У Маскве затрыманы па падазрэньні ў крадзяжах у асабліва буйным памеры мільярдэр са сьпісу Forbes Зіявудзін Магамедаў, уладальнік групы кампаній «Сума», паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка Міністэрства ўнутраных спраў Расеі Ірыну Воўк.
«Па падазрэньні ў здзяйсьненьні названых злачынстваў затрыманыя саўладальнікі групы кампаній „Сума“ Зіявудзін Магамедаў і Магамед Магамедаў, а таксама кіраўнік кампаніі, якая ўваходзіць у групу „Сума“, Артур Максідаў», — сказала Воўк.
Паводле яе, крымінальныя справы ў дачыненьні да фігурантаў распачатыя па артыкулах 159 (Махлярства) і 210 (Арганізацыя злачыннай супольнасьці) Крымінальнага кодэксу Расейскай Фэдэрацыі па фактах крадзяжоў у асабліва буйных памерах бюджэтных сродкаў, у тым ліку вылучаных на будаўніцтва аб’ектаў інфраструктуры і энэргазабесьпячэньня. Ператрусы праходзілі ў 25 суб’ектах Расеі.
Раней у кампаніі заяўлялі, што супрацоўнікі праваахоўных органаў толькі правялі з прадпрымальнікам гутарку, а ператрусаў у кампаніі і кватэры Магамедава не было.
Расійскі мільярдэр Зіявудзін Магамедаў займае 63 месца ў сьпісе найбагацейшых бізнэсмэнаў Расеі за 2017 год. Ягонае багацьце ацэньваецца ў 1,4 мільярда даляраў.
30 студзеня Міністэрства фінансаў ЗША апублікавала «крамлёўскі даклад» — сьпіс набліжаных прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, у дачыненьні якіх могуць быць уведзеныя санкцыі. У дакумэнце названыя 210 чалавек, у тым ліку і Зіявудзін Магамедаў. У сьпіс увайшлі ўсе чальцы ўраду Расеі, супрацоўнікі адміністрацыі Пуціна, кіраўніка дзяржкарпарацый, кіраўнікі праваахоўных ведамстваў і алігархі. Пасьля публікацыі дакладу міністар фінансаў ЗША Стывен Мнучын заявіў, што на падставе яго могуць увесьці новыя абмежаваньні ў дачыненьні Расеі.