Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдуард Пальчыс за збор подпісаў «за беларускую мову» аштрафаваны на 735 рублёў


Эдуард Пальчыс, архіўнае фота

Суды Менску працягваюць разглядаць адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў збору подпісаў у падтрымку беларускай мовы і за адкрыцьцё нацыянальнага ўнівэрсытэту.

4 красавіка ў судзе Фрунзенскага раёну Менску разгледзелі справы Эдуарда Пальчыса — 15 сакавіка судзьдзя Скуратовіч пратакол на Пальчыса накіравала на дапрацоўку.

4 красавіка на судзе сьведкам па справе выступаў супрацоўнік міліцыі Аляксандар Куранкоў, які блытаўся ў паказаньнях. Паводле ягоных слоў, Эдуард Пальчыс займаўся зборам подпісаў з 18.00 да 20.00, але судзьдзя зьвярнула ўвагу на нестыкоўку па часе: у рапарце напісана — з 13.00 да 20.00, а цяпер міліцыянт кажа пра іншы час.

У залі суду прагледзелі відэазапісы, на якіх відаць два чалавекі з тэчкамі проста каля станцыі мэтро «Каменная горка». Часам да іх падыходзяць людзі. На ўсіх відэа толькі два чалавекі зьбіраюць подпісы, хоць супрацоўнік міліцыі сьведчыў наконт трох-чатырох чалавек.

У выніку Пальчыс пакараны штрафам у 30 базавых велічыняў — 735 рублёў.

На сёньняшні дзень вядома, што штрафы за збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы атрымалі Павал Пракаповіч (двойчы за два пікеты, агулам 100 базавых), Наста Гусева (15 базавых), Ягор Сергіенка (50 базавых), Зьміцер Дашкевіч (40 базавых), Дзяніс Мандзік (25 базавых), Ганна Сьмілевіч (15 базавых), Вольга Маёрава (35 базавых), Аляксандра Патапава (10 базавых), Эдуард Пальчыс (30 базавых).

Агульная сума штрафаў складае 320 базавых велічыняў (7840 рублёў, альбо 4040 даляраў).

Збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы распачаўся ў Менску і некаторых гарадах Беларусі 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы. 27 лютага лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч перадаў у Міністэрства адукацыі больш за 2 тысячы подпісаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG