Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наш калгасны буржуа шукае экзотыку толькі за мяжой». Выйшла кніга пра містычны лес пад Менскам


Прынёманскія дзюны пад Беражнам у Налібацкай пушчы. Фота С. Плыткевіча.
Прынёманскія дзюны пад Беражнам у Налібацкай пушчы. Фота С. Плыткевіча.

Ёсьць думка, што Беларусь — гэта нешта суцэльна-аднастайнае, а гэта няпраўда. Беларусь гістарычна была вельмі разнастайнай. Але адметнасьць рэгіёнаў амаль што страчаная. Ужо каторы год гісторык Аляксандар Белы стварае рэгіянальныя брэнды і натхняе да гэтага іншых. У інтэрвію Свабодзе ён распавёў, навошта Беларусі свае «Баварыя» і «Бургундыя».

Аляксандар Белы не тэарэтык у тым, пра што кажа. 13 гадоў таму ён стварыў аграсядзібу «Марцінова гусь» у Валожынскім раёне, займаецца папулярызацыяй лякальнай гісторыі і кухні Беларусі, піша кніжкі і артыкулы. Апошнія гады гісторык апантаны ідэяй стварыць рэгіянальныя брэнд — «Налібацкая пушча».

«Беларусь павінна быць адной, але яна вельмі розная»

На Нацыянальным кніжным кірмашы ў пачатку сакавіка Белы прэзэнтаваў новую кнігу, якая мае стаць чарговай цаглінай у падмурак такой адбудовы — «Таямніцы Налібацкай Пушчы». Гэта міні-энцыкляпэдыя для дарослых і каляраванка для дзяцей пра рэгіён, які раскінуўся на тэрыторыі пяці раёнаў Меншчыны і Горадзеншчыны.

«У сутнасьці — гэта рэгіянальны гід для людзей, якія цікавяцца лякальнай гісторыяй і якім цікава падарожнічаць па Налібацкай пушчы і думаць пра гэты рэгіён менавіта як пра суцэльнасьць, як рэгіён з устойлівымі культурнымі сымбалямі мітамі», — кажа Белы.

Матэрыялы для кнігі гісторык зьбіраў больш за 10 гадоў. Кнігу ён называе пілётным праектам у справе паказу прыроднай прыгажосьці ды значнасьці рэгіёну для гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы, а таксама сусьветнага габрэйства.

Для Алеся Белага важна было знайсьці спонсараў кнігі сярод жыхароў рэгіёну. І гэта ўдалося. Гісторык перакананы, што ў Налібацкага краю павінна быць сваё калектыўнае жыцьцё.

«У нас з рэгіянальнымі брэндамі і сьвядомасьцю справы ідуць кепска. Пераважае думка пра Беларусь — гэта нешта сымбалічна адзінае і аднолькавае. Але ж гэта абсалютна не адпавядае гістарычнай рэчаіснасьці. Вядома, Беларусь павінна заставацца ўнітарнай у сэнсе палітычнага ладу, але ў культурным пляне Беларусь гістарычна была вельмі разнастайнай. І гэтая разнастайнасьць рэгіёнаў амаль што страчаная», — кажа Аляксандар Белы.

Найбольшую шкоду, паводле гісторыка, зрабіла стварэньне калгасаў і пазбаўленьне сялян уласнасьці ды ініцыятывы. Культываваўся вобраз Беларусі як адной вялікай вёскі, у якой адрозьненьняў паміж рэгіёнамі няма.

Белы супакойвае, што ў рэгіяналізьме, які ён прапануе, няма сэпаратызму. Ані Налібацкая пушча, ані Заходняе Палесьсе, на ягоную думку, не прэтэндуюць на аўтаномію і ня стануць у будучыні протадзяржавамі.

«Гаворка ж не ідзе, напрыклад, пра налібацкі субэтнас. Ёсьць і габрэйская гісторыя гэтага рэгіёну, і каталіцкая, і праваслаўная, і нават татарская. Я адчуваю аркестар розных культураў гэтага рэгіёну, які грае пэўную мэлёдыю», — кажа Белы.

Даволі некалькі чалавек, каб праца кіпела

З каляраванкі. У Пушчы дагэтуль распавядаюць лeгeнду, нібы самыя старыя тутэйшыя касьцёлы дапамагалі будаваць дрэсіраваныя мядзведзі.
З каляраванкі. У Пушчы дагэтуль распавядаюць лeгeнду, нібы самыя старыя тутэйшыя касьцёлы дапамагалі будаваць дрэсіраваныя мядзведзі.

І Заходняе Палесьсе, і Наваградчына, і Дзісеншчына або Сапоцкінскі край ці іншыя рэгіёны краіны маюць цікавую і адметную гісторыю, якая дагэтуль не прагучала. А гэта мае значэньне для разьвіцьця турызму.

«І найперш — унутранага. Распавесьці пераканаўча пра гэтую адметнасьць іншаземцам мы яшчэ ня хутка зможам. А зрабіць гэта для саміх беларусаў — магчыма. Але культываваньне гэтых адметнасьцяў — праца на дзесяцігодзьдзі. І пачынаць яе трэба ўжо зараз», — кажа Белы.

Галоўнае, на яго думку, каб у рэгіёнах былі актывісты і краязнаўцы, якія б культывавалі гэтыя вобразы. На цэлы раён даволі нават некалькі імпэтных людзей, якія б ініцыявалі працу і натхнялі іншых. Адным з прыкладаў ён называе Лепельшчыну, якая стварыла ўласны брэнд «Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў». У Лепельскім раёне створаны 155-кілямэтровы роварны маршрут. Ён адрасаваны найперш аматарам беларускай этнаграфіі і фальклёру, а таксама актыўнага адпачынку. Перамяшчацца паміж пунктамі можна на роварах, лодках і пешымі экалягічнымі сьцежкамі.

За апошнія 20 гадоў, распавядае Белы, і ў Налібацкай пушчы ўзьнікла нямала асяродкаў, дзе людзі ўласнымі сіламі робяць шмат. Нядаўна былая настаўніца Рамуальда Сабалеўская ўласнымі высілкамі зрабіла сьціплы музэй габрэйскай культуры Рубяжэвічаў. У Івянцы ёсьць прыватны музэй народнага скульптара Апалінара Пупкі. У Прудах каля Налібак людзі гуртуюцца каля мясцовага Дому рамёстваў, спрабуючы вярнуць мясцовасьці колішнюю славу рамесьніцкага асяродку.

Пруды — вёска майстроў

«Праблема ў тым, што дзяржаўныя ўстановы на ўсё гэта глядзяць вельмі кандова і бюракратычна. Нейскі час таму яны абвясьцілі пра стварэньне турыстычных зонаў. Але нават слова „зона“ для постсавецкага чалавека мае напаўкрымінальную канатацыю. І гэта невыпадкова. Гэта сьведчыць пра ўнутраную несвабоду, зь якой у нас усё і робіцца», — наракае Аляксандар Белы.

Ён нагадаў, як некалькі гадоў таму ў рамках праграмы, якую фінансавалі ПРААН і Эўразьвяз, у заходняй Беларусі было ўкладзена 17 турыстычных кірункаў: «Зэльвенскі дыярыюш», «Муховэцька Кумора», «Мірскае графства» ды іншыя. Усе яны, на думку Белага, утрымлівалі зерне рэгіянальных турыстычных брэндаў.

«Але Міністэрства спорту і турызму ўвогуле не заўважыла гэтай працы і паралельна стварала з-пад палкі праграму разьвіцьця турызму, у якой гэтая праца, зробленая мясцовымі актывістамі, увогуле не была заўважаная. Нібыта яе і не было. З гледзішча вэртыкалі ўся гэтая нізавая праца ня мае ніякай вартасьці», — гаворыць гісторык.

2018 год абвешчаны ў Беларусі Годам малой радзімы. Але гісторык мяркуе, што гучная назва можа аказацца чарговым раўндам «бюракратычнай балбатні».

«Беларусь разьвіваецца ў постмадэрнісцкім ключы, абсалютна ігнаруючы праявы мінулага»

Мапа Налібацкай пушчы, якую стварыў Алесь Белы
Мапа Налібацкай пушчы, якую стварыў Алесь Белы

Але як разьвіваць рэгіянальныя брэнды, калі ў многіх мясцовасьцях амаль не захавалася помнікаў архітэктуры, няма ані музэяў, ані рэстаранаў, а вёскі выглядаюць ідэнтычна? Пачынаць, на думку Белага, трэба з добраўпарадкаваньня ляндшафту.

«У Валожынскім раёне нешта ўжо робіцца. Дзякуючы часткова валянтэрам, часткова замежным грантам. Ужо каля 5 гадоў мы працуем над сеткай роварных маршрутаў „Валожынскія гасьцінцы“, „Эўравела-2“. Гэта найперш праца Менскага роварнага таварыства ў супрацы зь мясцовымі аграсядзібамі. Але ў Налібацкай пушчы трэба зрабіць яшчэ вельмі шмат, каб яна стала па-сапраўднаму прывабнаю», — мяркуе гісторык.

Галоўнае, што ёсьць гістарычная традыцыя, за якую можна зачапіцца, лічыць Белы. У Налібацкай пушчы гэта, напрыклад, гісторыя нёманскага плытніцтва. Налібацкі край — гэта таксама месца найбольш маштабнай мэталюргічнай вытворчасьці ў Вялікім Княстве Літоўскім. Вядомае канкрэтнае месца, дзе была гута, — гэта вёска Кляцішча ў Стаўпецкім раёне. Засталося некалькі кавалкаў дарог, высыпаных блакітнымі выгаркамі; дарогі, магчыма, неўзабаве зьнікнуць зусім. Ёсьць сьляды будаў, дзе выпальвалі вугаль для мэталюргіі.

Крыжы з чыгуналіцейнага заводу ў Кляцішчы на могілках у Налібаках.
Крыжы з чыгуналіцейнага заводу ў Кляцішчы на могілках у Налібаках.

«На могілках у Налібаках ёсьць кляцішчанскія крыжы, ёсьць нават цэлая экспазыцыя ў Івянецкім музэі. У Польшчы, напрыклад, такіх маршрутаў па старым гутніцтве вельмі шмат. А ў нас — ніводнага. Беларусь разьвіваецца ў нейкім постмадэрнісцкім ключы, абсалютна ігнаруючы канкрэтныя праявы мінулага», — гаворыць Аляксандар Белы.

Ён лічыць, што пачынаць трэба ад простых інфармацыйных стэндаў, нанясеньня ўсіх месцаў на мапы, правядзеньня пілётных экскурсіяў, прэс-тураў па гэтых мясьцінах.

Як перамагчы агіду да руінаў

Для разьвіцьця рэгіянальных брэндаў і турыстычных шляхоў патрэбная дапамога мясцовага насельніцтва. У чым карысьць ад брэндаў людзям, чый штодзённы клопат — гэта праца на полі, хатняя гаспадарка, сьвіньні і каровы?

«У ідэале людзі на гэтым турызьме мусяць зарабляць. Зарабляць на бульбе ў нашы часы даволі складана. Сельская гаспадарка павінна быць высокапрадукцыйнай. Грошы можна зарабляць толькі на ўнікальных нішавых падуктах, якія ня сталі полем дзейнасьці вялікіх прадпрыемстваў. А гэта таксама зьвязана з турыстыкай і рэгіяналізмам», — кажа гісторык.

Перадумовы для разьвіцьця турызму, законы і правілы, паводле яго, — гэта абавязак дзяржавы. Але ня менш важна выхаваньне ў гэтым ключы. На думку Белага, трэба штогод з частковым фінансаваньнем дзяржавы ствараць стымул для настаўнікаў геаграфіі, біялёгіі, літаратуры і гісторыі, каб было як мага больш школьных вандровак. Гісторык лічыць, што рэгіянальныя асаблівасьці трэба выкладаць у школе. І калі малады чалавек прызвычаіцца да гэтай цікаўнасьці да рэгіёну, то пазьней у дарослым жыцьці ён будзе цікавіцца ім ужо сам.

Возера Ляжанка ў Налібацкай пушчы
Возера Ляжанка ў Налібацкай пушчы

«А нашая буржуазія выхаваная такім чынам, што крытэрам пасьпяховасьці для яе ёсьць экзатычная вандроўка. Наш калгасны буржуа шукае экзотыку толькі за мяжой. А сваёй краінай гэтая квазібуржуазія моцна пагарджае. Усё мясцовае для яе — другаснае і ня вартае ўвагі. Гэта звычайная крывадушнасьць. І такая ж палітыка нашай дзяржавы. З аднаго боку паўсюль гэтыя сардэчкі „Люблю Беларусь“, а на асабістым узроўні крытэр пасьпяховасьці — гэта вырвацца зь Беларусі. Беларусь проста нецікавая сучаснаму пасьпяховаму постмадэрнісцкаму беларусу», — кажа Аляксандар Белы.

Пярэчу гісторыку, што ня кожны любіць катацца на ровары, есьці калдуны на лясной паляне і глядзець на на дарогу з блакітных выгаркаў ад руды. Як пераканаць «постмадэрнісцкіх беларусаў», якія падарожнічаюць па сьвеце, што гэта цікава і важна, калі ім гэта нецікава?

«Каб пераадолець інстыктыўную агіду да руінаў, да таго стану, у якім знаходзяцца нашыя гістарычныя аб’екты, трэба зрабіць над сабою высілак. Немагчыма гэтага зрабіць без першых крокаў. Любоў і каханьне заўсёды патрабуюць пэўнай працы душы. Пасьпяховы чалавек, які шмат падарожнічае па сьвеце, бачыць, як жывуць мэтраполіі ?, скажа: „Ну што гэта за ўзровень?“ Але ад канрэтных людзей, якія гэта робяць тут і цяпер, усё патрабуе вялікіх высілкаў. Так, шмат што сёньня ў руінах. Але калі людзі не пачнуць цікавіцца руінамі, то ніколі і нічога ня ўдасца аднавіць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG