Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Сталіна ў Горадні ў дэпутаты выбіралі


Нумар газэты «Правда», прысьвечаны пахаваньню Сталіна
Нумар газэты «Правда», прысьвечаны пахаваньню Сталіна

65 год таму памёр Ёсіф Сталін, дэпутат Гарадзенскага абласнога савету. 10 сакавіка 1953 году ў Горадні адкрылася першая сэсія аблсавету. Безь яго. Днём раней «бацьку народаў» занесьлі ў труне ў маўзалей, дзе ён стаў часовым суседам Леніна.

Сёньня гэта можа здавацца неверагодным, але хавалі таварыша Сталіна таксама дэпутаты менавіта Гарадзенскага абласнога савету. Як так магло здарыцца? Гэта вынікі своеасаблівай паказухі. 22 лютага адбыліся апошнія сталінскія выбары ў мясцовыя саветы. Была марозная сьнежная зіма. Паэт Міхась Васілёк напісаў верш з нагоды, «Народны кандыдат»:

«Воплескі грымелі,
Шумна было ў зале...
А з партрэта ветла
Усьміхаўся Сталін».

У сталіцы выбарчым вершам адгукнуўся Пятрусь Броўка. Назваў без «эківокаў» «Мы Сталіна славім»:

«Апусьцім жа дружна,
Вялікай сям’ёю
Свае бюлетэні, сябры,
За партыю нашу,
За Сталіна-сонца,
За яву вялікай пары!»

Мясцовы друк публікаваў прыпеўкі ў адпаведным стылі, на беларускай і на расейскай:

«Ради выборов в Советы
Глядит хата веселей —
Разукрашена цветами
И портретами вождей».

Сталіна, Молатава і Варашылава ў аблсавет вылучыў калектыў Гарадзенскага піваварнага заводу.

Ня ведаю, як каму, але, мне здаецца, выглядае даволі сьмешным, што Сталіна, Молатава і Варашылава ў аблсавет вылучыў калектыў піваварнага заводу (які спыніў у нашы дні сваё існаваньне). Гэта была Калінінская выбарчая акруга N6.

Пытаньне: чаму піўзавод вылучаў Сталіна? У мяне толькі адно тлумачэньне. Напярэдадні, у 1952 годзе, быў адбудаваны для абкаму партыі Новы замак. З порцікам, вялікімі калёнамі, з вымураванымі гербамі СССР і 16 саюзных рэспублік (тады існавала яшчэ Карэла-Фінская). Канечне, начальства разумела, што ў Сталіна няма часу, але цеплілася думка: а раптам наведаецца? У горад над Нёманам. Як сьвежаабраны мясцовы дэпутат.

Нумар газэты «Правда», прысьвечаны пахаваньню Сталіна
Нумар газэты «Правда», прысьвечаны пахаваньню Сталіна

Новы замак па высокім пагорку, пад ім рака, і на беразе — якраз піўзавод. Першую сэсію можна адкрыць якраз у Новым замку. І пахваліцца самаму галоўнаму дэпутату: раней тут каралі свае соймы праводзілі, а цяпер мы!

Сталіна навыперадкі вылучалі таксама ў іншых акругах Горадні і вобласьці.

Тыя апошнія сталінскія выбары былі своеасаблівымі. Сталіна навыперадкі вылучалі таксама ў іншых акругах. І ня толькі яго. Малянкова, Кагановіча, Берыю. У адпаведным нумары абласной газэты імя Сталіна сустракаецца 81 раз. Што да Хрушчова, яму было прызначана ў Горадні быць дэпутатам толькі гарадзкога савету.

Начальства тады працавала на адзін капыл, як было заведзена ў Крамлі, да позьняй ночы. Адна супрацоўніца «Гродзенскай праўды» мне расказвала, што пры Сталіне расклад дня быў такі: прыходзілі ў рэдакцыю як звычайна, затым разыходзіліся па дамах на абед і адпачынак, увечары вярталіся ў газэту і працавалі да паўночы. Яна была маладой супрацоўніцай і баялася заўсёды ўначы вяртацца дамоў.

На гарадзенскіх ўчастках транспаранты з надпісам «Да здравствует первый всенародный кандидат в депутаты — наш родной и любимый Сталин!»

22 лютага. Нарэшце дзень галасаваньня. Участкі адчыніліся а шостай раніцы. Выбаршчыкі чакалі на марозе. На ўчастках транспаранты з надпісам «Да здравствует первый всенародный кандидат в депутаты — наш родной и любимый Сталин!», партрэты. Вельмі пажадана было каля чырвонай скрынкі з гербам сказаць штось пра «любімага Сталіна» і «бацькоўскі клопат пра беларускі народ» альбо напісаць на бюлетэні. Пра шчасьце галасаваць «за кандыдатаў сталінскага блёку камуністаў і беспартыйных».

9 сакавіка на Краснай плошчы ў Маскве «паплечнікі» празь мікрафон разьвіталіся зь нябожчыкам і спусьціліся з Маўзалею. Малянкоў, Берыя і ўсе астатнія. Узялі труну і занесьлі ў дзьверы. Пад надпісам «Ленін» ніжэй зьявіўся ўжо новы — «Сталін».

Гэта было апоўдні. Б’юць куранты, гучыць артылерыйскі салют. І гудуць гудкі, тры хвіліны. Начальства выходзіць з маўзалею вонкі і зноў падымаецца наверх. Каб прыняць парад.

Назаўтра дэпутаты ў Горадні былі, зразумела, у жалобе, пастаялі ў хвіліне маўчаньня.Так Ёсіф Сталін ніколі й не зьявіўся на сэсіі абласнога савету ў Горадні. Берыя таксама.

Мясцовыя паэты адгукнуліся вершамі аб тым, як «закатилось солнце наших дней».

«Сталін гут! Гітлер капут!»

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG