Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што лідэры «Гавары праўду» размаўлялі з паслом Беларусі ў Нямеччыне


Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч, архіўнае фота
Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч, архіўнае фота

Лідэры грамадзкай арганізацыі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч правялі чатыры дні ў Бэрліне.

Іх паездка ўваходзіла ў міжнародную праграму «Грамадзянскі ўдзел у палітычных працэсах». Сярод суразмоўцаў беларускіх палітыкаў былі прадстаўнікі Бундэстагу, офіса канцлера, Міністэрства замежных спраў, фонду Фрыдрыха Эбэрта ды шэрагу іншых дзяржаўных і грамадзкіх арганізацый Нямеччыны.

Паездка нічым не адрозьнівалася б ад многіх іншых, калі б не сустрэча апазыцыянэраў з амбасадарам Беларусі ў Нямеччыне Дзянісам Сідарэнкам.

Дзьмітрыеў: гэта першая сустрэча за мяжой зь беларускім амбасадарам

Паводле Андрэя Дзьмітрыева, раней апазыцыя ніколі не зьвярталася з запытамі на такія сустрэчы.

«Мы з Тацянай вырашылі зьмяніць гэты фармат. І калі мы зьбіраемся ў нейкую краіну, то заўжды паведамляем пра паездку беларускім дыпляматам, якія там працуюць. І абавязкова просім пра сустрэчу».

На думку Андрэя Дзьмітрыева, гэта неабходна, каб дазнацца, што адбываецца ў краіне, якія там інтарэсы Беларусі.

«Не магу сказаць, што ўсе дыпляматы адгукаюцца. Думаю, таму, што і для афіцыйнага боку гэта нешта новае. Сустрэча з амбасадарам Сідарэнкам — першы выпадак, калі на наш запыт адгукнуліся», — кажа Дзьмітрыеў.

Ён падкрэсьліў, што сустрэча адбылася ў будынку амбасады.

«Я гляджу на амбасадара не як на прадстаўніка беларускай улады за мяжой, а найперш як на прадстаўніка ўсёй Беларусі. І гэта стварае атмасфэру нашай агульнай адказнасьці за краіну. Бо і мы можам сказаць яму нешта цікавае з нашых кантактаў, каб лепей прасоўваць інтарэсы Беларусі. Чым больш будзе такіх сустрэчаў, такой дэманстрацыі палітыкі, тым хутчэй працэсы пойдуць ня толькі звонку, але і ўнутры», — патлумачыў Андрэй Дзьмітрыеў.

Андрэй Дзьмітрыеў сказаў, што ў размове з амбасадарам Сідарэнкам лідэры «Гавары праўду» «даволі адкрыта» казалі яму пра правы чалавека, пра «сумныя вынікі мясцовых выбараў». Але ж, акрамя гэтага, ёсьць шмат цікавых тэм, дзе існуе агульная зацікаўленасьць, каб Беларусь была ў прыярытэце Нямеччыны і Эўрапейскага Зьвязу.

Караткевіч: мы параілі менш зьвяртаць увагу на рэакцыю Крамля

Тацяна Караткевіч кажа, што галоўнай тэмай шматлікіх размоваў у Бэрліне стала пашырэньне ўзаемадзеяньня Беларусі і Нямеччыны ў розных сфэрах і важнасьць працягу дыялёгу дзьвюх краін. Асабліва была вылучана праблема разьвіцьця беларускіх рэгіёнаў, непасрэднае ўцягваньне іх прадстаўнікоў у розныя праграмы супрацоўніцтва.

«Мы казалі нямецкім палітыкам, што Беларусь сёньня не да канца ўспрымаецца як незалежная краіна. Прымаючы важныя рашэньні, на Захадзе часьцей за ўсё думаюць не пра інтарэсы Менску, а пра рэакцыю Масквы. Мы лічым, настаў час памяняць такі падыход», — кажа Тацяна Караткевіч.

Лідэры «Гавары праўду» праінфармавалі дэпутатку Бундэстагу, упаўнаважаную фэдэральнага ўраду па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе Бэрбэль Кофлер пра сытуацыю вакол Сьвятаслава Барановіча. Яна паабяцала, што будзе сачыць за разьвіцьцём падзей і абмяркуе гэтую справу зь беларускімі ўладамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG