Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павільён Беларусі на EXPO-2020 будзе памерам зь сяміпавярховы дом


Від на Дубай з вышыні птушынага палёту
Від на Дубай з вышыні птушынага палёту

Беларусь рыхтуецца да выставы EXPO-2020, якая пройдзе ў Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) з кастрычніка 2020 году да красавіка 2021-га. Пра гэта сёньня паведамілі на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі арганізатары беларускай экспазыцыі.

EXPO большы за Алімпійскія гульні

Супрацоўнік Міністэрства замежных спраў Яўген Лазараў пераконваў журналістаў, што ў сьвеце няма ніводнага міжнароднага мерапрыемства, якое можна было б параўнаць з выставамі EXPO.

«Алімпійскія гульні і футбольны чэмпіянат сьвету зьбіраюць ад 4 да 6 мільёнаў наведнікаў. А на выставу EXPO-2015 у Міляне прыйшло 26 мільёнаў. Вось якая істотная розьніца! — сказаў ён. — EXPO па сваім ахопе нагадвае Арганізацыю Аб’яднаных Нацый. Толькі тут мінімізаваны палітычны фактар. Свой удзел у EXPO-2020 ужо пацьвердзілі 180 краінаў».

Тры беларускія «і»

Плошча беларускай экспазыцыі ў Дубаі складзе 1200 квадратных мэтраў. Арганізатары дазваляюць узводзіць будынак не вышэйшы за тры паверхі, але з надбудовай вышынёй да 15 мэтраў. Таму, магчыма, беларускі будынак будзе агульнай вышынёй як сяміпавярховы дом.

Уся экспазыцыя будзе падзеленая на тры ўмоўныя сэктары: інавацыі, інвэстыцыі, індывідуўм.

Арганізатары выставы (галоўны зь іх — Міністэрства замежных спраў) сёньня заявілі, што хочуць правесьці вялікую супольную працу. Неўзабаве ў інтэрнэце зьявіцца спэцыяльная пляцоўка, дзе кожны жыхар Беларусі зможа выказаць сваю думку, як найлепш прадставіць краіну ў Эміратах. Асаблівыя спадзяваньні — на маладых навукоўцаў, ад якіх чакаюць наватарскіх ідэяў.

Калі EXPO пройдзе ў Беларусі?

Выставы EXPO бываюць двух відаў: звычайныя, якія праводзяцца адзін раз на пяць год, і малыя — адзін раз на тры гады. Апошняя малая выстава адбылася ў 2017 годзе ў Астане. І гэта дало падставу для пытаньня Свабоды: калі EXPO дойдзе да Беларусі?

Яўген Лазараў заявіў, што на арганізацыю выставы EXPO патрэбныя вельмі вялікія сродкі.

«Таму нам прыняць адпаведнае рашэньне няпроста. Да таго ж Беларусь — яшчэ вельмі малады ўдзельнік EXPO. Мы толькі вучымся. І калі мы адчуем, што зможам прыняць выставу на нашай зямлі, то мы яе правядзем. Правядзем так, каб нам не было сорамна», — сказаў прадстаўнік МЗС.

А дырэктар Нацыянальнага цэнтру маркетынгу і каньюнктуры цэнаў МЗС Беларусі Валер Садоха не выключае, што Беларусь можа заявіцца на EXPO-2025 альбо EXPO-2030.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG