Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнароднае аб’яднаньне прафсаюзаў асудзіла «масавыя допыты» чальцоў беларускага незалежнага прафсаюзу


Прафсаюз РЭП інфаграфіка

Міжнароднае аб’яднаньне прафсаюзаў прамысловых рабочых сьвету (IndustriALL) выказала падтрымку незалежнаму Беларускаму прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Пра гэта ў лісьце беларускім калегам паведаміў генэральны сакратар IndustriALL Вальтэр Санчэс.

Санчэс адзначыў, што IndustriALL «рашуча асуджае масавыя допыты» больш як 400 чальцоў Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці і лічыць, што такія дзеяньні Сьледчага камітэту «падрываюць давер да кіраўніцтва РЭПа, спрыяюць дыскрэдытацыі прафсаюзу і перашкаджаюць вядзеньню яго статутнай дзейнасьці».

У рамках гэтай акцыі IndustriALL, асацыятыўным сябрам якога ёсьць прафсаюз РЭП, заплянаваны шэраг мерапрыемстваў.

  • IndustriALL ужо зьвярнуўся ў Міжнародную канфэдэрацыю прафсаюзаў з прапановай аб супольнай місіі ў Беларусь, каб вывучыць сытуацыю на месцы, сустрэцца з прадстаўнікамі прафсаюзаў і ўраду.
  • Вядзе пастаянныя кансультацыі зь Міжнароднай арганізацыяй працы, каб сыстэматычныя парушэньні правоў прафсаюзаў заставаліся ў цэнтры ўвагі міжнароднай грамадзкасьці і міжнародных структур.
  • Арганізуе акцыю пратэсту супраць ціску на незалежныя прафсаюзы Беларусі. У пратэстах плянуецца ўдзел сяброўскіх арганізацый IndustriALL у краінах СНД і шэрагу эўрапейскіх краін.
  • Зьвернецца да сяброўскіх арганізацый у Эўрапейскім Зьвязе, каб тыя заклікалі парлямэнтароў і нацыянальныя ўрады накіраваць лісты кіраўніцтву Беларусі з патрабаваньнямі выконваць Канвэнцыі МАП у дачыненьні да правоў прафсаюзаў і правоў працоўных і спыніць крымінальны перасьлед Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка па надуманых падставах.
  • Накіруе ліст у аргкамітэт ІІ Эўрапейскіх гульняў, якія маюць прайсьці ў Беларусі ў 2019 годзе, з інфармацыяй пра ганеньні на незалежныя прафсаюзы і іх лідэраў.

Старшыня РЭП Генадзь Фядыніч спадзяецца, што міжнародная салідарнасьць вымусіць беларускія ўлады адмовіцца ад ціску на незалежныя прафсаюзы.

З гісторыі «справы прафсаюзу РЭП»

Кіраўніка прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і прафсаюзнага бухгальтара Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году, на іх завялі крымінальную справу аб нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. У той жа дзень пасьля ператрусаў у офісах РЭП Фядыніча вызвалілі, а Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка. Перад вызваленьнем з-пад варты 2 кастрычніка ў яго, як і ў Фядыніча, узялі падпіску пра нявыезд, а справу працягнулі яшчэ на 3 месяцы.

Апошні раз справу працягнулі да 1 траўня 2018 году. Сьледчыя дапыталі ўжо больш за 400 чальцоў незалежнага прафсаюзу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG