Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускаму прафсаюзу РЭП забаранілі праводзіць пікеты да Дня Канстытуцыі


Генадзь Фядыніч

Незалежнаму прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) мясцовыя ўлады забараняюць праводзіць пікеты да Дня Канстытуцыі. Пра гэта Свабодзе сказаў 13 сакавіка старшыня прафсаюзу Генадзь Фядыніч.

«Актывісты рэгіянальных суполак падалі заяўкі на правядзеньне 15 сакавіка 15 пікетаў. На дадзены момант ужо атрымана 12 адказаў ад мясцовых уладаў. І абсалютна ўсе яны адмоўныя. Думаю, што і астатнія тры будуць такія ж», — кажа Фядыніч.

Заяву аб выхадзе з прафсаюзу напісаў толькі адзін чалавек

Колькасьць чальцоў незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП), якіх Сьледчы камітэт апытаў у справе аб нявыплаце падаткаў, пераваліла за паўтысячы.

«У мяне склалася ўражаньне, што сьледчыя хочуць дазнацца: а ці сапраўды наш прафсаюз мае тую колькасьць людзей, пра якую заяўляе? І цяпер яны ведаюць — мае. Уявіце сабе, пад такім ціскам нашы актывісты трымаюцца. Пакуль была толькі адна заява аб выхадзе з прафсаюзу. І дзякуй Богу! І дзякуй людзям, якія трымаюцца за прафсаюз, які яны ж самі і стварылі», — сказаў Генадзь Фядыніч.

РЭПу не вяртаюць кампутары, чакаюць адказу з Швэцыі і Даніі

Ні кампутараў, ні іншай тэхнікі, сканфіскаванай улетку 2017 году, РЭПу дагэтуль не вярнулі. «Яны кажуць, што яшчэ не правялі экспэртызу ўсіх кампутараў. Ну колькі ж яе можна праводзіць?! Ужо ж прайшло больш за паўгода», — абураецца Фядыніч.

Апошні раз яму паведамілі, што сьледчыя напісалі лісты ў Швэцыю і Данію з просьбай дапамагчы ім разабрацца з гэтай справай.

«Ня ведаю, чаму абралі менавіта гэтыя краіны. Там знаходзяцца нашы сталыя партнэры па міжнародным аб’яднаньні прафсаюзаў прамысловых рабочых сьвету (IndustriALL). Але ж у нас такія ж сяброўскія адносіны і зь немцамі, і з італьянцамі, і шмат з кім яшчэ», — кажа прафсаюзны лідэр.

З гісторыі «справы прафсаюзу РЭП»

Кіраўніка прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і прафсаюзнага бухгальтара Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году, на іх завялі крымінальную справу аб нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. У той жа дзень пасьля ператрусаў у офісах РЭП Фядыніча вызвалілі, а Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка. Перад вызваленьнем з-пад варты 2 кастрычніка ў яго, як і ў Фядыніча, узялі падпіску пра нявыезд, а справу працягнулі яшчэ на 3 месяцы.

Апошні раз справу працягнулі да 1 траўня 2018 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG