Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі тэлеканал RT спыніць вяшчаньне ў Вашынгтоне ў ноч на 1 красавіка


Лягатып тэлеканала RT на фоне маскоўскага Крамля

Тэлеканал RT, які фінансуецца расейскім урадам, спыніць вяшчаньне ў Вашынгтоне ў ноч на 1 красавіка. Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва Bloomberg, дзьве ТВ-станцыі WNVT і WNVC, якія рэтрансьлявалі RT у амэрыканскай сталіцы, спыняюць сваю працу.

Тэлеканал таксама зьнікне зь мясцовых кабэльных сыстэм. Галоўны рэдактар RT Маргарыта Сіманьян заявіла, што канал працягне працу ў Вашынгтоне на іншых плятформах. Яна зьвязала спыненьне вяшчаньня са статусам «замежнага агента», які RT мае на тэрыторыі Злучаных Штатаў. Тэлеканал зарэгістраваны ў гэтым статусе ў лістападзе мінулага году.

У студзені 2017 году Цэнтральнае выведнае ўпраўленьне ЗША апублікавала даклад аб расейскіх кібэратаках на амэрыканскую выбарчую сыстэму. У ім Расея абвінавачваецца ва ўмяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША пры дапамозе хакераў і СМІ, сярод якіх згаданыя тэлеканал RT і агенцтва Sputnik. У дакладзе яны былі названы «прапагандысцкай машынай».

У дакумэнце гаворыцца, што падкантрольныя Крамлю СМІ і сетка так званых «троляў» у інтэрнэце спрыялі расейскай кампаніі ўплыву на выбары. У дакладзе прыведзены цытаты з блогаў і публічных заяў галоўнага рэдактара Russia Today і Sputnik Маргарыты Сіманьян, якія сьведчаць пра сувязі гэтых СМІ з урадам Расеі.

У адказ на патрабаваньне ЗША зарэгістравацца ў якасьці «замежнага агента» Пуцін паабяцаў меры ў адказ на «ўціск RT ў ЗША» і 15 лістапада Дзяржаўная Дума Расеі аднагалосна прыняла ўнесеныя ў заканадаўства папраўкі, якія дазваляюць залічваць замежныя СМІ да так званых замежных агентаў. У прыватнасьці Міністэрства юстыцыі Расеі афіцыйна аб’явіла «замежнымі агентамі» Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (RFE/RL) і праекты «Крым.Реалии», «Кавказ.Реалии», «Idel.Реалии», Voice of America, тэлеканал «Настоящее время», праект RFE/RL «Фактограф» і асобна татара-башкірскую службу Радыё Свабода.

Дзярждэпартамэнт: новы закон РФ аб замежных агентах пагражае свабодным СМІ ў Расеі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG