Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачка «касіра Пуціна» расказала, як пуцінская дысэртацыя рабілася на ксэраксе


Уладзімір Пуцін і Ўладзімір Літвіненка (справа) ў лябараторыі Горнага ўнівэрсытэту, 26 студзеня 2015 году

У 2000, 2004 і 2012 гадах перадвыбарчы штаб цяперашняга прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ўзначальваў рэктар Горнага ўнівэрсытэту ў Пецярбургу, мільярдэр Уладзімір Літвіненка. На гэты раз ён таксама марыў стаць аднаасобным кіраўніком штабу і ўжо склікаў з гэтай нагоды прэс-канфэрэнцыю, аднак у Маскве вырашылі па-іншаму, і Літвіненка стаў толькі адным з чатырох сустаршыняў.

Прычына гэтага, хутчэй за ўсё, у тым, што апошнім часам Уладзімір Літвіненка трапіў у шэраг скандалаў. Нядаўна ён падаў пазоў да антыкарупцыйнага цэнтру «Transparency», сайту «Оффшорам-нет.ру», газэты «Деловой Петербург» і трох журналістаў — аўтараў публікацый пра яго нерухомасьць. Па выніках расьсьледаваньня «Мільярдэр з гары» рабілася выснова аб тым, што частка гэтай нерухомасьці раней знаходзілася ва ўласнасці дзяржавы і была перададзена Горнаму ўнівэрсытэту, а потым з дапамогай «інвэстыцыйных схем» была перапрададзеная. Літвіненку ўдалося дамагчыся, каб справа па яго пазове слухалася ў закрытым рэжыме.

Той жа Васілевостраўскі суд у Пецярбургу ў студзені прызнаў несапраўднымі расейскія пашпарты Вольгі Літвіненкі — дачкі рэктара-мільярдэра. Вольга Літвіненка з 2007 па 2011 год была дэпутаткай заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбургу, удзельнічала ў рабоце перадвыбарчага штабу Пуціна. Сем гадоў таму, пасьля канфлікту з бацькам, яна зьбегла з краіны. Яе дачка, Эстэр-Марыя, засталася ў Расеі. Вольга Літвіненка сьцьвярджае, што яе высокапастаўлены бацька выкраў ўнучку і зараз выдае за сваю дачку. Усе спробы Вольгі вярнуць дзіця аказваюцца марнымі. Цяпер яна жыве ў Польшчы і атрымала грамадзянства гэтай краіны.

Вольга Літвіненка
Вольга Літвіненка

Вольга Літвіненка дапамагла правесьці расьсьледаваньні, высновы якіх Уладзімір Літвіненка цяпер спрабуе аспрэчыць у судзе. 24 студзеня Вольга Літвіненка выступіла ў Сэйме Літвы. Яна дамагаецца ўключэньня свайго бацькі і яго сяброў у сьпіс Магніцкага. На 7 сакавіка прызначаны яе выступ у парлямэнце Эстоніі.

Вольга Літвіненка называе свайго бацьку адным зь «ценявых касіраў» Пуціна. Яна тлумачыць, што Пуціна і Літвіненку шмат што зьвязвае, у тым ліку дысэртацыя, у якой дасьледчыкі знайшлі плягіят.

«Пуціну ён пісаў асабіста гэтую дысэртацыю»

— Пуціну ён пісаў асабіста гэтую дысэртацыю. 1997 год, лета, да нас на дачу завезьлі ксэракс, мой бацька ўзяў адпачынак. Пуцін ніколі не зьяўляўся ў нас на дачы, ніколі не кансультаваўся з маім бацькам аб дысэртацыі, то бок, гэта не было так, што прыходзіць асьпірант да прафэсара: у мяне ёсьць такія пытаньні, давайце абмяркуем, перапішыце і гэтак далей. Не, тут гэтага зусім не было. То бок усё гэта напісаў выключна мой бацька. І вось як гэта рабілася: браліся розныя кнігі, нейкі абзац падабаўся, значыць мы кладзём гэтую старонку на ксэракс, потым ён выразаў тое, што яму спадабалася, наклейваў на аркушы фармату А4, дадаваў свой камэнтар і далей ішоў які-небудзь іншы абзац. Усё гэта я бачыла, гэта было на маіх вачах.

— Амэрыканцы знайшлі адзін з крыніц — кнігу 1979 года. Напэўна, ваш бацька не падазраваў, што плягіят можна будзе так проста вылічыць.

Ён думаў, што гэта проста зачыніцца дзе-небудзь у архіве.

— На той момант ён думаў, што гэта проста зачыніцца дзе-небудзь у архіве. Я працавала ў першым штабе Пуціна, і да нас прыйшоў журналіст «Вашынгтон Пост». І ён сказаў: я хачу азнаёміцца з аўтарэфэратам дысэртацыі будучага прэзыдэнта. Рэктар сказаў: не, гэта стратэгічны, звышсакрэтны дакумэнт, мы яго не можам паказваць заходнім СМІ. Журналіст кажа: «Гэта няправільна, я буду тут сядзець да таго часу, пакуль вы не дасьце мне азнаёміцца з дысэртацыяй, я маю на гэта права». Пасьля гэтага інцыдэнту ў Горным зьявілася ахова, якая адсейвала іншадумцаў.

— Колькі заплаціў за дысэртацыю Пуцін?

Іх усё жыцьцё злучалі розныя бізнэс-інтарэсы.

— Ня ведаю, але можа быць, што бацька яму нават напісаў бясплатна. Па-першае, гэта яго стаўленік на пасадзе рэктара, у іх сумесны бізнэс, і не адзін. Таму мне здаецца, тут не ішла гаворка аб пэўнай грашовай суме. Магчыма, гэтая была падзяка майго бацькі за дапамогу ў атрыманьні пасады рэктара. Плюс іх усё жыцьцё злучалі розныя бізнэс-інтарэсы. Акрамя рэдказямельных мэталаў, там нафта, золата, брыльянтавы бізнэс. «Transparency» добрае расьсьледаваньне правяла, але гэта толькі вяршыня айсбэрга, што на самой справе рабіў і робіць мой бацька.

— І ні разу ніхто ў інстытуце не спрабаваў збунтавацца, сумленьне нікога не зачапіла?

— Быў адзін прафэсар, я не хачу цяпер называць яго імя. Потым хуліганы на яго напалі пры вельмі дзіўных абставінах. Яшчэ адзін прафэсар выступаў супраць рэжыму: што няма ніякай волі ў Горным для выкладчыкаў і студэнтаў, а стаў нейкі рэжымны аб’ект. Яго таксама цкавалі па адміністрацыйнай лініі, не давалі нават праводзіць навуковыя дасьледаваньні. Але ў асноўным усе баяліся. Бо ўсё выдатна ведаюць, якія зьверствы можа тварыць мой бацька. Асабіста на маіх вачах ён зьбіў ахоўніка, які зь ім не павітаўся своечасова. Гэта страшны чалавек, яго сапраўды баяцца.

Уладзімір Літвіненка
Уладзімір Літвіненка

— Зараз суд у Пецярбургу завочна прызнаў несапраўдным ваш пашпарт. Што ўсё гэта значыць?

Мой бацька баіцца, што я вярнуся ў Расею.

— Проста мой бацька баіцца, што я вярнуся ў Расею. Ён прыдумаў такую справу, зусім абсурдную па сваёй сутнасьці. У Расеі Пуціна можна вяршыць любы абсурд. Мы цяпер абскардзілі гэтае рашэньне, таму спадзяюся, што пашпарт ўсё ж такі не анулююць. Хоць гэта той жа самы Васілевостраўскі суд, дзе прыняты ўсе абсурдныя рашэньні ў дачыненьні да мяне, дзе зацьвердзілі факт майго нібыта выкраданьня, са згоды якога арыштавана мая маёмасьць, са згоды якога ў мяне выкрадзена дачка, са згоды якога ў мяне хацелі адабраць сына. Цяпер у Васілевостраўскім судзе мой бацька судзіцца з «Transparency», з выданьнем «Деловой Петербург» і з журналісткай Ірай Панкратавай, якая правяла шыкоўнае расьсьледаваньне, заснаванае на рэальных фактах. Я сама прапанавала і «Transparency», і ўсім астатнім, што гатовая быць рэальным сьведкам, таму што я была асыстэнткай у майго бацькі, шмат што бачыла, многае ведаю і гатовая пацьвердзіць, што ўсё, што напісала «Transparency», — гэта поўная праўда.

Пачытаць больш можна тут.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG