Злучаныя Штаты заклікалі саюзьнікаў ды іншыя краіны сьвету зрабіць больш жорсткай палітыку ў дачыненьні Расеі і ўзмацняць ціск на яе да таго часу, пакуль былая супэрдзяржава ня стане «добрапрыстойным гульцом» на сусьветнай арэне.
Пра гэта заявіла прэс-сакратар Белага дома Сара Сандэрс, перадае «Голас Амэрыкі». У той жа час яна нагадала словы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, што калі з Масквой удасца наладзіць стасункі, гэта будзе добра для ўсяго сьвету.
Так Сандэрс пракамэнтавала на просьбу журналістаў апошні выступ у якасьці дарадцы ў нацыянальнай бясьпецы Гербэрта Макмастэра.
У ім Макмастэр раскрытыкаваў Расею за «ўзмацненьне агрэсіі па ўсім сьвеце. ЗША не ўдалося прымусіць Расею досыць дорага заплаціць, — адзначыў ён, дадаўшы, што праз гэта «самаўпэўненасьць Крамля расьце». Расея прымяняе старыя і новыя формы агрэсіі з мэтай пахіснуць адкрытыя грамадзтвы, — заявіў генэрал.
Макмастэр высока ацаніў рэакцыю адміністрацыі прэзыдэнта Трампа на дзеяньні Расеі, асабліва скаардынаваную высылку дыпляматаў у адказ на атручваньне ў Вялікай Брытаніі былога супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі.
Паводле яго, высланыя дыпляматы дапамагалі ажыцьцяўляць расейскае ўмяшаньне ў амэрыканскую палітыку, а іх выгнаньне з краіны абмяжуе магчымасьці Расеі ў распаўсюдзе прапаганды і дэзынфармацыі і ўмяшаньні ў амэрыканскія выбары.