Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Index on Censorship: Беларусь — у лідэрах па судах журналістаў


Праваабарончая арганізацыя Index on Censorship падрыхтавала «Карту свабоды масмэдыя», у якой зафіксаваныя пагрозы для свабоды прэсы ў розных краінах сьвету, у тым ліку ў Беларусі.

Паводле справаздачы арганізацыі, у Беларусі на працягу 2017 году былі зарэгістраваныя агулам 92 парушэньні, у тым ліку затрыманы 101 журналіст. У цэлым 30 журналістаў атрымалі абвінавачваньні.

Найбольшая хваля затрыманьняў прыпала на Дзень Волі 25 сакавіка 2017 году, калі 36 журналістаў былі зьмешчаныя пад варту, сярод іх — Філіп Уорвік, Андрэй Дубінін, Валер Шчукін, Кацярына Бахвалава. Таксама журналісты заяўлялі, што яны былі зьбітыя міліцыяй падчас арышту.

Журналіст Філіп Уорвік зь Вялікай Брытаніі сказаў, што ён быў пазбаўлены права зьвязацца са сваёй амбасадай. У кватэры журналісткі Марыны Кастылянчанкі, якая працуе з арганізацыямі па правах чалавека, быў праведзены ператрус. Пазьней яе пасадзілі ў турму на 15 сутак за непадпарадкаваньне міліцыі і ўдзел у несанкцыянаваных масавых акцыях.

У Беларусі найбольш штрафавалі журналістаў

На працягу году журналісты атрымалі 69 штрафаў за парушэньне артыкулу 22.9 Кодэксу Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэньнях па незаконную вытворчасьць і / або распаўсюд мэдыя-кантэнту.

69 штрафаў журналістам за 2017 год. БАЖ: «Якая ж гэта лібэралізацыя?»

У канцы справаздачы адзначаецца, што «ўсе прыведзеныя лічбы — гэта толькі правераныя арганізацыяй выпадкі парушэньняў. Напрыклад, хоць Беларусь мае меншую колькасьць паведамленьняў пра парушэньні, чым Францыя і Італія за справаздачны пэрыяд, гэтая краіна зьяўляецца адным з самых зарэгуляваных асяродзьдзяў для СМІ ў Эўропе і мае даволі нізкі „Індэкс свабоды прэсы“ ў справаздачы у „Рэпартэраў бязь межаў“ — 156 з 180».

***

Праект Index on Censorship назірае за мэдыясфэрай у 42 эўрапейскіх і суседніх краінах: гэта ўсе краіны – сябры Эўразьвязу, плюс Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Ісьляндыя, Косава, Македонія, Чарнагорыя, Нарвэгія, Сэрбія, Турэччына, а таксама Расея, Украіна, Азэрбайджан і Беларусь.

У 2017 годзе было апрацавана і праверана 1 089 паведамленьняў пра абмежаваньні свабоды прэсы. Большасьць пагрозаў і парушэньняў свабоды СМІ былі зьвязаныя з афіцыйнымі або ўрадавымі органамі.

У краінах, за сытуацыяй у якіх вядзецца маніторынг, у 2017 годзе:

  • 6 журналістаў былі забітыя;
  • зафіксавана 178 паведамленьняў пра напады ці траўмаваньне журналістаў;
  • 220 работнікаў СМІ былі затрыманыя ці арыштаваныя;
  • 193 паведамленьні сьведчылі пра крымінальныя абвінавачваньні і судовыя працэсы;
  • паступіла 367 паведамленьняў пра запалохваньне, у тым ліку псыхалягічны гвалт, сэксуальныя дамаганьні, тролінг / кібэрпагрозы;
  • у 113 выпадках супрацоўнікі мэдыя сутыкнуліся з пашкоджаньнем маёмасьці або яе канфіскацыяй;
  • было зафіксавана 178 выпадкаў блякаваньня журналістаў або мэдыякрыніц;
  • матэрыялы журналістаў былі зьмененыя або зазналі цэнзуру 68 разоў.

Ганна Махлін, кіраўнік праекту «Карта свабоды масмэдыя» адзначае, што хоць колькасьць інцыдэнтаў, зарэгістраваных у «Карце свабоды масмэдыя», скарацілася ў пэрыяд з 2016 па 2017 год, гэта ня варта ўспрымаць як сьведчаньне таго, што працоўнае асяродзьдзе для журналістаў палепшылася ў краінах, у якіх вядзе маніторынг праект.

«Супрацоўнікі сродкаў масавай інфармацыі ўсё яшчэ працуюць пад пагрозай сьмерці, нападу, турмы і перасьледу, у той час як законам злоўжываюць як сродкам, з дапамогай якога можна прымусіць замаўчаць тых, хто імкнецца гаварыць праўду», — сказала Махлін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG