Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь разьвіваецца амаль у пяць разоў павольней, чым увесь сьвет


Эканамічная нарада ў Аляксандра Лукашэнкі разьвеяла міты і паказала гаротны стан беларускай эканомікі. Здавалася б, калі такія правалы ва ўсёй гаспадарцы, то трэба рабіць нейкія радыкальныя захады ў палітыцы ці мяняць урад. Але не. Тыя ж самыя людзі будуць рабіць тое ж самае, што і раней. З тымі ж вынікамі. Такое фатальнае беларускае зачараванае кола.

Лукашэнка не зьбіраў падобнай нарады ўжо пяць гадоў. Хоць летась некалькі разоў яна стаяла ў прэзыдэнцкім графіку, але так і не была праведзеная. Бо сам кіраўнік дзяржавы адчувае, што гэткія формы працы з высокім чынавенствам ужо даўно не працуюць. Калі казаць пра ўласна эканамічны бок справы, то чыноўнікі ўжо даўно прызвычаіліся і адаптаваліся да грозных вокрыкаў, загадаў, і ўсё гэта мала ўплывае на рэальныя працэсы ў краіне. І з гледзішча піяру гэта не дае ўжо ранейшага эфэкту. Бо за 24 гады адзін і той жа спэктакль усім надакучыў, нават пры таленавітым акторы ў галоўнай ролі. Таму ўсё ператварылася ў сумны рытуал.

Самы галоўны сюжэт нарады прагучаў у самым пачатку. І ён стаў вельмі адметным. Апошнія гады Лукашэнка ўвесь час тлумачыў праблемы ў беларускай эканоміцы вонкавымі прычынамі. Маўляў, крызіс ва ўсім сьвеце, ад нас мала што залежыць. Нават формулу вывеў: 80% нашых сацыяльна-эканамічных праблем — ад сусьветных катаклізмаў і толькі 20% — ад недапрацовак ураду.

Такой шчырай ацэнкі эканамічнай сытуацыі і самавыкрыцьця з вуснаў Лукашэнкі мы даўно ня чулі. Ён фактычна прызнаў, што шмат гадоў хітраваў, казаў, мякка кажучы, ня тое, што ёсьць насамрэч.

І вось нарэшце настаў момант ісьціны. Такой шчырай ацэнкі эканамічнай сытуацыі і самавыкрыцьця з вуснаў Лукашэнкі мы даўно ня чулі. Ён фактычна прызнаў, што шмат гадоў хітраваў, казаў, мякка кажучы, ня тое, што ёсьць насамрэч. Паводле БелТА, кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што за сем гадоў усясьветны ВУП вырас на 25%, у той жа час рост ВУП Беларусі недацягнуў нават да 6%. Прычыны, якімі ўрад тлумачыць такую сытуацыю — фінансавы крызіс, каньюнктура — зьяўляюцца проста адгаворкамі. «Калі мы расьцём больш павольна, чым іншыя, значыць, мы адстаём. Адстаём ад сьвету ў разьвіцьці, тэхналёгіях і, вядома, узроўні жыцьця людзей». Гэтае прызнаньне дарагога каштуе. Аказваецца, Беларусь апошнія сем гадоў разьвівалася амаль у пяць разоў павольней, чым увесь сьвет. Гэта ўсё, што трэба ведаць пра беларускую сацыяльную мадэль.

З выступу Лукашэнкі вынікае, што ўсе нібыта дасягненьні ў сацыяльна-эканамічнай сфэры, пра якія кожны дзень апавядаюць дзяржаўныя мэдыя — гэта фікцыя.

Увесь 2017 год афіцыйныя асобы, уключна з самім Лукашэнкам, цьвердзілі пра «пазытыўную дынаміку» ў эканоміцы, рост валавых паказьнікаў. Але вось паводле сацыялягічных апытаньняў, праведзеных дзяржаўнымі службамі, палова жыхароў краіны лічыць, што летась сацыяльна-эканамічная сытуацыя працягвала пагаршацца, каля 40% апытаных зьмен не заўважылі. Гэта значыць, 90% насельніцтва ва ўпор ня бачаць гэтай «пазытыўнай дынамікі».

З выступу Лукашэнкі вынікае, што ўсе нібыта дасягненьні ў сацыяльна-эканамічнай сфэры, пра якія кожны дзень апавядаюць дзяржаўныя мэдыя — гэта фікцыя.

Дзяржаўныя мэдыя радасна паведамілі, што сярэдні заробак у сьнежні склаў 995 рублёў. То бок фактычна даручэньне Лукашэнкі аб заробку ў 1 тысячу рублёў выкананае. Але сам кіраўнік дзяржавы вельмі скептычна ставіцца да гэтага «дасягненьня»: «Вы ж літаральна выціснулі з прадпрыемстваў гэтую сярэднюю тысячу ў канцы году. Але дзьве траціны насельніцтва практычна гэтага заробку ня бачылі. У паловы — ніжэйшы за 650 рублёў. А 10% насельніцтва краіны змаглі зарабіць ня больш за трыста рублёў... Паводле маёй інфармацыі, дасягненьне і ўтрыманьне ў 2018 годзе заробку на ўзроўні тысячы рублёў не пацьвярджае ніводная з абласьцей». Плюс да ўсяго, «закрэдытаванасьць рэальнага сэктару расьце». Значыць, узялі крэдыты, каб выплаціць патрэбны заробак адзін месяц і выканаць заданьне Лукашэнкі.

Яшчэ адна фікцыя. Урад і аблвыканкамы далі справаздачу аб выкананьні пляну ў стварэньні высокапрадукцыйных працоўных месцаў. Насамрэч такіх месцаў — прыкладна 5% ад створаных. «А мясцовыя выканкамы бачаць задачу — трымаць і не звальняць».

Эканамічныя ўлады адрапартавалі аб скарачэньні замежнага доўгу. Лукашэнка канстатуе: дзяржаўны доўг расьце хутчэй, чым эканоміка. «Пагасілі $2,3 млрд, а ўзялі амаль $3,5 млрд».

Падобная сытуацыя з інфляцыяй. Афіцыйна яна склала ў 2017 годзе 4,6%. Лукашэнка абвяргае: «Людзям усё роўна, якая ў нас у краіне сярэдняя інфляцыя. Яны робяць высновы па цэнах на тавары, якія купляюць кожны дзень. А там рост як мінімум на 8-10% за год. А калі паслугі сюды дадаць, то і больш».

Засталося даць адказ на пытаньне: хто ў гэтым вінаваты? Адказ відавочны, і большасьць беларусаў яго ведае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG