Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Саюзу беларускіх пісьменьнікаў запатрабавала ад уладаў неадкладна вызваліць з ізалятара паэта і празаіка, ляўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы Ўладзімера Някляева.

«Патрабуем ад беларускіх уладаў спыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да Ўладзімера Някляева, неадкладна вызваліць яго з ізалятара, зьняць несправядлівыя абвінавачаньні, а таксама прыцягнуць да адказнасьці тых службовых асобаў, якія парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзян», — гаворыцца ў адмысловай заяве Рады Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Уладзімер Някляеў быў затрыманы 21 сакавіка, у Міжнародны дзень паэзіі, у ліку іншых палітычных актывістаў. Паводле Рады, зьняволеньне Някляева зьвязана з правядзеньнем у Менску 25 сакавіка сьвяточных мерапрыемстваў у гонар 100-годзьдзя з дня абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

«Тым ня менш, як стала вядома, афіцыйна Ўладзімеру Някляеву інкрымінуецца «заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», а менавіта — мінулагодняе інтэрвію тэлеканалу «Белсат», дзе ён выказаў меркаваньне, што «калі ёсьць воля абараняць свае правы, трэба ісьці і іх абараняць», — гаворыцца ў заяве.

Нягледзячы на пратэсты грамадзкіх арганізацый і праваабаронцаў, Уладзімер Някляеў быў асуджаны да адміністратыўнага арышту, які органы выкананьня прысудаў прымеркавалі да 100-годзьдзя беларускай незалежнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG