Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былое кіраўніцтва пажарнага таварыства: Адбыўся рэйдэрскі захоп з боку дзяржавы


«Завершаная апэрацыя па рэйдэрскім захопе Міністэрствам па надзвычайных сытуацыях грамадзкай арганізацыі „Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства“», — заявіў у інтэрвію Свабодзе былы старшыня аб’яднаньня Валянцін Карпіцкі.

Карпіцкі: Таварыства ператварылі ў прыдатак дзяржаўнай службы

Паводле генэрал-маёра ў адстаўцы, апошнія паўтара года паміж ягоным таварыствам і МНС разгараўся канфлікт, у выніку якога міністэрства падначаліла сабе арганізацыю.

23 сакавіка адбыўся пазачарговы зьезд Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства па надзвычайных сытуацыях. На ім прынялі новы статут і зьмянілі кіраўніцтва. Пасаду старшыні скасавалі, цяпер таварыствам кіруе назіральная рада.

Фактычна Валянцін Карпіцкі быў адхілены ад кіраўніцтва арганізацыяй, а назіральную раду ўзначаліў начальнік дэпартамэнту прамысловай бясьпекі МНС Аляксандар Кудрашоў. Ад пасады ў ведамстве ён ня вызвалены, радай кіруе на грамадзкіх асновах.

«Тое, што зроблена, можна назваць рэйдэрскім захопам: грамадзкую арганізацыю вырашылі ператварыць у прыдатак дзяржаўнай службы, — кажа Валянцін Карпіцкі. — Існуе закон аб дзяржаўна-грамадзкіх аб’яднаньнях, згодна зь якім самі сябры вырашаюць, што рабіць, каго выбіраць, якія ставіць задачы. Аднак у парушэньне закону ўводзіцца назіральная рада, зьмяняецца структура кіраваньня, расьпісваюцца задачы, якія ня ў стане вырашыць дзяржава, а грамадзкая арганізацыя безь фінансаваньня — тым больш. Я ня бачу іншага тлумачэньня, як страх за наступствы».

Былы старшыня грамадзкай арганізацыі «Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства» Валянцін Карпіцкі
Былы старшыня грамадзкай арганізацыі «Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства» Валянцін Карпіцкі

У 2005–2013 гадах генэрал-маёр Валянцін Карпіцкі быў першым намесьнікам міністра па надзвычайных сытуацыях і адказваў за нарматыўную базу, заканадаўчыя ініцыятывы ды іншыя прававыя пытаньні. Па яго словах, яшчэ ў 2012 годзе Аляксандар Лукашэнка ўхваліў ідэю разгалінаванай сеткі добраахвотных падразьдзяленьняў дзеля змаганьня з пажарамі — найперш у мясьцінах, аддаленых ад цэнтраў.

Столькі гадоў падманвалі прэзыдэнта, таму цяпер спрабуюць ліквідаваць „сьведак“, каб не заміналі

Паводле суразмоўцы, усясьветная практыка паказвае, што такія брыгады апэратыўнага рэагаваньня нашмат больш эфэктыўныя ў ліквідацыі надзвычайных здарэньняў, а рэальная эканомія для бюджэту вымяраецца «сотнямі мільёнаў даляраў». Добраахвотнікі занятыя на сваёй асноўнай працы і толькі ў выпадку форс-мажору зьбіраюцца па трывозе ў абсталяваных пажарных дэпо.

Неўзабаве распрацавалі праект закону, падрыхтавалі праграму паэтапнага пераходу да стварэньня добраахвотных фармаваньняў. Аднак, паводле Карпіцкага, законапраект шмат гадоў блякуе кіраўніцтва МНС.

«Калі ёсьць даручэньне, трэба з чагосьці пачынаць — як мінімум закласьці заканадаўчую базу, — тлумачыць Валянцін Карпіцкі. — Аднак ніводзін дакумэнт так і ня трапіў у распрацоўку! Яго блякуе дзяржаўны орган рэгуляваньня — Міністэрства па надзвычайных сытуацыях. Шэсьць гадоў дакладвалі прэзыдэнту, а нават пальцам не варухнулі. Калі паўстала пытаньне скарачэньня сілавых структур, стала зразумела, што вакуўм могуць запоўніць добраахвотнікі. І тут узьнік канфлікт. Насуперак таму, каб прасоўваць ініцыятыву, МНС проста схаваў пакет дакумэнтаў у стол».

МНС: Грамадзкая арганізацыя ня можа належаць дзяржаўнаму органу

У Міністэрстве па надзвычайных сытуацыях ад разгорнутых камэнтароў з нагоды рэфармаваньня Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства ўстрымліваюцца.

Прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі толькі пацьвердзіў Свабодзе, што кіраўніцтва арганізацыі сапраўды зьмянілася, але яна па-ранейшаму «аўтаномная».

«Грамадзкая арганізацыя ня можа знаходзіцца ў структуры міністэрства, — запэўнівае ён. — Тое, што заяўляе спадар Карпіцкі, — гэта прыватная думка чалавека, які больш не зьяўляецца кіраўніком Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства і ня мае да яго ніякага дачыненьня. Грамадзкая арганізацыя ня можа належаць дзяржаўнаму органу, на гэтым можна паставіць кропку».

Цяперашні кіраўнік назіральнай рады таварыства Аляксандар Кудрашоў пакуль не даступны для камэнтароў, у ведамстве сказалі, што ён «на аб’екце.​

Тым часам Валянцін Карпіцкі падаў пазоў у суд Цэнтральнага раёну Менску на незаконныя дзеяньні з боку МНС, якое ініцыявала зьезд грамадзкай арганізацыі з разбуральнымі для яе наступствамі. Але суд агульнай юрысдыкцыі адмовіўся распачынаць справу, перанакіраваўшы яе ў эканамічны суд Менску. Адтуль дакумэнты вярнулі на фармальнай падставе — маўляў, за два патрабаваньні была сплачаная адна дзяржаўная пошліна.

«Прынцыповы момант: 6 гадоў таму прэзыдэнт даў даручэньне не рэфармаваць грамадзкую арганізацыю, а ствараць добраахвотніцтва — падразьдзяленьні, якія выяжджаюць на тушэньні пажараў, — кажа Карпіцкі. — У нас удзельная вага ратавальнікаў, бадай, самая высокая ў сьвеце — тым часам як добраахвотнікі зьведзеныя да мінімуму ці існуюць фармальна. Выходзіць, што ўвесь сьвет рухаецца ў гэтым кірунку, і толькі Беларусь ідзе сваім шляхам».

Астапаў: Намер замяніць хлопцаў у пагонах на добраахвотнікаў выклікае страх

Першы ў гісторыі Беларусі міністар па надзвычайных сытуацыях Валеры Астапаў сам працяглы час быў старшынём пажарнага таварыства. У размове са Свабодай згадвае, што ў Беларусі яшчэ ў сярэдзіне 1970-х па прыкладзе рэспублік Балтыі было створана больш за 700 міжгаспадарчых апорных пунктаў пажарнай аховы. У комплексе зь некалькімі сотнямі добраахвотных пажарных дружынаў гэта стварыла сыстэму хуткага рэагаваньня на надзвычайныя здарэньні.

«У часы незалежнасьці на базе гэтых апорных пунктаў арганізавалі ваенізаваныя пасты, — кажа Астапаў. — Што адбылося? Нават у дакладзе дзяржсакратара Рады бясьпекі прагучала: з 450 пастоў 10% за два гады нікуды не выяжджалі. Пытаньне: якая мэтазгоднасьць утрымліваць бюджэтныя адзінкі?»

Паводле Валерыя Астапава, цяперашняе кіраўніцтва МНС ухіляецца ад маштабнай рэарганізацыі — не ў апошнюю чаргу таму, што разумее, які аб’ём працы давядзецца выконваць.

«Безумоўна, кіраўніцтва МНС страшыцца такой рэарганізацыі, яна ня пройдзе для іх бясьсьледна,— кажа Астапаў. — Таму намер замяніць хлопцаў у пагонах на добраахвотнікаў і выклікае страх — за свае пагоны, лямпасы, крэслы».

Ён перакананы, што ў Беларусі недаацэнены добраахвотніцкі патэнцыял ратавальнікаў, у той час як за мяжой насельніцтва заахвочваюць, каб тушыла пажары.

Валеры Астапаў
Валеры Астапаў

«Магчымая эканомія — да 500 мільёнаў рублёў штогод»

Ужо былы старшыня «Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства» Валянцін Карпіцкі шкадуе, што дзяржаўнае ведамства вырашыла «прыватызаваць» аб’яднаньне, ня даўшы рэалізаваць амбітныя задумы.

«Калі мы гаворым пра неабходнасьць стварыць сыстэму, на словах усе пагаджаюцца, — кажа ён. — Аптымальныя суадносіны добраахвотных фармаваньняў і прафэсійных падразьдзяленьняў прынясуць бюджэту эканомію 400–500 мільёнаў рублёў на год».

Паводле Валерыя Астапава, адрозна ад арганізацый кшталту ДТСААФ ці «Дынама», якія маюць дзяржаўныя датацыі, пажарнае таварыства не атрымлівала зь бюджэту ні капейкі.

«Так, яно мае ў структуры 15 прадпрыемстваў, якія займаюцца аказаньнем паслугаў (зарадка вогнетушыцеляў, прамочваньне матэрыялаў, аўтаматыка), але рэшта даходаў перанакіроўваецца на дапамогу МНС: на працу зь дзецьмі, спартыўныя спаборніцтвы. Здавалася б: давайце разам зробім арганізацыю моцнай, аўтарытэтнай. Каб той варыянт, які мы колісь прыдумалі, даказалі яго правамоцнасьць, увасобіць у жыцьцё. На жаль, нас ня толькі не паслухалі, з намі бессаромна разабраліся», — кажа Астапаў.

Як паведамляецца на сайце таварыства, 9 лiстапада 2006 году быў выдадзены прэзыдэнцкі ўказ «Аб стварэньні рэспубліканскага дзяржаўна-грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства». У лютым 2007-га пастановай Савету міністраў зацьверджаны статут аб’яднаньня.

Цяпер, гаворыцца ў афіцыйнай інфармацыі, «у мэтах аналізу існуючага патэнцыялу таварыства, высьвятленьня намераў і магчымасьцяў чальцоў РДГА „БДПТ“ і ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі статуту праведзена рэвізія і перарэгістрацыя сябраў».

Экс-міністар па надзвычайных сытуацыях: У Беларусі створаныя перадумовы для «кемераўскіх трагедый»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG