Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкладчыкам менскага ўнівэрсытэту разаслалі тэкст супраць #БНР100 са спасылкай на кампартыю


Паводле зьвестак Свабоды, прынамсі некаторыя супрацоўнікі менскага ўнівэрсытэту МІТСО атрымалі праз электронную пошту ад адміністрацыі ананімны тэкст «Необходимо знать правду о тех событиях, но гордиться ими не стоит!», прысьвечаны 100-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Прэс-служба МІТСО не змагла апэратыўна пракамэнтаваць Свабодзе зьяўленьне тэксту, прасіла напісаць пісьмовы зварот на афіцыйным блянку.

У тэксьце згадваецца фраза Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ведаць пра БНР варта, але ганарыцца падзеямі тых дзён ня варта, прыводзіцца спасылка на тэкст БЕЛТА. Далей ідзе вялікі ўрывак тэксту з сайту праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі «БНР как антисоветская и русофобская затея „белорусизаторов“», пасьля — урывак з тэксту прарасейскага сайту Sonar2050 «100-летие БНР как технология».

Завяршаецца дакумэнт абзацам, які не сустракаўся раней у інтэрнэце.

«Сёньня ў грамадзка-палітычны дыскурс зноў укараняецца канцэпцыя Міжмор’я. Упершыню дадзеная канцэпцыя была агучана маршалам Пілсудзкім амаль сто гадоў таму. У 2015 годзе яна была рэанімаваная прэзыдэнтам Польшчы А. Дудам. Новая рэдакцыя канцэпцыі Міжмор’я, як заўважыў А. Дзермант, закліканая „аб’яднаць усіх ультраправых Усходняй і Цэнтральнай Эўропы ў іх барацьбе супраць Расеі і Эўрапейскага Зьвязу, з канчатковай мэтай стварыць нейкі новы рэйх“. Магчыма, менавіта з гэтай прычыны спробы „рэстаўрацыі“ гісторыі назіраюцца ня толькі ў дачыненьні да Беларускай Народнай Рэспублікі, але і Ўкраінскай Народнай Рэспублікі», — гаворыцца ў тэксьце.

У Менску падавалі тры розныя заяўкі на шэсьці 25 сакавіка, гарадзкія ўлады забаранілі ўсе. Але дазволілі мітынгі-канцэрты 24 сакавіка і 25 сакавіка, таксама дазволілі шэраг акцыяў у іншых гарадах Беларусі.

«Не патрэбныя нам сёньня гэтыя дэманстрацыі, вулічныя шэсьці, сказаў Аляксандар Лукашэнка 20 сакавіка. — Не таму, што я іх баюся. Пройдуць па вуліцы, па Менску — перажывем. Але адзін раз, другі, трэці раз, а пасьля будзе як дваццаць гадоў таму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG