Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Упершыню за паўтара года змагла абняць сына» — сваякі японскага мастака наведалі яго ў беларускай калёніі


Сям’я японскага мастака Даічы Ёшыда — маці Ёка Ёшыда і брат Сэйя Ёшыда
Сям’я японскага мастака Даічы Ёшыда — маці Ёка Ёшыда і брат Сэйя Ёшыда

«Даічы не парушаў аніякіх законаў і не зрабіў аніякага злачынства», — паўтарае маці Даічы Ёшыда, які знаходзіцца ў калёніі Віцьба-3. На гэтым тыдні ягоная сям’я прыляцела з Японіі на трохдзённае спатканьне.

Даічы Ёшыда — японскі мастак, які малюе ў стылі манга. У 2016 годзе ён быў запрошаны на фэстываль манга ў Адэсу. У Кіеве набыў у антыкварнай краме розныя часткі зброі да 1945 году выпуску, каб выкарыстоўваць іх у якасьці мадэляў для малюнкаў.

15 жніўня 2016 году Даічы Ёшыда вылецеў маршрутам з Кіева ў Токіо з транзытнымі перасадкамі ў аэрапортах Менск і Абу-Дабі. Ён сьцьвярджае, што служба бясьпекі ў аэрапорце Кіева праверыла і сфатаграфавала ўсе часткі зброі, якія знаходзіліся ў ягоным зарэгістраваным багажы, і дапусьціла яго на рэйс. У Менску Даічы Ёшыда быў затрыманы, а ў красавіку 2017-га асуджаны на 4 гады 6 месяцаў зьняволеньня за незаконны правоз і перамяшчэньне празь дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі. Даічы Ёшыда неаднаразова спрабаваў абскардзіць прысуд, настойваючы на сваёй невінаватасьці.

Выпраўленчая калёнія №3 у пасёлку Віцьба, Віцебскі раён
Выпраўленчая калёнія №3 у пасёлку Віцьба, Віцебскі раён

На спатканьне ў калёнію прыляцелі маці мастака Ёка Ёшыда і ягоны брат Сэйя Ёшыда.

«У нас былі раней кароткая спатканьні, але заўжды праз шкло, — неўзабаве пасьля таго, як яны выйшлі з калёніі. — Праз паўтара года я змагла да яго дакрануцца, абняць яго. Гэта не перадаць словамі».

«Мы ўсе ўтраіх абняліся, — кажа старэйшы брат Сэйя, які ня бачыў брата 2 гады. — Мне было вельмі радасна. Да гэтага некалькі разоў чуў яго па тэлефоне. Я зьдзівіўся, што ў яго вельмі кароткая стрыжка. Цяпер ён выглядае зусім інакш».

Партрэт Даічы Ёшыда, які ягоны брат Сэйя намаляваў за час спатканьня ў калёніі
Партрэт Даічы Ёшыда, які ягоны брат Сэйя намаляваў за час спатканьня ў калёніі

Адвакат Даічы Ёшыда у лютым атрымаў зь Вярхоўнага суду адказ на сваю скаргу, у якой прасіў сярод іншага нанесьці адмяніць прысуд. Аднак Вярхоўны суд палічыў прысуд Даічы Ёшыда справядлівым.

«Вінаватасьць Даічы Ёшыда ў злачынствах, за якія ён асуджаны, устаноўленая», — гаворыцца ў дакумэнце Вярхоўнага суду. У адказе прадстаўнік Вярхоўнага суду таксама спасылаецца на паказаньні сьведак у працэсе, паводле якіх мусіць праводзіцца надгляд багажу ўсіх пасажыраў, якія перамяшчаюцца празь беларускія аэрапорты, у тым ліку транзытных. Гаворыцца таксама пра тое, што, паводле заканадаўства, транзытныя пасажыры зьяўляюцца асобамі, якія перасеклі мяжу Рэспублікі Беларусь.

Пра рашэньне вышэйшай інстанцыі, якая адмовіла Даічы ў пераглядзе справы, Ёка раней паведаміла Даічы па тэлефоне.

«Мы даведаліся, што ў нас ёсьць яшчэ адзін шанец падаць скаргу ў Вярхоўны суд. Будзем гэтым займацца, — кажа Ёка. — Мы заўжды паўтараем, што Даічы не парушаў аніякіх законаў і не зьдзяйсьняў аніякага злачынства. Будзем рабіць усё магчымае, каб яго вызваліць».

Ёка Ёшыда
Ёка Ёшыда

Сям’я Даічы ня раз зьвяртала ўвагу на стан ягонага псыхалягічнага і фізычнага здароўя. Паводле Ёка, цяпер ён выглядае някепска.

«Распавёў, што 1 сакавіка проста страціў прытомнасьць ад таго, што рэзка павысіўся ціск. Трапіў на бальнічны ложак. Недзе 10 дзён там прабыў. Сёньня пачуваецца добра».

Сярод іншага, сваякі прывезьлі Даічы дзьве пары акуляраў. Ёка распавядае, што ў Даічы вельмі кепскі зрок, але акуляры ў яго забралі адразу, як ён трапіў у турму. Год, пакуль цягнулася сьледзтва і суд, мастак заставаўся без іх. Акуляры вярнулі толькі пры пераводзе ў калёнію, але яны былі ў стане амаль непрыдатным для карыстаньня:

«Шкло ўсё ў драпінах, — распавядае Ёка. — Ён адразу надзеў тыя акуляры, што мы яму прывезьлі».

Сям’я Даічы гаворыць, што адміністрацыя калёніі ставіцца да яго нармальна. Ён сам у добрых стасунках зь іншымі зьняволенымі.

«Даічы кажа толькі адно: я абсалютна невінаваты, хачу на волю. Цяпер ён зразумеў, што ўсё залежыць толькі ад ягоных паводзінаў. Ён стараецца паводзіць сябе так, каб была магчымасьць выйсьці ўмоўна-датэрмінова», — кажа сям’я.

Даічы Ёшыда, здымак з архіва сям'і Ёшыда
Даічы Ёшыда, здымак з архіва сям'і Ёшыда

Кніг у Даічы няма, але ёсьць некалькі тонкіх размоўнікаў руска-ангельска-японскіх размоўнікаў. Ён актыўна засвойвае расейскую мову. Пасьля таго, як гісторыя Даічы стала вядомая, Ёка атрымлівае словы падтрымкі ад людзей з многіх краінаў. У калёніі яна даведалася, што Даічы таксама прыходзяць лісты і паштоўкі, што стала для яго нечаканасьцю.

«Гэтыя лісты, гэтыя словы — вялікая падтрымка для мяне. Калі б толькі іх было яшчэ больш, я буду адказваць кожнаму», — перадаюць маці і брат словы Даічы з калёніі.

Магчыма, дзякуючы гэтай падтрымцы ягоны настрой зьмяніўся да лепшага.

«Апошні раз, калі я яго бачыла, ён быў абсалютна падаўлены. Але за гэтым час, можа дзякуючы таму, што ён стаў атрымліваць лісты падтрымкі, ён трошкі ўзьняўся духам. І таксама ён знайшоў сабе занятак — робіць ілюстрацыі для насьценгазэты, плякаты. Усё гэта яму дапамагае, ён стаў спакайнейшы», — распавядае Ёка. Некаторыя малюнкі, зробленыя ў калёніі, Даічы перадаў на волю.

«Мяркуючы па тым, як ён з намі размаўляў, як сябе паводзіў, мне стала трохі спакайней», — кажа Сэйя Ёшыда.

Малюнкі Даічы Ёшыда
Малюнкі Даічы Ёшыда

Сям’я Ёшыда не пакідае спадзеваў на вызваленьне і апраўданьне свайго сына Даічы. У канцы лютага яны зьвярнуліся да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі зь лістом, у якім тлумачаць, што здарылася з Даічы, і просяць паспрыяць ягонаму вызваленьню. Ёка кажа, што адказаў з Адміністрацыі прэзыдэнта яна яшчэ не атрымлівала.

«Калі трэба было сыходзіць, нам было вельмі цяжка. І Даічы таксама», — кажа Ёка Ёшыда. — Ён паўтарае толькі адно: «Хутчэй бы адсюль выйсьці, хутчэй бы дахаты».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG