Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У абласных цэнтрах Беларусі пройдуць сустрэчы са Сьвятланай Алексіевіч


Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота
Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота

Увесну ў абласных гарадах Беларусі будуць арганізаваны адкрытыя творчыя сустрэчы са Сьвятланай Алексіевіч, паведамляе БелаПАН са спасылкай на Віктара Бабарыку, партнэра выданьня кніг нобэлеўскай ляўрэаткі на беларускай мове.

Па словах Бабарыкі, сустрэчы з Алексіевіч у абласных цэнтрах мяркуюцца на сакавік-красавік.

«Мяне зьдзіўляе, што мы так ганарымся нашымі спартовымі перамогамі, але на інтэлектуальным фронце ганарыцца мы саромеемся. Я ня думаю, што чэмпіён сьвету па нейкім відзе спорту больш унікальны за нобэлеўскага ляўрэата», — сказаў Бабарыка.

Сустрэчы Алексіевіч з чытачамі будуць праходзіць у межах краўдфандынгавай кампаніі па выданьні кніг пісьменьніцы на беларускай мове. Таксама ў межах падтрымкі праекту Белгазпрамбанк абяцае падтрымаць выданьне дадатковага 15-тысячнага накладу, які маюць перадаць у абласныя і раённыя бібліятэкі Беларусі.

У лютым на сайце Ulej.by пачаўся збор грошай на калекцыйнае беларускамоўнае выданьне цыклю «Галасы ўтопіі» Сьвятланы Алексіевіч, ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі па літаратуры за 2015 год. У межах цыклю кнігу «Ў вайны не жаночы твар» плянуюць выдаць без ранейшых цэнзарскіх правак. Унёсшы ад 17 да 19 рублёў, можна замовіць адну кнігу з цыклю з дастаўкай за кошт пакупніка. Увесь цыкль зь пяці кніг будзе каштаваць 70 рублёў, або 140 рублёў за вэрсію ў драўляным кейсе. Фундатары праекту атрымаюць запрашэньне на прэзэнтацыю цыклю. Выданьне цыклю заплянавана на травень і прымеркавана да 70-годзьдзя Сьвятланы Алексіевіч (дзень народзінаў — 31 траўня).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG