магутных родаў ВКЛ, маршалак гаспадарскі Сымон Война-Грычына, замовіў для царквы звон.

Звон быў адліты ў 1583 годзе людвісарам Марцінам Гофманам у Коўне.

Фота з сайту http://globus.tut.by/
Фота з сайту http://globus.tut.by/

Гэта самы стары беларускі звон, унікальны яшчэ і тым, што ён пакрыты надпісам на старабеларускай мове на лацінцы. Гэта, бадай, першы гістарычны помнік, які захаваўся і на якім ужываецца беларуская лацінка. Падрабязьней пра звон і надпіс можна пачытаць тут.

Самыя старажытны званы ў Беларусі — у Моладаве
Самыя старажытны званы ў Беларусі — у Моладаве

Напалеон Орда маляваў моладаўскую царкву

Напрыканцы 19 стагодзьдзя моладаўскую царкву адрамантавалі і перабудавалі. Але яе першапачатковы ўніяцкі выгляд захаваўся на адным з малюнкаў Напалеона Орды.

Моладаўская царква. Малюнак Напалеона Орды
Моладаўская царква. Малюнак Напалеона Орды

У тыя ж часы звон упаў з амаль разбуранай званіцы і трэснуў. Цяпер ён ня звоніць. Захоўваецца ў новай званіцы насупраць старой Узьнясенскай царквы.

Скірмунты ўратавалі звон

Падчас першай сусьветнай вайны, каб пазьбегнуць рабаваньня і вывазу звана ў Нямеччыну, Генрык Скірмунт загадаў звон закапаць на могілках. Пасьля таго як немцы сышлі, звон вярнулі ў царкву.

Аляксандар Скірмунт, бацька Генрыка Скірмунта
Аляксандар Скірмунт, бацька Генрыка Скірмунта

Саветы царкву разрабавалі і забаранілі рамонт

У часы Савецкага Саюзу будынак царквы прыйшоў у заняпад і патрабаваў рамонту. Са словаў мясцовага жыхара Васіля Куцко, у 1969 годзе жыхары сабралі сродкі, набылі матэрыял. Але для працы на такіх аб’ектах патрабаваўся дазвол партыйнага кіраўніцтва, і такога дазволу яны не атрымалі. У выніку на дзьвярах зьявіўся замок, кажа Куцко:

Васіль Куцко, жыхар Моладава
Васіль Куцко, жыхар Моладава

«Празь некаторы час старшыня мясцовага сельсавету прывёз сюды зьняволеных, яны сабралі ўсе рэчы, што былі ў царкве, і зьвезьлі іх. Маёмасьць перадалі ў суседнія прыходы. Калі зьбіралі рэчы, я трапіў усярэдзіну і пабачыў на падлозе нейкія паперы. Калі прыгледзеўся, дык гэта аказаліся мэтрыкі. Раней не было нейкіх перапісаў насельніцтва, а ўсе зьвесткі пра людзей — дата нараджэньня, час шлюбу, сьмерці — усё гэта фіксавалася ў царкве. І гэтыя дакумэнты з 1583 году практычна былі зьнішчаныя. Засталася толькі літаральна невялікая тэчка ў мяне». Часткова дакумэнты з Моладаўскай царквы захоўваюцца ў Гарадзенскім гістарычным архіве.

Хадыка зьбярог і апісаў моладаўскі звон

Юры Хадыка
Юры Хадыка

У 1977 годзе з царквы ў Менск быў вывезены і моладаўскі звон 16 стагодзьдзя. Пазьней, калі з ініцыятывы Юрыя Хадыкі ў 1979 годзе быў створаны Музэй старажытнабеларускай культуры пры АН БССР, рэліквія захоўвалася тут да 1990-х гадоў. Юры Хадыка быў адным з аўтараў навуковых прац пра моладаўскі звон.

Сакалоў загадаў вярнуць звон у Моладава

Яфрэм Сакалоў
Яфрэм Сакалоў

У 1990 годзе, калі пачалася рэлігійная адліга, жыхары Моладава сабралі сродкі, самі нанялі будаўнікоў і адрамантавалі царкву. А тым часам хадзілі па суседніх прыходах і зьбіралі назад рэчы з сваёй царквы.

Па старажытны звон у Менск паехала ледзь ня ўся вёска, кажа жыхар Моладава Васіль Куцко:

«Вяскоўцы нанялі аўтобус у мясцовым калгасе і паехалі ў Менск. Выйшла кіраўніца музэю да наведнікаў і тлумачыла, што званы ўяўляюць вялізную каштоўнасьць, і было б лепей, каб яны засталіся на захаваньні ў музэі. Вяртаць звон ніхто не жадаў. Але моладаўцы цьвёрда стаялі на сваім і патрабавалі вярнуць іх маёмасьць».

Моладаўская драўляная царква — гісторыка-культурная каштоўнасьць
Моладаўская драўляная царква — гісторыка-культурная каштоўнасьць

Вяскоўцам прапаноўвалі іншыя званы, але яны не жадалі чужога, а прынцыпова прасілі вярнуць ім сваё. У выніку супрацоўнікі музэю вымушаныя былі саступіць.

Насамрэч званы былі перададзеныя паводле распараджэньня Яфрэма Сакалова, які ў тыя часы кіраваў Цэнтральным камітэтам кампартыі Беларусі. З увагі на выбары ў Вярхоўны савет Сакалоў, які балятаваўся на Берасьцейшчыне, і пастанавіў вярнуць звон вяскоўцам.

З гэтага месца царкву некалі маляваў Напалеон Орда
З гэтага месца царкву некалі маляваў Напалеон Орда

Лукашэнка замест рамонту старой царквы загадаў пабудаваць новую

Будынак старой Узьнясенскай царквы цяпер патрабуе рамонту. Але бліжэйшым часам яго ня будзе. У 2007 годзе Моладава наведваў Аляксандар Лукашэнка. Падчас сустрэчы зь вяскоўцамі стараста вёскі паскардзіўся яму на кепскі стан царквы і неабходнасьць рамонту. Але Лукашэнка фактычна распарадзіўся распачаць будоўлю новага храму. У 2012 годзе яго дабудавалі.​

Памятная дошка на новай царкве
Памятная дошка на новай царкве

Алена Дарагакупец, намесьніца старшыні Іванаўскага райвыканкаму, сказала Радыё Свабода, што лічыць новапабудаваную царкву зусім ня горшай за старажытную:

Новая царква ў Моладаве
Новая царква ў Моладаве

«Цяпер каля старой царквы выбудаваны, так бы мовіць, сапраўдны ансамбль. Новая царква — гэта гонар нашага раёну. Тут створана адмысловае і вельмі дарагое асьвятленьне. А вось будынак старой царквы патрабуе капітальнага рамонту. І тут праблема, бо для працаў у будынку неабходны сур’ёзны праект. А праект на аб’ект, які зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, мы ня можам намаляваць, прабачце мне, проста ў звычайным праектным бюро. Ён каштуе нашмат болей, чым звычайны праект. Таму з гэтым будынкам мы нічога зрабіць пакуль ня можам. Гэта вельмі дорага каштуе, а сродкаў няма. Сапраўды, было б прасьцей, каб будынак не знаходзіўся ў сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў».

Лаўроўская: Старая царква ў небясьпецы

Ірына Лаўроўская
Ірына Лаўроўская

Пабудова новага храму побач са старым — гэта парушэньне, якое дапусьціла Міністэрства культуры, кажа архітэктарка і дасьледчыца зь Берасьця Ірына Лаўроўская. Новыя культавыя пабудовы павінны будавацца на іншым месцы, але ня побач, каб не псаваць адметнасьці. Наагул, у дачыненьні да царквы павінен выконвацца закон аб ахове помнікаў. А тут маем адмову рамантаваць старую царкву, якая разбураецца, і замест гэтага ўзьвядзеньне новага будынку, кажа Ірына Лаўроўская:

«Гэта ня першы выпадак, зь якім мне прыйшлося сустракацца. Даводзіцца помнік архітэктуры да стану руіны, і будынак пазьней сам разбураецца. І гэтая сытуацыя не адзінкавая. Такім чынам зьмяняецца ляндшафт нашай краіны. Справа ў тым, што новая царква не паўтарае стылістыкі старой царквы. І гэта палітыка маскоўскага патрыярхату. Ставяцца новыя будынкі цэркваў з залатымі купаламі, зьмяняецца культура ляндшафту. Бо ў нас усё вельмі сьціпла, вельмі гарманічна, а яны руйнуюць гэтую гармонію».

Старажытная царква ў Моладаве
Старажытная царква ў Моладаве

Прыватнікам будынак царквы не аддаюць

Мясцовыя жыхары неабыякавыя да лёсу царквы. Васіль Куцко зьвяртаўся да кіраўніцтва раёну з просьбай перадаць будынак царквы ў прыватныя рукі, прапаноўваў стварыць тут музэй. Толькі калі будзе гаспадар, на яго думку, можна ўратаваць царкву ад зьнішчэньня:

Царква ў Моладаве — помнік архітэктуры
Царква ў Моладаве — помнік архітэктуры

«Для чужых людзей, можа і для сучаснай моладзі не зусім зразумела, чаму ў нас такія сантымэнты да царквы. Але справа ў тым, што кожны жыхар вёскі хрысьціўся тут. Амаль усе хадзілі сюды кожны тыдзень на набажэнствы, на сьвяты. Шлюб бралі таксама ў храме. Вядома, што і ў апошні шлях праводзілі людзей у царкве. Таму гэты храм блізкі і надзвычай важны для нас. Магчыма, ня ў кожнага захавалася бацькоўская хата. Але кожны зможа прыйсьці менавіта сюды. Таму я лічу, што дзьверы храма павінны быць заўсёды адчыненыя. А раз тут не праводзяцца набажэнствы, то можна стварыць музэй. Але дазволу на гэта я так і не атрымаў».

І сапраўды, думку аб перадачы будынку царквы намесьніца старшыні Янаўскага райвыканкаму Алена Дарагакупец крытыкуе:

«Ёсьць мясцовыя ініцыятары, якія жадаюць узяць царкву ў прыватныя рукі. Аддаць тэрыторыю, будынак. Але гэта немагчыма. Наагул, грамада сама вырашыць, што рабіць з гэтай царквой. Наша галоўная задача — забясьпечыць тое, каб ніхто ў будынак ня мог трапіць. А таксама каб штосьці ня здарылася па пытаньнях бясьпекі. Усё, што было добрае і каштоўнае ў старой царкве — перанесена ў новую».

Трапіць усярэдзіну старой царквы журналістам Свабоды і праўда не ўдалося. Васіль Куцко кажа, што старая царква разрабаваная. Паводле ягоных слоў, абразы са старажытнага храма ляжаць у кацельні новай царквы. Іншага месца ім не знайшлося.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG