Ігар Вострыкаў, які страціў пры пажары ў Кемераве траіх дзяцей, жонку і сястру, запісаў відэазварот да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, «каб расказаць, што адбываецца ў нашай краіне».
Запіс звароту ён апублікаваў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». На запісе таксама прысутнічае Вольга Ціханкіна, маці загінулай жонкі Вострыкава, былая супрацоўніца МНС.
На відэа Вострыкаў і Ціханкіна крытыкуюць дзеяньні ратавальнікаў і пажарных, якія працавалі на пажары ў «Зімовай вішні», а таксама кажуць аб карумпаванасьці і непрафэсіяналізьме ўсіх чыноўнікаў.
Ціханкіна лічыць, што цяпер вучэньні ў МНС праводзяцца «для галачкі», у структуры працуюць людзі іншых прафэсій. У трагедыі яна абвінавачвае пажарных, ратавальнікаў, паліцыянтаў, кіраўніцтва гандлёва-забаўляльнага цэнтру, гораду і вобласьці. Прабачэньні экс-губэрнатара Тулеева перад Пуцінам яна называе «блюзьнерствам».
Цешча Вострыкава таксама расказала, што ў МНС існуе плян пажараў на год, за рамкі якога выходзіць нельга. У адваротным выпадку пажары сьпісваюцца як ўзгараньне сьмецьця або нічыйнага будынку.
Сам Вострыкаў казаў пра «ліпавую» статыстыку пацярпелых і загінулых пры пажарах, пра фальсыфікацыю часу тушэньня, пра дрэнны стан пажарнай тэхнікі і машын, нягледзячы на выдаткаваныя яна іх мільярды «. Вострыкаў лічыць, што такая сытуацыя ня толькі ў МНС, але і ў МУС і ў іншых ведамствах.
Пажар у кемераўскім гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» пачаўся 25 сакавіка, яго тушэньне працягвалася каля сутак. Паводле афіцыйных дадзеных, пры пажары загінулі 64 чалавекі, у тым ліку 41 дзіця.