Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Круглы стол аб беларусізацыі заканадаўства пройдзе ў Палаце прадстаўнікоў


Алена Анісім выступае на «Сьвяце Незалежнасьці» ў Менску 25 сакавіка 2018

5 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў адбудзецца круглы стол аб беларусізацыі заканадаўства. Інфармацыю пра гэта Свабодзе 30 сакавіка пацьвердзілі ў прэсавай службе ніжняй палаты Нацыянальнага сходу Беларусі. Пацьвердзіла гэтыя зьвесткі і дэпутатка Алена Анісім, якая год змагаецца за тое, каб законы ў краіне прымаліся адначасова на дзьвюх дзяржаўных мовах.

Анісім: месца круглага стала абралі невыпадкова

Праводзіць круглы стол парлямэнцкая камісія па адукацыі, культуры і навуцы. Ініцыявала яго Алена Анісім, а старшыня камісіі Ігар Марзалюк яе падтрымаў. Афіцыйна тэма для дыскусіі гучыць так: «Заканадаўства на беларускай мове: праблемы і іх практычнае вырашэньне на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».

Алена Анісім задаволеная тым, што абмеркаваньне пройдзе менавіта ў парлямэнце.

«Важна сабраць шырокую аўдыторыю. Мы запрасілі акадэміка Аляксандра Лукашанца, былога старшыню Канстытуцыйнага суду, а цяпер прафэсара БДУ Рыгора Васілевіча, экс-дэпутата і былога старшыню Таварыства беларускай мовы Алега Трусава, прадстаўнікоў Нацыянальнага цэнтру заканадаўчых і прававых дасьледаваньняў, супрацоўнікаў міністэрстваў. Прыйдуць і дзейныя дэпутаты з розных камісіяў», — сказала яна Свабодзе.

Паводле дэпутаткі, пакуль няма згоды толькі па запрашэньні на круглы стол кагосьці з тых, хто перакладаў на беларускую мову Грамадзянскі кодэкс і закон «Аб нарматыўна-прававых актах».

«Я спрабавала іх запрасіць. Але пакуль паразуменьня [з кіраўніком камісіі Марзалюком. — РС] няма. Таму сёньня яшчэ не магу дакладна сказаць, будзе хтосьці зь іх на дыскусіі альбо не», — сказала дэпутатка.

Беларусізацыя заканадаўства празь юрыдычны прэцэдэнт

Анісім спрабуе стварыць у Палаце прадстаўнікоў юрыдычны прэцэдэнт: прыняць закон аб нарматыўна-прававых актах адначасова і на беларускай, і на расейскай мове.

Адсутнасьць усіх законаў на беларускай мове — прамое парушэньне Канстытуцыі і немагчымасьць грамадзянам абараніць свае правы ў судовым парадку на падставе юрыдычна правамоцных законаў, лічыць Анісім. А паколькі законаў на беларускай мове няма, то пераклады іх ня маюць юрыдычнай сілы. Дэпутатка тлумачыць, што гаворка вядзецца пра базавы закон, які рэгулюе «ўсё заканадаўства, усе прававыя акты».

«Пасьля прыняцьця Закону аб нарматыўна-прававых актах можна будзе гаварыць, што мэханізм прыняцьця законаў на дзьвюх мовах гатовы да запуску. Наша задача — вярнуць Беларусь у прававое поле ў справе прыняцьця законаў», — кажа яна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG