Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка: Украіна хоча вярнуць Данбас дыпляматычным шляхам


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заклікаў украінскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у апэрацыі на Данбасе, „трымаць порах сухім“ і быць гатовымі адказаць на парушэньні перамір’я з боку падтрыманых Расеяй сэпаратыстаў, аднак падкрэсьліў, што галоўным прыярытэтам для Ўкраіны зьяўляецца вяртаньне не падкантрольных ёй тэрыторый у Луганскай і Данецкай абласьцях ня сілавым, а палітыка-дыпляматычным шляхам.

Парашэнка ў нядзелю прыехаў у Марыюпаль, дзе сустрэўся з вайскоўцамі і павіншаваў іх з надыходзячым сьвятам Вялікадня. Пры гэтым ён адзначыў, што разумее вайскоўцаў, для якіх часам „выконваць загады аб спыненьні агню зьяўляецца нялёгкай справай“ з прычыны правакацый.

Зараз у зоне канфлікту ў Данбасе дзейнічае так званае „велікоднае перамірʼе“. Перастрэлкі, аднак, працягваюцца. Паведамляецца, што за апошнія суткі былі параненыя двое ўкраінскіх вайскоўцаў.

Раней у твітэры Парашэнкі зьявіліся запісы пра тое, што падчас сустрэчы з вайскоўцамі ён сказаў, што слова, дадзенае Расеяй, „ня варта і рванага рубля“, а над вежамі Крамля замест крыжоў узьнятыя пяціканцовыя зоркі, „і гэта месца не надта праваслаўнае “. Пасьля гэтыя запісы былі сьцёртыя, а ў адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны заявілі, што яны былі апублікаваныя па памылцы. У відэазапісы сустрэчы прэзыдэнта Ўкраіны з вайскоўцамі гэтых словаў няма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG