Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідзе новае пакаленьне: нью-змагары і лукагіпстэры. І новая надзея


БРСМ зрабіў сваёй уніформай «вышымайкі»

Зьмена пакаленьняў няўмольна крочыць па Беларусі. На пэнсію пачынаюць сыходзіць тыя, каму ў год вяртаньня незалежнасьці ня было і сарака гадоў. І праўладнікі, і апазыцыянэры. На сцэну пачынаюць уваходзіць пазаўчорашнія дзеці. Невядома, ці будуць яны лепшымі. Але яны дакладна будуць іншымі.

Дзьмітры Гурневіч
Дзьмітры Гурневіч

Гэта біялягічны факт. Няхай 100 гадоў жыве пакаленьне нашых бацькоў, будзе актыўным і падказвае маладым, як не наступаць на старыя-новыя граблі. Ім рана казаць: мы зрабілі, што маглі, хай маладыя зробяць лепш. Але на нашых вачах адныя паступова аддаюць эстафэту іншым. Кіраўніком БТ прызначаны 40-гадовы, рэдактарам Нашай Нівы стаў 29-гадовы. Партыяй БНФ кіруе Рыгор Кастусёў, але ўсе мы разумеем, што Аляксей Янукевіч вядзе там рэй. Нават у марыянэткавай ЛДПБ Гайдукевіч-маладзейшы даўно зацьміў свайго бацьку, фармальнага кіраўніка партыі.

І ва ўладзе старых аксакалаў пачынаюць замяняць маладыя лукагіпстэры

Зьмена пакаленьняў відавочная і ў мітусьні вакол 100-годзьдзя БНР. Старэйшыя не зьбіраюцца верыць уладзе, якой супрацьстаялі 20 гадоў. Спачатку яны сумняваліся, што ўлады дадуць дазвол на канцэрт, а калі тыя далі, то лічаць, што тут нейкі падвох. А можа адна з прычынаў у тым, што і ва ўладзе старых аксакалаў пачынаюць замяняць маладыя лукагіпстэры?

Яны ўжо ў калідорах улады. У добрых касьцюмах і з моднымі прычоскамі. Усе гэтыя выпускнікі Акадэміяў кіраваньня пры прэзыдэнце, гадаванцы БРСМ, або проста дзеці чыноўнікаў. Улада зашчапіла ім пачуцьцё ляяльнасьці, але гэта ўжо не савецкі страх, дрыжыкі перад начальнікам і выкананьне заданьняў любой цаной. Яны могуць надзець на 7 лістапада піянэрскі шалік, але ён ужо не чырвонага колеру. Могуць ускласьці кветкі пад помнікам Леніну, а потым жалобным голасам стануць распавядаць у камэру БТ, чаму прыйшлі на суботнік у Курапатах.

Гэта новае пакаленьне, якое выгадавалася пры Лукашэнку, і пачынае запаўняць дзяржустановы.

А ведаеце, што іх яднае з новым пакаленьнем змагароў (пішу гэтае слова без долі іроніі)? Жаданьне дамаўляцца і самы звычайны прагматызм у дасягненьні мэтаў.

З кім дамаўляліся ў Менгарвыканкаме Белавус і Янукевіч наконт 25 сакавіка? Зь нязначна старэйшымі за іх Скалабанам і Уральскім (дарэчы, усе гаварылі на беларускай мове). Нехта можа запярэчыць, што палітычнае рашэньне прымалася не імі, а яны яго толькі агучвалі. Але ўжо сама наяўнасьць гэтых маладых — адзін з фактараў прыняцьця такога палітычнага рашэньня. Маладая кроў разьмякчае бэтон. Я перакананы, што зьява, якую некаторыя называюць «мяккай беларусізацыяй» — гэта наступства сыходу бэтоннага пакаленьня ад Лукашэнкі, якое свае гадзіньнікі зьвярала з курантамі на Крамлі. Маладыя ўжо іншыя. Гэта адчуваю і я, як журналіст, калі маладзейшыя чыноўнікі не кідаюць слухаўкі, а часьцей спрабуюць зачараваць суразмоўцу на іншым баку. Нават цемрашалы пачынаюць паводзіць сябе інакш. Зьмест практычна той самы, але новая форма.

Жаданьне дамаўляцца не заўсёды будзе мець на мэце нацыянальную і палітычную згоду

Гэтыя зьмены — факт. Яны азначаць, што так званае новае пакаленьне змагароў зможа дамагацца з кожным днём значна больш, чым іх папярэднікі. Па адной прычыне — ім значна прасьцей будзе знайсьці агульную мову па іншым баку, бо за плячыма ў іх ня будзе такога палітычнага багажу папярэднікаў, зь недаверам і адкрытай варожнасьцю. Не заўсёды, але часьцей. Аднак жаданьне дамаўляцца, якое мы будзем назіраць усё часьцей, не заўсёды будзе мець на мэце нацыянальную і палітычную згоду. Кар’еру, амбіцыі, грошы і прагу ўлады ніхто не адмяняў. Проста мэханізм іх здабыцьця, рэалізацыі і захаваньня лукагіпстэрамі ўлады будзе станавіцца значна больш прагматычным, з пэўнымі саступкамі. І ня кожны кампраміс з боку новых змагароў будзе сьведчыць пра слабасьць або здраду. Проста гульня будзе станавіцца ўсё больш тонкай і хітрэйшай. І гэта адна з надзеяў на перамены без барыкадаў каля Дому ўраду.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG