Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік мэра Масквы: хворыя з «запушчаным» ракам павінны лячыцца за свой кошт


Леанід Пячатнікаў. 2015 год.
Леанід Пячатнікаў. 2015 год.

Намесьнік мэра Масквы ў пытаньнях сацыяльнага разьвіцьця Леанід Пячатнікаў выказаў меркаваньне, што хворыя, у якіх выяўлены рак на позьняй стадыі, павінны аплачваць лячэньне самастойна.

На прэс-канфэрэнцыі ў Маскве Пячатнікаў заявіў, што, калі чалавек своечасова не прайшоў дыспансэрызацыю, неабходна «перагледзець умовы яго мэдыцынскай страхоўкі». Намесьнік мэра назваў «разумным» вопыт «азіяцкіх краінаў», дзе, па словах Пячатнікава, чалавек, у якога рак знойдзены «на позьняй, запушчанай стадыі, лечыцца за свой кошт». Чыноўнік падкрэсьліў, што гэта яго асабісты пункт гледжаньня.

Раней Пячатнікава крытыкавалі за яго выказваньні ў сувязі з самагубствам хворага на рак адмірала Вячаслава Апанасенкі: намесьнік мэра сьцьвярджаў, што прычынай самагубстваў анкахворых могуць быць псыхічныя праблемы. Пасьля ён папрасіў прабачэньня ў сям’і адмірала, прызнаўшы сыстэмныя праблемы з недахопам анальгетыкаў. Пячатнікава таксама крытыкавалі за палітыку «аптымізацыі» мэдычных устаноў, якая выяўлялася ў тым ліку ў закрыцьці шэрагу паліклінік і бальніц.

У Расеі за апошнія дзесяць гадоў захворваньні на рак вырасьлі на 20,4%, пры гэтым сьмяротнасьць у параўнаньні зь іншымі разьвітымі краінамі была вышэй прыкладна на чвэрць: на 100 тысяч чалавек насельніцтва ад анкалягічных захворваньняў паміраюць 123 чалавекі, пры тым, што ў Францыі, ЗША і Нямеччыне — толькі каля 100.

Экспэрты тлумачылі гэта тым, што большасьць выпадкаў рака ў Расеі з прычыны дрэннай дыягностыкі і недахопу кваліфікаваных анколягаў выяўляюцца толькі на 3-4 (тэрмінальнай) стадыі. Але пры гэтым праблемай яны называлі ў першую чаргу недахоп сучаснага дыягнастычнага абсталяваньня, якое ёсьць толькі ў буйных расейскіх гарадах, па-другое — чэргі на бясплатныя абсьледаваньні, і па-трэцяе — кваліфікацыю анколягаў, якія працуюць у Расеі, а зусім не стаўленьне пацыентаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG