Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выходзяць на арэну асілкі. Пра нявыбары 2018


Ільля Мільштэйн
Ільля Мільштэйн

Блог аналітыка рускай службы Радыё Свабода Ільлі Мільштэйна

Пісаць пра нявыбары сумна.

На адным участку ў Махачкале група мясцовых «змагароў» напала на назіральнікаў, якія спрабавалі зафіксаваць укіды, а на іншым цётачка — чалец камісіі — абышлася без сілавой падтрымкі, акуратна загрузіўшы скрыню бюлетэнямі, і што? Укідвалі наогул паўсюль, ад Чачні да самых да ўскраін, наўпрост пад відэакамэры, ня ведаючы сумневаў і страхаў, і каму гэта цікава? Дзе-нідзе небеспасьпяхова галасавалі нябожчыкі, тады як жывым часам адмаўлялі ў праве выбраць сабе прэзыдэнта — будзем абурацца? Зганялі па краіне бюджэтнікаў, студэнтаў, салдатаў — гнеўна затаўраваць ганебную зьяву ці ўздыхнем стомлена? Ну і, зразумела, карусэлі пасьпяхова круціліся — станем гэта наогул камэнтаваць ці не станем?

Сыстэма дзяржаўнага нагляду за выбарамі так наладжаная, што без хлусьні, прымусу і фальсыфікацыяў працаваць ня можа, нават калі хоча. Так што і сумленная з выгляду Памфілава, закліканая для таго, каб сымбалізаваць канстытуцыйную цнатлівасьць улады, няздольная што-небудзь зьмяніць. На месцах яе ўсё роўна паправяць, жадаючы толькі дабра шматнацыянальнаму расейскаму народу і вышэйшаму начальству, вось у Махачкале і выходзяць на арэну асілкі, а ў шпіталі імя Бурдэнкі галасуюць пад наркозам. Усё гэта варта ўспрымаць без гневу, але з філязофскім адхіленьнем ад мітусьні грэшнага сьвету. Выкрасьліўшы з памяці праклятыя 90-е з іх непрадказальнасьцю і жорсткай палітычнай барацьбой паміж кандыдатамі розных узроўняў, уключаючы прэзыдэнцкі.

Іншая невясёлая тэма: шматмесячная палеміка паміж прыхільнікамі Навальнага, які заклікаў да актыўнага байкоту нявыбараў, і іншымі апазыцыянэрамі, у якіх меліся іншыя пляны. Выбраць сабе трошкі Сабчак, зусім ледзь-ледзь Яўлінскага альбо апусьціць у скрыню аркуш са словам «надакучыў» і падобнымі па сэнсе словамі. Па выніках дыскусіяў прайгралі ўсе, і гэты момант варта зафіксаваць.

Па выніках дыскусіяў прайгралі ўсе, і гэты момант варта зафіксаваць.

Трагічная няздольнасьць палітыкаў дэмакратычнай накіраванасьці дамовіцца паміж сабой — таксама даўно не навіна, але, здаецца, ніколі яшчэ дзіўная гэтая звычка сварыцца ня схіляла да думак настолькі безнадзейных. Ужо, здаецца, да мышоў здрабнеюць у дыспутах, да статыстычнай хібнасьці, і ўсё роўна ім ёсьць пра што паспрачацца, высьвятляючы адносіны і абражаючы адзін аднаго.

У часы ранейшыя, куды больш аптымістычныя, найбольш эфэктыўна расколваў дэмакратычныя шэрагі Рыгор Аляксеевіч Яўлінскі. Сёньня па яго сьлядах (дакладней, рука аб руку зь ім) ідуць яны ўсё — і Навальны з Міловым і Яшыным, і Ксенія Сабчак, якая супраць усіх. Пасьлявыбарчая грубаватая дыскусія Навальнага з Сабчак паказала, да чаго ўсё запушчана. Гэта не значыць, што, абʼяднаўшыся, яны б вынесьлі з Крамля так званага Пуціна. Але гэта значыць, што і па завяршэньні непапраўнай пуцінскай эпохі, калі раптам дажывем, не варта чакаць цудаў.

Што ж тычыцца пераможцу прэзыдэнцкай гонкі, то ён быў вядомы як мінімум шэсьць гадоў таму, калі ізноў сеў на трон, сагнаўшы адтуль вернага сябра. Невялікую інтрыгу тут стварыў сам Пуцін, які незадоўга да выбараў выступіў з пасланьнем, у якім пазначыў мэту на бліжэйшыя гады: прамое сутыкненьне з Захадам. Аж да Трэцяй сусьветнай вайны. Балятуючыся на чарговы тэрмін, самавылучэнец са сваімі сілавікамі літаральна, а не мэтафарычна, як у мінулы раз, прапанаваў суайчыньнікам памерці пад Масквой (і паўсюль), галасуючы за яго. Каб усе яны былі «у замазцы». Быў маленечкі шанец, што расейцы, як бы сказаць, засмуцяцца, будуць зьдзіўленыя веліччу мэты і агорнутыя жахам. Хоць бы з пачуцьця самазахаваньня, турбуючыся за сябе, за дзяцей, за ўнукаў.

Аднак расейцы не спалохаліся і выбралі Пуціна, чаму не варта зьдзіўляцца. Па-першае, галасаваць ім больш было няма за каго, занадта ўжо прывыклі да Ўладзімера Ўладзімеравіча. Па-другое, кандыдатаў ім падабралі ў масе сваёй такіх, што побач з тымі, хто гарлапаніць ў студыі, нязьменны кіраўнік выглядаў незвычайна самавіта і прывабна. Па-трэцяе, усё ж такі нездарма іх, выбаршчыкаў, выхоўвалі і замбавалі бясконцымі перамогамі васемнаццаць гадоў запар. Гэта велізарны тэрмін. Таму і ядзерная вайна не стала перашкодай агульнанароднага выбару. Столькі бедаў зь ім перажылі — і гэтую авось перажывем.

Пісаць пра нявыбары сумна. Да ванітаў.

У такім настроі, як можна меркаваць, тыя, хто добраахвотна прыйшлі да скрыняў, і сагнаныя да іх, галасавалі за нацыянальнага лідэра. А тым, хто, не верачы свайму шчасьцю, выбіралі чамусьці іншых кандыдатаў, псавалі бюлетэні або заставаліся дома ў сьвяточны дзень, яшчэ і дапамаглі. Шляхам карусэляў, укідаў і іншых фальсыфікацыяў. Бязь іх ніяк нельга было абысьціся — і не абышлося.

На шэсьць бліжэйшых гадоў загадваць не будзем — бессэнсоўна. Перажыць бы без асаблівых стратаў бліжэйшыя месяцы, падчас якіх, заручыўшыся мандатам народнага даверу, Пуцін будзе праводзіць сваю палітыку, як унутраную, так і зьнешнюю. Пачынаецца новая эпоха, насычаная, не пабаюся гэтых слоў, грандыёзнымі падзеямі, і ніякай прагноз цяпер не ўяўляецца занадта змрочным. Зрэшты, ацэньваць будучыя навіны будзем па меры іх паступленьня, а пакуль канстатуем відавочны факт: пісаць пра нявыбары сумна. Да ванітаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG