Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 красавіка адкрываецца чарговая сэсія Палаты прадстаўнікоў. Згодна з рэглямэнтам яе працягласьць ня можа быць большай за 90 дзён.

За сэсію могуць разгледзець да 100 дакумэнтаў

Колькі пытаньняў абмяркуюць дэпутаты, сёньня дакладна сказаць ня можа ніхто. Гэта тлумачыцца проста: падчас сэсіі ў парадак дня ўносяцца новыя законапраекты, дэкрэты, ратыфікацыі. Пакуль у дэпутацкім «партфэлі» каля 50 такіх дакумэнтаў.

Ужо вядома, што рада Палаты падчас адкрыцьця сэсіі будзе прапаноўваць дэпутатам на першых пленарных пасяджэньнях засяродзіцца на 21 пытаньні: 14 законапраектах, якія тычацца абароны, эканомікі, міжнародных адносін, сацыяльнай сфэры, а таксама на 2 дэкрэтах і 5 ратыфікацыях.

Традыцыйна напрыканцы кожнага месяца пройдуць супольныя пасяджэньні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу. На іх урад адкажа на пытаньні парлямэнтарыяў.

Сёньня — 9 пытаньняў

Рада Палаты будзе 2 красавіка прапаноўваць дэпутатам, а фармальна толькі яны зацьвярджаюць парадак дня, разгледзець 9 пытаньняў.

Найперш гэта прадстаўленыя ў першым чытаньні зьмены і дапаўненьні да законаў «Аб транспартна-экспэдыцыйнай дзейнасьці» і «Аб аўтамабільных дарогах і дарожнай дзейнасьці». Навэлы прапануюць спрашчэньне працэдур і разьвіцьцё прадпрымальніцтва ў гэтых сфэрах. Наколькі гэтыя зьмяненьні стануць эфэктыўнымі, пакуль сказаць цяжка. І яшчэ што важна: да сытуацыі з «маршруткамі» гэтыя заканадаўчыя акты дачыненьня ня маюць.

У «аўтамабільны» блёк можна ўключыць і ратыфікацыю міжнароднай дамовы аб далучэньні Беларусі да міжурадавага пагадненьня чальцоў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва аб стварэньні спрыяльных умоваў для міжнародных аўтамабільных перавозак.

Новым для Беларусі стане законапраект «Аб вытворчасьці і абарачэньні арганічнай прадукцыі».Акрамя названых, у папярэднім парадку дня на 2 красавіка яшчэ 5 законапраектаў. Сярод іх, напрыклад, «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаньнях прававой аховы тапалёгій інтэгральных мікрасхем».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG