Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аварыйны мост цераз Прыпяць замянілі 70-мэтровым паромам


Аварыйны мост цераз раку Прыпяць у Жыткавіцкім раёне

Паромная пераправа часова заменіць пантонны мост і катэры для перавозкі людзей і велікагрузнага транспарту цераз раку Прыпяць у Жыткавіцкім раёне.

Адмысловы 70-мэтровы паром на замову РУП «Гомельаўтадар» выраблены ў Пінску прадпрыемствам «Дняпроўска-Бугскі водны шлях». У рух ён прыводзіцца буксірам.

«Паром дастаўлены буксірамі па рацэ зь Пінску пад Тураў, — паведаміў Свабодзе прадстаўнік „Гомельаўтадару“ Валянцін Якавенка. — Неўзабаве ён пачне перавозкі. За адзін рэйс на такім пароме можна перавозіць з аднаго берага Прыпяці на другі да паўсотні чалавек, 5 велікагрузных фургонаў, 20-25 легкавых аўтамашын».

Цяпер з прымяненьнем земснараду спэцыялісты «Дняпроўска-Бугскага воднага шляху» рыхтуюць прычалы пад новы транспарт. Улічваюцца патрабаваньні бясьпекі і магчымыя ваганьні ўзроўню вады ў рацэ да двух з паловай мэтраў.

У «Гомельаўтадары» сьцьвярджаюць, што і разьведзены з прычыны крыгаходу пантонны мост будзе вернуты на месца. Ён паслужыць найперш для перавозкі пасажыраў і праезду легкавікоў. На пароме будуць перапраўляцца ў асноўным велікагрузныя аўтамабілі.

Праблемы з пераездам праз раку Прыпяць у Жыткавіцкі раёне ўзьніклі пасьля таго, як існуючы мост каля вёскі Чэрнічы ў канцы мінулага году даў расколіну. Рух транспарту і пешаходаў быў спынены. Тураўшчына аказалася адрэзанай ракою ад цэнтральнай часткі Беларусі. Адсюль да найбліжэйшых мастоў, якія знаходзяцца ў Мазыры і Пінску, каля 250 кілямэтраў.

Аляксандар Лукашэнка даручыў адрамантаваць аварыйны мост на Прыпяці да канца бягучага году. Каб аднавіць яго, мостабудаўнікі зьбіраюцца пракласьці для Прыпяці новае рэчышча. Аварыйную сэкцыю разбураць выбухам.

Адказным за аднаўленьне звыклай транспартнай сувязі прызначаны віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, ураджэнец Тураўшчыны.

Пяцёрка аварыйных мастоў Беларусі. МАПА

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG