Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Стратэгічнага камандаваньня ЗША: у нас няма абароны ад гіпэргукавай зброі


Пентагон, міністэрства абароны ЗША

Генэрал Джон Гайтэн заявіў, што ЗША ўважліва сочаць за распрацоўкай такой зброі ў Расеі і Кітаі, паведамляе Голас Амэрыкі.

Камандуючы ядзернымі сіламі ЗША апісаў змрочны сцэнар супрацьстаяньня амэрыканскіх узброеных сілаў новаму пакаленьню высокахуткаснай зброі, якая распрацоўваецца Расеяй і Кітаем.

«У нас няма сродкаў абароны, здольных выключыць ужываньне падобнай зброі супраць нас», — заявіў кіраўнік Стратэгічнага камандаваньня ВПС ЗША Джон Гайтэн, выступаючы ў камітэце Сэнату па ўзброеных сілах у аўторак.

Гэта значыць, што, прынамсі зараз, ЗША даводзіцца спадзявацца на сродкі стрымліваньня так званай гіпэргукавай зброі, сказаў ён.

Сэнатар-рэспубліканец Джым Інхаф папрасіў генэрала растлумачыць, што такое гіпэргукавыя зброя, і на што яна здольная.

«Гіпэргукавыя пагроза — гэта сыстэма, якая спачатку паводзіць сябе, як балістычная, і вы разглядаеце яе, як балістычную ракету, але потым яна зьмяняе траекторыю і ляціць хутчэй як крылатая ракета ці самалёт, — растлумачыў Гайтэн. — Яна выходзіць у ніжнюю касьмічную прастору, пасьля чаго хутка зьніжаецца і ляціць на адным узроўні».

Па словах генэрала Гайтэна, у гэты момант ракета ляціць з вельмі высокай хуткасьцю, таму яна і называецца гіпэргукавай.

«Расея і Кітай прыкладаюць актыўныя намаганьні для распрацоўкі гіпэргукавай зброі, — адказаў Гайтэн Інхафу. — Мы сочым за тым, як яны выпрабоўваюць такую зброю».

Гайтэн, які раней называў Расею «самай значнай пагрозай» ЗША, падкрэсьліў неабходнасьць пашырэньня амэрыканскага ядзернага арсэналу за кошт узбраеньняў новага тыпу.

«Я цалкам згодны з неабходнасьцю стварэньня маламагутнай ядзернай зброі, — заявіў ён, маючы на ўвазе запыт Пэнтагонам сродкаў на стварэньне маламагутнай боегалоўкі для ўстаноўкі на балістычных ракетах падводнага базаваньня. — Такі патэнцыял зьяўляецца зброяй стрымліваньня ў адказ на пагрозу, асабліва з боку Расеі. Прэзыдэнт Пуцін яшчэ ў красавіку 2000 года абвясьціў, што расейская дактрына будзе прадугледжваць ужываньне маламагутнай ядзернай зброі на поле бою».

Выступ Гайтэна папярэднічаў заяве прэзыдэнта Дональда Трампа пра яго пляны «сустрэцца ў не такой далёкай будучыні» з Уладзімірам Пуціным, каб абмеркаваць міжнародную гонку ўзбраеньняў.

Падчас выступу з прэзыдэнцкім пасланьнем Фэдэральнаму сходу РФ 1 сакавіка Ўладзімер Пуцін паведаміў пра распрацоўку ў Расеі гіпэргукавай зброі: «Мы пачалі распрацоўку ракет, якія не выкарыстоўваюць балістычную траекторыю. Нічога падобнага ў сьвеце пакуль няма. Моц, магутнасьць гіпэргукавой зброі могуць быць велізарнымі, а хутка зробяцца непаражальнымі для сёньняшніх сыстэм ПРА і СПА, паколькі супрацьракеты іх проста не даганяюць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG