Урад Расеі ніколі ня выдасьць грамадзянаў краіны, якіх Вашынгтон абвінавачвае ў хакерскіх нападах у пэрыяд перадвыбарчай кампаніі ў ЗША 2016 году, заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у інтэрвію, фрагмэнт якога апублікаваў амэрыканскі тэлеканал NBC.
«Я ведаю, што яны не прадстаўляюць расейскую дзяржаву, расейскія улады. Што менавіта яны рабілі, ня маю ўяўленьня. Калі яны і зрабілі нешта, дык няхай амэрыканскія калегі дадуць нам матэрыялы, дэталі і дадзеныя, мы іх вывучым», — прыводзіць «Інтэрфакс» выказваньне Пуціна на расейскай мове.
На пытаньне аб тым, ці экстрадуе Расея хакераў, Пуцін адказаў, што Расея ніколі не экстрадуе сваіх грамадзян, «гэтак жа як і ЗША».
У сярэдзіне лютага спэцпракурор Робэрт Мюлер, які вядзе расьсьледаваньне ўмяшаньня Расеі ў амэрыканскія выбары і магчымых сувязяў Дональда Трампа з расейскімі ўладамі, прад’явіў 13 расейцам і тром кампаніям абвінавачваньні ў «змове супраць ЗША» і «махлярстве». Сярод абвінавачаных, нароўні з прадпрымальнікам Яўгенам Прыгожыным, якога называюць сябрам прэзыдэнта Ўладзіміра Путіна,12 супрацоўнікаў кампаніі «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» (так званай «фабрыкі троляў»).
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com