Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус адзін пройдзе на лыжах 400 км праз усю Ісьляндыю. Зь бел-чырвона-белым сьцягам


Кірыл Якімовіч, за хвіліну да старту

Беларус Кірыл Якімовіч пачаў свой самотны маратон па замерзлай лаве ў Ісьляндыі. Ён рушыў у шлях зь мясцовасьці Блёндуос на ўзьбярэжжы Паўночнага Ледавітага акіяну. Завяршыць вандроўку Якімовіч зьбіраецца ў Скоўгары на поўдні выспы. Ідзе адзін, зь бел-чырвона-белым сьцягам, які пашыла жонка.

Кірыл Якімовіч жыве ў Празе. Ён горны гід, які якраз цяпер рыхтуецца атрымаць міжнародную кваліфікацыю UIMLA. Перад тым, як надзець лыжы, ён адказаў на пытаньні Свабоды.

— Кірыл, адкрыйце таямніцу, што трэба зрабіць чалавеку, каб прымусіць яго аднаго ісьці 400 км на лыжах у краіне на канцы сьвету?

Кірыл Якімовіч
Кірыл Якімовіч

— Я толькі пачынаю, і ня факт, што ўсё ўдасца. Вельмі цяжкая тэрыторыя, вельмі цяжкія ўмовы. Як толькі нешта пойдзе ня так, у мяне ёсьць магчымасьць сысьці на палове маршруту і вярнуцца. Але я маю дастаткова досьведу для таго, каб лічыць, што ўсё атрымаецца. У Рэйк’явіку ўчора было +7 і ўсе хадзілі бяз шапак, а за 20 км ад сталіцы ляжыць сьнег. Гэта новая выспа, і некаторыя рэльефы маладзейшыя за чалавека на 10 тысяч гадоў. Лававыя палі, мікрарэльефы, рэкі. Гэта даволі цяжка, і з сабою не пацягнеш усяго таго, што людзі бяруць у звычайныя сьнежныя паходы, з санкамі-валакушамі. Я рыхтаўваўся два гады.

— За колькі плянуеце прайсьці трасу?

— Усё залежыць ад умоваў. Сам я даволі хуткі, у мяне досьвед ўльтрамаратонаў, я неблагі лыжнік і маю няшмат рэчаў. Плянаваў, што ўвесь адцінак, плюс-мінус 400 кілямэтраў, прайду за 10-12 дзён. Усё залежыць ад надвор’я і становішча рэк. Бо іх даводзіцца абыходзіць або пераходзіць.

— Кірыл, чаму вы ідзяце адзін?

— Для мяне гэта прасьцей. Ісьці аднаму і разьлічваць толькі на сябе. Са сваім тэмпам. Я даволі шмат вадзіў групы ў гарах апошнія гады, і таму для мяне гэта будзе адпачынак.

— Ісьляндыя — гэта не цэнтральная Эўропа, дзе хоць недзе параскіданыя вёскі, гарады. Ваш маршрут — гэта суцэльная пустэльня. Як у вас прадумана пытаньне бясьпекі?

Кавалак маршруту Кірыла Якімовіча, зьняты ім з самалёту
Кавалак маршруту Кірыла Якімовіча, зьняты ім з самалёту

​— Зімой на гэтай трасе нікога няма. Улетку там так званыя F-трасы, па якіх езьдзяць здаровыя джыпы зь вялізнымі коламі. Яны пераяжджаюць некаторыя рэкі ўброд. Там ёсьць тэрмальныя крыніцы, людзі купаюцца. Але лета тут — гэта ліпень і жнівень. І сьнег там то ляжыць, то растае, што яшчэ горш. А цяпер самы адпаведны для мяне час. Сьнег яшчэ ёсьць, дні ўжо доўгія, як і ў нас. Надвор’е вельмі жорсткае. Моцнага мінусу тэмпэратуры быць не павінна, але вятры будуць жорсткія. Пры тэмпэратуры +5 можа дзьмуць вецер 100 км/г і валіць з ног.

— А дзе вы будзеце начаваць?

— У мяне цудоўны намёт, у ім і буду. Ён вытрымае і моцны вецер.

— А дзе вы будзеце цягам двух тыдняў здабываць ежу?

— Я ўсё маю з сабою. На дзень — 500 грамаў ежы. Усё вельмі смачна і збалянсавана. Мая вячэра — 140 грамаў залітыя 500 грамамі вады. Любы смак, нават ялавічына з бульбай.

Гатовы да маратону
Гатовы да маратону

— Нядаўна вы выстаўлялі ў сацыяльных сетках адмарожаныя ў гарах Аўстрыі пальцы. А што калі нешта здарыцца і патрэбная будзе пільная дапамога? Там жа няма нават мабільнай сувязі.

— У Ісьляндыі ёсьць адмысловая праграма, я зьмясьціў туды свой маршрут. То бок яны будуць мець са мною кантакт. Яны даюць у арэнду датчык PLB (Personal Location Beacon). Я маю свой уласны, спадарожнікавы. Калі нешта здараецца, то ты проста націскаеш кнопку, па цябе прылятаюць і забіраюць. Ёсьць такая кнопка, якая высылае інфармацыю маёй жонцы пра маё месцазнаходжаньне. Яна зможа пабачыць, дзе я на Google Maps з дакладнасьцю да 10 мэтраў. Іншая кнопка дашле ёй інфармацыю, што я знайшоў добрае месца для начлегу.

— Ісьляндыя пакрытая леднікамі. Гэта вельмі небясьпечныя мясьціны, дзе пад ільдом хаваецца пастка ў выглядзе вялізных ямаў.

— Там, дзе леднікі, ні ў якім разе нельга хадзіць аднаму. Я іду акурат паміж двума леднікамі. Там проста выключаная пагроза правалу пад лёд. Цяжкая сама паверхня. Лававыя палі часам нагадваюць заараную глебу. Зааралі палетак, але яшчэ не прабаранавалі. І навокал камякі застылай лавы, па якой амаль немагчыма ісьці. Часам трэба ісьці пару гадзін адзін кілямэтар, скакаць з каменя на камень. Узімку нават прасьцей, бо гэта засыпана сьнегам. Працуючы гідам, я ведаю, што трэба мець запасны маршрут, і я яго маю. Калі ўдасца, ён можа стаць камэрцыйным. Бо ўзімку па іх ня ходзяць.

— А колькі грузу вы будзеце несьці на плячах?

— 20 кг. Я чытаў пра памылкі, якія рабіліся да мяне. Некаторыя цягнулі па 40 кг і з гэтай прычыны за дзень праходзілі ўсяго па 10 км. Гэтая вага іх спыняла.

Рыштунак Кірыла Якімовіча ў Ісьляндыі
Рыштунак Кірыла Якімовіча ў Ісьляндыі

— А навошта было ляцець ажно ў Ісьляндыю, каб прайсьці 400 км? У Беларусі няма замерзлай лавы, але можна сабе прыдумаць таксама нялёгкі маршрут.

— Гэта чароўнае месца. Тры гады таму я быў тут з жонкай, і мы аб’ехалі выспу на машыне. Мы выходзілі на пару гадзін ад машыны і бачылі, наколькі гэта бязьлюднае, вельмі агрэсіўнае і абсалютна не прыстасаванае для жыцьця чалавека месца. Ісьляндыя — каралева мікрарэльефу. У Альпах гадзінамі ўваходзіш на гару і столькі ж спускаесься. А тут усё маленькае, мініятурнае. І гэта цікава. Дый даляцець у Ісьляндыю цяпер нескладана.

— Кірыл, а навошта такое рабіць? Гэта і некамфортна, і небясьпечна. Які ў гэтым сэнс?

— Бывае, што нешта западае ў галаву і не адпускае. Я жыў гэтай ідэяй два гады. Я шмат чытаў, даведваўся. Я ўзважваў амаль кожны элемэнт свайго рыштунку на кухонных вагах і ведаю, колькі важыць нож, лыжка і боты. Хадзіў па холадзе і адчуваў, што куртка слабая, што ў Ісьляндыю патрэбная лепшая. Жонка пашыла наш сьцяг, і я іду.

Кірыл Якімовіч з жонкай Натальляй Кузьняцовай у Ісьляндыі, 2015 год
Кірыл Якімовіч з жонкай Натальляй Кузьняцовай у Ісьляндыі, 2015 год

— А што трэба для таго, каб прайсьці такую трасу?

— Пакуль ня ведаю, бо яшчэ не прайшоў. Але я спадзяюся, бо маю запас энэргіі. Я трэніраваўся, ведаю сябе і думаю, што за дзень змагу праходзіць 30 ці больш кілямэтраў. Я таксама бегаю і ведаю, колькі сілы на гэта пойдзе. Паем, за ноч адпачну і далей. Калі ты заўсёды ў холадзе, калі адзіны прамень цяпла — гэта ты сам, гэта цікавы досьвед. Калі ты адкладзеш у ваду бутэльку з вадой — яна замярзае, і яе больш няма. Калі ты пакладзеш шакалядку ў заплечнік, то ты яе не зьясі. Яе трэба спачатку пакласьці ў кішэню, трохі пагрэць, а пасьля зьесьці. Гэта будзе для мяне нязвыклы досьвед, бо я чалавек сацыяльны, а Ісьляндыя — гэта ўсё ж адзінота. І гэта будзе для мяне самае вялікае выпрабаваньне — прабыць гэты час у адзіноце. Калі ты сьпіш на лаве, а над галавою паўночнае зьзяньне, гэта цяжка псыхалягічна. Гэта цяжка, але і цікава. Ты можаш разьлічваць толькі на сябе. Ідзеш у тэмпе ў якім хочаш. Свабода.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG