Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зачем Алексиевич на мове»


Усяго празь месяц выдавецкі дом «логвінаЎ» абяцае выпусьціць у сьвет пяцітомнік Сьвятланы Алексіевіч у перакладзе на беларускую мову.

А сёньня мне задалі пытаньне: «Зачем было Алексиевич переводить на мову?» Я падумаў, што нешта значыць гэтае пытаньне можа толькі на адной мове сьвету — па-расейску.

Увогуле «зачем переводить» у якой-будзь іншай культуры прыблізна тое самае, што «зачем кормить». І толькі па-расейску — «ведь и так понятно» ў тым сэнсе, што ўнівэрсальна і што ў Беларусі па-расейску разумеюць усе, прычым разумеюць прыярытэтна.

Звычайна я кажу, што ў нас пачынаецца ўздым беларускамоўнай адукацыі і творы свайго нобэлеўскага ляўрэата павінны быць у адукацыйных праграмах на першых месцах. Або што Сьвятлана Алексіевіч лічыць сябе беларускай пісьменьніцай, і яе перакладчыкі на беларускую ўсяго толькі аднаўляюць разбураную мінулай эпохай лёгіку. Альбо што на партале «Вулей» сотні людзей уласнымі грашыма заявілі, што ім такое выданьне патрэбнае, а сабраная сума даўно перавысіла заяўленую.

Але ёсьць у гэтага перакладу і больш глыбокі сэнс.

Але ёсьць у гэтага перакладу і больш глыбокі сэнс. Алексіевіч, якая напісала свае кнігі па-расейску, менавіта ў Расеі была ацэненая найбольш крытычна: і як пісьменьніца, і як набэлістка. Даходзіла да асуджэньня і ледзь не праклёну, хваля нэгатыву схавала пад сабою асобныя галасы адэкватных інтэлігенцкіх асяродкаў.

Чаму ж так разышліся ў ацэнках Расея і ўвесь астатні сьвет, які зь вялікай пашанай паставіўся да даробку пісьменьніцы, надаўшы ёй найвышэйшую адзнаку, якую толькі можна атрымаць за літаратурную працу і талент?

Увесь астатні сьвет чытаў Алексіевіч на мовах сваёй рэчаіснасьці.

Рэч у тым, што ўвесь астатні сьвет чытаў Алексіевіч на мовах сваёй рэчаіснасьці. Немцы — па-нямецку, французы — па-француску, швэды — па-швэдзку… І галасы расейскай утопіі на тле гэтай рэчаіснасьці шакавалі іх, думаю, ня менш, чым антыўтопіі Орвэла. Дзікія норавы, рабская псыхалёгія і чалавек, які не каштуе нічога. Кніга «Час сэканд-хэнд» па-ангельску ці па-гішпанску ўзрывалася як бомба. Чужая страшная рэчаіснасьць ламала ўсе звыклыя ўяўленьні пра жыцьцё, уладу, чалавека.

Расейцы чыталі кнігу на мове сваёй рэчаіснасьці — хтосьці абыякава, бо ня бачыў у ёй нічога асаблівага — яны так і жывуць і здымаюць пра гэта фільмы і сэрыялы, хтосьці традыцыйна злосна — аўтарка ачарняе нашу гераічную гісторыю. І толькі самая мізэрная частка аўдыторыі — з заходняй оптыкай — бачыла, што кніга не апісвае ці ачарняе рэчаіснасьць, а ўзрывае яе.

Беларуская рэчаіснасьць «звычайнага чалавека» мала адрозьніваецца ад літоўскай ці польскай ці нават швэдзкай.

Беларуская аўдыторыя, якая ў большасьці жыве ў палоне расейскай тэлевізарнай рэчаіснасьці, паставілася да Алексіевіч прыблізна гэтаксама, як і расейская. Маўляў і псыхалёгія рабская наша, і норавы дзікаватыя нашы, і Савецкі Саюз са Сталіным, і звыклая гераізацыя вайны… Як у тэлевізары. Але тут пачынаецца раздваеньне. Бо ў рэальнасьці беларускі чалавек жыве сёньня ў рэчаіснасьці, адрознай ад той, што ў расейскіх фільмах «Левіяфан» ці «Дурак». З пэўнай нацяжкай беларуская рэчаіснасьць «звычайнага чалавека» мала адрозьніваецца ад літоўскай ці польскай ці нават швэдзкай. Тут няма дзікіх нораваў у дачыненьнях паміж людзьмі, рабская псыхалёгія — хутчэй інструмэнт выжываньня, чым сутнасьць чалавека, ну і чалавечае жыцьцё ў найглыбейшых пластах сьвядомасьці беларуса спрадвеку ўяўляла сабою каштоўнасьць.

Менавіта беларускі пераклад дасьць беларускаму чытачу адказ на пытаньне «за что этой Алексиевич дали Нобеля»

Інакш кажучы, у Беларусі дзьве выразна адрозныя рэчаіснасьці, межы якіх больш-менш вызначаюцца дзьвюма мовамі: расейскай у прыярытэце і беларускай — сёньня пераважна мовай культуры і асьветы. І калі беларускі чытач будзе ўспрымаць «Час сэканд-хэнд» па-расейску як адлюстраваньне «сваёй» тэлевізарнай рэчаіснасьці, дык па-беларуску для яго гэта будзе амаль як для швэда — бомба. Менавіта беларускі пераклад дасьць беларускаму чытачу адказ на пытаньне «за что этой Алексиевич дали Нобеля», што само сабою будзе і адказам на пытаньне «зачем было Алексиевич переводить на мову».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG