Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр прафсаюзу гарнякоў пра завал на «Беларуськаліі»: «Трэцяя трагедыя на тым самым месцы»


Заваленая шахта, здымак Сьледчага камітэту

Шахтар — адна з самых небясьпечных прафэсій. Штогод на «Беларуськаліі» гінуць людзі. За апошнія чатыры гады загінула каля дзясятка чалавек. Кіраўнік незалежнага прафсаюзу гарнякоў распавёў Свабодзе пра магчымыя прычыны аварыі на падземным горным участку 3-га рудаўпраўленьня «Беларуськалія», якая забрала жыцьці двух шахтараў.

«Прадвесьнікаў, папераджальных прыкметаў выкіду газу і солі не было»

Cтаршыня незалежнага прафсаюзу гарнякоў Сяргей Чаркасаў, які сам некалі шмат гадоў адпрацаваў якраз у трэцім рудаўпраўленьні, кажа, што адназначна і дакладна сьцьвердзіць, што там насамрэч адбылося, пакуль немагчыма. Ён размаўляў з тымі, хто працаваў побач, чытаў заключэньні спэцыялістаў, вывучаў дакумэнтацыю.

«Адбыўся выкід газу і солі. Цяпер з пэўнай доляй упэўненасьці можна казаць, што гэта мульдапарушэньне. Гэта горна-геалягічнае парушэньне, якое, на жаль, сустракаецца ў пародзе на трэцім гарызонце. Гэта прыродная зьява, якая цяпер дастаткова вывучаная і якая мае папераджальныя прыкметы, прадвесьнікі.

Чаму прадвесьнікаў не было гэтым разам, ці яны былі нейкія іншыя — цяпер на гэтае пытаньне наўрад ці хто зможа адказаць. І праз гэта загінула ўжо некалькі чалавек», — кажа Сяргей Чаркасаў.

Бурэньне пароды ў салігорскай шахце, архіўнае фота
Бурэньне пароды ў салігорскай шахце, архіўнае фота

З адным з загінулых, машыністам Максімам Івановым, Сяргей Чаркасаў шмат гадоў працаваў разам. Іваноў, кажа ён, вельмі дасьведчаны, спрактыкаваны чалавек і заўсёды выконваў усе патрабаваньні тэхнікі бясьпекі, бо гэта жыцьцё. І калі б сапраўды ён штосьці ня тое заўважыў, ён бы спыніў працу, перакананы Чаркасаў.

«Прыкметы, прадвесьнікі знаёмыя кожнаму шахтару: патрэскваньне, адскокваньне пароды. Калі ёсьць пэўныя прыкметы, спыняецца праца, выклікаецца зьменны пэрсанал у забой, аглядаецца вырабатка, прымаецца рашэньне, што далей рабіць. Экспэрты пакуль ня могуць нічога сказаць, бо яшчэ на сёньняшні дзень абсталяваньне, машыны яшчэ засыпаныя, ідзе разьбіраньне завалу», — сказаў лідэр незалежнага прафсаюзу гарнякоў Сяргей Чаркасаў.

На шахце праводзіўся экспэрымэнт?

Шахта, на якой днямі здарылася трагедыя, даволі доўга не выкарыстоўвалася. Інтэнсіўныя працы там вяліся ў 1980 — пачатку 1990-х гадоў. І былі спыненыя. А зусім нядаўна, на пачатку 2017 году, іх аднавілі.

Газэта «Калійшчык Салігорска» 23 лютага апублікавала артыкул «РУ-3: асаблівасьці горнага экспэрымэнту». Як пісала шматтыражка, «вядуцца работы па далейшай адпрацоўцы выемачнага слупа з выкарыстаньнем экспэрымэнтальнай тэхналёгіі. Гэта павінна дазволіць выцягнуць з-пад зямлі запасы карысных выкапняў, якія засталіся пасьля 1980-х. Новая тэхналёгія павінна зьнізіць тэхналягічныя страты».

У артыкуле таксама адзначаецца: «Пры падрыхтоўцы 22б заходняга слупа гарнякі зноў сутыкнуліся з шэрагам праблемаў горна-геалягічнага характару, зьвязаных з істотным горным ціскам на дадзеным участку. З той прычыны, што вырабаткі разьмешчаныя ў напружаным масіве, паміж двума слупамі (у якіх раней былі адпрацаваныя слаі 2, 3), вялікі горны ціск ускладняе вядзеньне падрыхтоўчых прац».

Старшыня незалежнага прафсаюзу гарнякоў Сяргей Чаркасаў пацьвердзіў, што сапраўды працы аднавіліся ў тым месцы нядаўна. Да таго ж, у тым жа месцы працавалі спэцыялісты Інстытута праблем рэсурсазахаваньня, якія ў тым ліку кантралявалі стан вырабатак.

Трэцяя трагедыя на тым самым месцы

Спадар Чаркасаў прыгадаў і два аналягічныя трагічныя выпадкі на гэтым самым участку.

«Падобная трагедыя была на пачатку 1980-х. Тады на зьмене было 3 чалавекі. Адзін знаходзіўся крыху далей, ён застаўся жывы. Двое ў выніку выкіду газу і солі загінулі. Гэта адбылося на тым жа 3-м рудніку 35 гадоў таму.

І зусім нядаўна, 3 студзеня 2017 году, загінуў 52-гадовы машыніст трэсту „Шахтаспэцбуд“ Уладзімер Штылёў — на тым жа ўчастку, на 13-м паўночна-заходнім слупе гарызонту мінус 620 мэтраў трэцяга рудаўпраўленьня. Яго прыціснула рудой — выкіду тады не было. Там якраз былі прадвесьнікі. Чалавек загінуў, калі разьбіраліся з наступствамі выкіду», — кажа Чаркасаў.

Расьсьледаваньне працягваецца

Як паведамляе Сьледчы камітэт, расьсьледаваньне трагедыі на шахце працягваецца. Вывучаецца вытворчая і тэхнічная дакумэнтацыя, працягваюцца допыты супрацоўнікаў і службовых асобаў. Каб вызначыць дакладную прычыну гібелі людзей, прызначылі судова-мэдычныя экспэртызы.

Аднак і цяперашнія, і былыя супрацоўнікі «Беларуськалія» кажуць, што тэхніцы бясьпекі цяпер аддаецца менш увагі.

Леанід Мархотка, праваабаронца, які шмат гадоў адпрацаваў на «Беларуськаліі», кажа, што часта размаўляе з гарнякамі, і ўсе яны адзначаюць, што ўмовы працы і тэхніка бясьпекі значна пагоршыліся. Менавіта на гэтым эканоміць прадпрыемства.

«Сродкаў на тэхніку бясьпекі, на ахову працы зараз укладаецца значна менш, эканомяць менавіта на тэхніцы бясьпецы. Хаця горная вытворчасьць заўсёды небясьпечная», — кажа спадар Мархотка.

Кілямэтровы знак на «Беларуськаліі», архіўнае фота
Кілямэтровы знак на «Беларуськаліі», архіўнае фота

Вядомыя інцыдэнты на «Беларуськаліі»

2014 год — моцны пажар

У Салігорску на глыбіні 440 мэтраў загарэлася абсталяваньне ў шахце на адным з руднікоў «Беларуськалія». У шахце ў гэты час было 467 гарнякоў. Выратавальнікам удалося іх эвакуаваць.

2015 год — 2 чалавекі загінулі

25 красавіка 2015 году ў шахце першага рудаўпраўленьня «Беларуськалія» адбыўся абвал вырабаткі на глыбіні мінус 264 мэтры. Там замянялі аркі. Загінуў 37-гадовы праходчык.

2 лістапада загінуў 27-гадовы рабочы, выконваючы плянавыя працы на адным з участкаў трэцяга рудаўпраўленьня. Адбылося моцнае выдзяленьне мэтану.

2016 год — 4 чалавекі загінулі

9 чэрвеня ў другім рудаўпраўленьні ішоў мантаж мэталяканструкцыі. Яна ўпала. Загінуў 27-гадовы рабочы.

12 чэрвеня пры буравых працах загінуў 53-гадовы рабочы.

26 кастрычніка працаўнікі падраднай арганізацыі падымаліся ў люльцы да месца выкананьня дахавых працаў. Люлька абарвалася. 27-гадовы рабочы загінуў на месцы. Яшчэ трое былі траўмаваныя.

14 лістапада загінуў 22-гадовы машыніст горна-вымальных работ. Ён рамантаваў тэхніку, якая забясьпечвае вырубку парод. Хлопца прыціснула режучым мэханізмам праходчага камбайна.

Салігорскія тэрыконы
Салігорскія тэрыконы

2017 год — 1 чалавек загінуў

3 студзеня на 13-м паўночна-заходнім слупе гарызонту мінус 620 мэтраў трэцяга рудаўпраўленьня загінуў машыніст трэста «Шахтаспэцбуд» 52-гадовы Ўладзімер Штылёў.

2018 год — 2 чалавекі загінулі

9 сакавіка на падземным горным участку № 10 рудніка 3-га рудаўпраўленьня пры выкананьні зарубкі на тэхналягічную збойку 22б заходняга слупа гарызонту мінус 620 мэтраў адбыўся раптоўны выкід солі і газу. Загінулі двое рабочых — Максім Іваноў і Дзьмітры Валькоў.

Штогод на «Беларуськаліі» гінуць людзі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:58 0:00

У Салігорску разьвіталіся з загінулымі шахтарамі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG