Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з творчай моладзьдзю падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад прагляду фільмаў «Матыльда» і «Сьмерць Сталіна».

Паводле БелТА, Лукашэнка вырашыў паглядзець гэтыя фільмы, калі вакол іх падняўся шум.

«У мяне такое падазрэньне, што спэцыяльна наладзілі шуміху, каб падагрэць цікавасьць да гэтых фільмаў. Ні адзін, ні другі таго ня варты. Я нават пашкадаваў, што час патраціў», — сказаў Лукашэнка.

Фільм «Матыльда»
Фільм «Матыльда»

Ён сказаў, што ў «Матыльдзе» яму спадабалася апэратарская праца, і ён цалкам дапускае, што сюжэтная лінія можа быць праўдай. «Прыгожыя здымкі», — сказаў Лукашэнка.

Кажучы пра «Сьмерць Сталіна», Лукашэнка адзначыў, што дагэтуль дакладна не вядома, як Сталін памёр. Рэжысэрскі падыход да тых падзей яго ня ўразіў.

«Усё тлумачаць, што стыль такі гэтага фільму, гэта камэдыя... Танная камэдыя — у мяне такое ўражаньне пра гэты фільм, дый разважаць на гэтую тэму сёньня няма чаго».

Кадар зь фільму «Сьмерць Сталіна»
Кадар зь фільму «Сьмерць Сталіна»

​Паводле кіраўніка дзяржавы, адна з ідэй фільму — расказаць пра парушэньні правоў чалавека, пра тое, што жыцьцё асобных людзей у Савецкім Саюзе лічылі за нішто. Лукашэнка сказаў, што ён перакананы: паступаць так недапушчальна ні для кога — і для Сталіна, і для ўсіх, хто мае ўладу.

Зь іншага боку, сказаў кіраўнік Беларусі, сёньня складана даць аб’ектыўную ацэнку тым падзеям, бо пра іх існуе шмат рознай інфармацыі, прычым не заўсёды праўдзівай.

Скандалы вакол «Матыльды»

Яшчэ да выхаду ў пракат супраць «Матыльды» ў Расеі разгарнулася кампанія шальмаваньня. Фільм распавядае пра адносіны цара Мікалая II і балерыны Матыльды Кшэсінскай. Праваслаўныя актывісты рэзка крытыкавалі «паклёпніцкі», на іх думку, фільм, які абражае цара, кананізаванага РПЦ.

У Менску гэтую стужку расейскага рэжысэра Аляксея Ўчыцеля ўпершыню паказалі 18 кастрычніка. Напярэдадні шэраг кінатэатраў атрымаў лісты з пратэстамі супраць паказаў.

Аднак параўнальна з тым, што адбывалася ў Расеі, у Беларусі рэакцыя на фільм была больш спакойная. Дэпутатка расейскай Дзярждумы Натальля Паклонская больш за 40 разоў зьвярталася ў пракуратуру з патрабаваньнем забараніць фільм за «абразу пачуцьцяў вернікаў».

Невядомыя праваслаўныя радыкалы закідвалі студыю рэжысэра Аляксея Ўчыцеля бутэлькамі з запальнай сумесьсю і нават падпальвалі кінатэатар у Екацерынбургу. Вялізарная колькасьць кінатэатраў у Расеі атрымалі пагрозы, з прычыны якіх нават буйныя сеткі адмаўляліся пускаць фільм у пракат. Нягледзячы на гэта, стужка ўсё ж атрымала пракатнае пасьведчаньне.

«Сьмерць Сталіна» ў Маскве забаранілі, а ў Менску дазволілі не адразу

Усясьветная прэм’ера брытанскай сатырычнай камэдыі «Сьмерць Сталіна» адбылася ў верасьні 2017 году. Сюжэт кінакарціны засяроджаны на гонцы за ўладу ў СССР пасьля сьмерці Ёсіфа Сталіна ў 1953 годзе. У Расеі паказ гэтай камэдыі адмянілі. Міністэрства культуры Беларусі дазволіла пракат «Сьмерці Сталіна» не адразу. 24 студзеня, напярэдадні беларускай прэм'еры, усе сэансы былі адмененыя.

Міністэрства культуры паведаміла, што рашэньне, ці даваць карціне пракатнае пасьведчаньне, будзе прынята толькі пасьля таго, як кіно паглядзяць у Мінкульце. Урэшце яго дазволілі. Былі выпадкі, што расейцы прыяжджалі ў Беларусь, каб паглядзець гэты фільм.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG