Сырыйская групоўка «Джэйш уль-Іслам» узяла на сябе адказнасьць за зьбіцьцё самалёта Ан-26 з расейскімі вайскоўцамі на борце. Як сказана ў заяве «Джэйш уль-Іслам», па расейскім самалёце адкрылі агонь з кулямётаў, калі ён, заходзячы на пасадку, быў за сто мэтраў ад зямлі.
Раней у расейскім Міністэрстве абароны паведамілі, што на борце самалёта Ан-26, які пацярпеў катастрофу ў Сырыі, знаходзілася 39 чалавек. У ведамстве таксама заявілі, што ўсе, хто быў на борце, былі расейскімі вайскоўцамі.
Паводле вэрсіі Міністэрства абароны, прычынай катастрофы была тэхнічная няспраўнасьць. Атаку на самалёт у расейскім абаронным ведамстве выключаюць.
Спэцыяльная дасьледчая група Conflict Intelligence Team (CIT) назвала навіну аб адказнасьці «Джэйш уль-Іслам» за катастрофу Ан-26 фальшывай. Паводле інфармацыі CIT, прыхільнікаў і байцоў «Джэйш уль-Іслам» практычна няма ў правінцыі Ідліб і сумежнай зь ёю Латакіі, дзе знаходзіцца расейская база. Экспэрты ня здолелі выявіць запісаў аб зьбітым самалёце ні ў адным з акаўнтаў групоўкі ў сацыяльных сетках. Якія-небудзь дакумэнтальныя пацьверджаньні нападу на Ан-26 таксама адсутнічаюць.