Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выклікі-2018»: 8 найбольш цікавых цытатаў з прэс-канфэрэнцыі Парашэнкі


Пятро Парашэнка падчас прэсавай канфэрэнцыі 28 лютага 2018 году.

28 лютага ў Кіеве адбылася прэсавая канфэрэнцыя прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі «Выклікі-2018». Сустрэча з амаль 200 журналістамі працягвалася дзьве гадзіны. Што цікавіла прадстаўнікоў СМІ і што хацеў паведаміць сам Пятро Парашэнка — у аглядзе Свабоды.

1. Пра сяброўства Ўкраіны ў Эўразьвязе ды NATO

«У маёй камандзе мы зараз абмяркоўваем прапанову „заякарыць“ у Канстытуцыі эўрапейскую і эўраатлянтычную інтэграцыі. Зьмены ў Асноўны закон маглі б стаць страхоўкай ад любых нечаканасьцяў і імпэратывам для ўсіх палітычных сілаў на гады наперад. Імкненьне да сяброўства ў Эўразьвязе ды NATO можна было б зафіксаваць у прэамбуле Канстытуцыі».

2. Міратворцы — адзіны варыянт дасягнуць міру на Данбасе

«Прысутнасьць міратворцаў — гэта ня проста разьвядзеньне бакоў. Гэта для нас не прымальна. Яны павінны дзейнічаць на ўсёй акупаванай тэрыторыі. Я буду рабіць усё магчымае, каб як мага хутчэй увесьці міратворцаў, таму што гэта на сёньняшні дзень ёсьць адзіны варыянт, якім можна спыніць забойства ўкраінцаў і аднавіць украінскі сувэрэнітэт на акупаваным Данбасе». Наконт магчымага ўдзелу Беларусі ў міратворчай місіі Пятро Парашэнка не выказаўся.

3. Пра Саакашвілі і Януковіча

«Былі мары, ідэалы. Міхэіл, на жаль, сам іх разбурыў. Я ня думаю, што цяпер ён ёсьць шчасьлівым чалавекам», — сказаў Пятро Парашэнка і падкрэсьліў, што рэадмісія Саакашвілі адбылася «юрыдычна бездакорна» у адпаведнасьці з украінскім і міжнародным правам.

Пра былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, які анансаваў правядзеньне 2 сакавіка прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве: «Я вам скажу абсалютна шчыра, мяне не цікавіць, што кажа Януковіч. Ня цікавіць, што ён робіць. Асабліва пасьля таго, як стала вядома пра зварот гэтага спадара да Пуціна аб увядзеньні расейскіх войскаў. Мяркую, што стаўленьне да яго цалкам адназначна ва ўсіх. І гэтаксама, думаю, большасьці ўкраінцаў таксама нецікава, што скажа Януковіч. У яго было 4 гады, каб растлумачыць і пакаяцца».

4. Пра прапанову Пуціна вярнуць караблі і авіяцыю з Крыму

«Мы гатовы забраць караблі з Крыму, і гаворка не пра тое, ці патрэбны там рамонт, ці ёсьць там камплектацыі і нешта іншае... Мы гатовыя прыняць караблі з Крыму толькі разам з Крымам. І я ўпэўнены, што гэта ёсьць аднастайная пазыцыя і Вярхоўнай Рады, і ўкраінскага грамадзтва. Каб гэта прыскорыць, мы будзем задзейнічаць усе інструмэнты, якія маем у распараджэньні — і дыпляматычныя намаганьні, і санкцыйныя, і судовыя».

5. Пра выбары і рэйтынгі

Пятро Парашэнка заявіў, што не зьбіраецца распускаць Вярхоўную Раду Ўкраіны для пазачарговых выбараў, але пакуль не гатовы заявіць і пра свой удзел у наступных прэзыдэнцкіх. «Рашэньне аб удзеле ў выбарчай кампаніі я буду прымаць тады, калі кампанія пачнецца. Абяцаю вас пра гэта падрабязна праінфармаваць».

Адказваючы на пытаньне пра стаўленьне да вынікаў сацыялягічных апытаньняў, паводле якіх лідзіруе Юлія Цімашэнка, Пятро Парашэнка адзначыў: «Я не хацеў бы спрачацца, хто лідзіруе ў рэйтынгах, таму што я займаюся рэфармаваньнем дзяржавы, рэформамі абароны, зьнешняй палітыкай, а не рэйтынгамі. І займаюся гэтым з самага пачатку. Я ніяк не перажываю за рэйтынгі. Тыя, хто клапоціцца аб рэйтынгах, называюцца папулістамі».

6. Пра нацыянальныя дружыны

«Скажыце, калі ласка, калі вы бачылі „нацыянальныя дружыны“, так званыя, на Храшчаціку, ці кожны з вас адчуваў сябе бясьпечна, калі глядзеў на гэтых хлопцаў? Манаполія на ўладу, манаполія на зброю належыць дзяржаве».

7. Пра адпачынак на Мальдывах

«На пачатку студзеня я свае паўнамоцтвы нікому не перадавяраў. Мяжу перасякаў пад сваім прозьвішчам, па сваім пашпарце і праходзіў рэгістрацыю ў памежнікаў. Самалёт і гатэль аплачваў з свайго банкаўскага рахунку ва ўкраінскім банку. І па дадзенай дэклярацыі ў бліжэйшыя тры тыдні вы зможаце ў гэтым пераканацца».

8. Пра дачыненьні з Польшчай ў гістарычным кантэксьце

«Мы ня маем патрэбы, каб нам хтосьці казаў, якіх украінскіх герояў мы павінны паважаць, а якіх не. Мы самі разьбярэмся. Гэтак жа мы нікому ня раім, каго Польшча мае паважаць, а каго — не. Палітыкі павінны глядзець у будучыню, а мінулае пакінуць гісторыкам. Калі мы будзем прытрымлівацца гэтай канцэпцыі, усё ў нас будзе добра з Польшчай».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG