Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Канстанцін Каліноўскі, не Кастусь?


Вокладка кнігі Васіля Герасімчыка “Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда”. Выдавецтва “ЮрСаПрынт”: Горадня, 2018 год, 229 старонак, наклад 300.
Вокладка кнігі Васіля Герасімчыка “Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда”. Выдавецтва “ЮрСаПрынт”: Горадня, 2018 год, 229 старонак, наклад 300.

«Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда». Сама назва кнігі Васіля Герасімчыка запыняе вока. Чаму Канстанцін?

Ён даўно для нас Кастусь, навошта гэты крок назад? Аўтар тлумачыць. Ня ўсякага гэтае тлумачэньне можа задаволіць. Што Канстанцінам называлі яго ў сям’і, дзе карысталіся польскай моваю… Бо, калі разважыць, па-польску імя гучала ўсё роўна па-іншаму, як «Константы». Адным словам, аўтар адразу змог настроіць частку магчымых чытачоў калі ня супраць, дык скептычна, выклікаць насьцярогу.

Гісторыку з Горадні трэба было ня проста заявіць аб сабе

Што да мяне, я хутка адаптаваўся. Мне было зразумела, што маладому гісторыку з Горадні трэба было ня проста заявіць аб сабе першай сваёй кнігай, але зрабіць нейкі свой акцэнт, што датычыць яго героя. Кастуся ён зусім не адмаўляе, зазначаючы адно, што гэта народнае імя, якое Каліноўскі атрымаў пазьней. Пасьля сьмерці. Самае галоўнае, Васіль Герасімчык адразу пазначае тэму свайго дасьледаваньня, словамі Генадзя Кісялёва нагадваючы, што вакол Каліноўскага адбываецца ня проста спрэчка, а сапраўдная бітва. Гэтым словам амаль шэсьцьдзесят гадоў, але яны сёньня зноў надзённыя.

А самае галоўнае ў новай кнізе, што Герасімчык кінуўся ў змаганьне за Каліноўскага. І таму выглядае ня так істотным, што на вокладцы не стаіць прывычнае «Кастусь».

Мінулай вясною быў абвешчаны цераз інтэрнэт збор грошай на выданьне новай кнігі пра Каліноўскага. Тады, між іншым, можна было пачуць засьцярожлівае: маўляў, аўтар грашыў некалі «заходнерусізмам», і невядома чаго ад яго можна чакаць…

З краўдфандынгам не атрымалася

З краўдфандынгам не атрымалася. Герасімчуку давялося выдаць кнігу ўласным коштам. І не ў сталіцы, а ў прыватным выдавецтве ў Горадні. Яму хацелася абавязкова пасьпець да 180-й гадавіны з дня народзінаў Каліноўскага. Атрымалася.

Сярод знаўцаў кіраўніка паўстаньня 1863 году паявілася новае імя. Па словах гісторыка Андрэя Вашкевіча, які напісаў уступ да кнігі, спэцыялістаў па Каліноўскаму ў Менску тры-чатыры і ў Горадні можна назваць цяпер дваіх. Кніга своечасовая, паколькі вакол асобы Каліноўскага цяпер «больш ідэалёгіі, нэгатыву», сказаў Вашкевіч. Што да Герасімчыка, ён знаёміць з цікавымі матэрыяламі, з архіўнымі дакумэнтамі, са сваім аўтарскім поглядам. Публікуе некаторыя выказваньні кіраўніка паўстаньня з архіўных папер, зазначае Вашкевіч.
Што праўда, словы аўтара, што ён стараўся напісаць аб тым, як жыў Каліноўскі, што еў, чым хварэў, гучаць крыху па-рэклямнаму. Зьвестак аб гэтым няшмат, але гісторык іх знайшоў, выкарыстаў. І чытач ня можа не ацаніць гэтага.

Не вядомы нумар “Мужыцкай праўды” за нумарам шэсьць

У кнізе ёсьць нават пэўная сэнсацыя. Надрукаваны не вядомы шырокай публіцы нумар «Мужыцкай праўды» за нумарам шэсьць. На прэзэнтацыі кнігі ніхто ня здолеў запыніць аўтара: што значыць N6? Усім вядома, што ён быў, ёсьць, зьмест апублікаваны. Аднак Герасімчык зьмяшчае ў сваёй кнізе тэкст зусім іншага. Пры гэтым засяроджвае ўвагу на незвычайным моманце. У знойдзенай газэце сьцьвярджаецца ананімным аўтарам, які зьвяртаецца традыцыйна да «дзецюкоў», наступнае: «Зямля наша з вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся Літоўцы».

Як, што за небыліцы, непрыемна зьдзіўляюцца аматары гісторыі. Ня можа быць! Ці гэта ня фэйк? У кнізе аўтар, аднак, раскрывае крыніцу і дае сваё тлумачэньне «літоўцам» з «Мужыцкай праўды».

У 1989 годзе ў адным віленскім касьцёле быў знойдзены рукапісны тэкст, пазначаны як «N6 «Мужыцкая праўда». Зьмест зусім адрозьніваецца ад вядомага шостага нумару. Яго асаблівасьць ў тым, што гаворыцца чытачам — хто яны і як называецца іхні край, піша гісторык. Другая асаблівасьць: няма подпісу «Яська-гаспадар з-пад Вільні». Пры канцы тэксту пазначана -«Літоўскі правінцыйны камітэт» і дата — 12 кастрычніка 1862 году.

У Каліноўскім высьпела перакананасьць, што жыхары гэтай зямлі — беларусы

Чаму нумар ня трапіў у друк? Магчыма, што зьмяніліся пэўныя абставіны. Якраз пачаліся перамовы паміж Літоўскім камітэтам і варшаўскім, Цэнтральным, нумар прытрымалі, а пазьней надрукавалі зусім іншы. У час паўстаньня літоўцамі сялян Каліноўскі не называў, а ў «Лістах з-пад шыбеніцы», перад сьмерцю, ён зьвяртаўся да «мужыкоў Беларусаў». Васіль Герасімчык гаворыць, што для яго была важнай гэтая эвалюцыя. Як за вельмі кароткі час паўстаньня ў Каліноўскім высьпела і ўмацавалася перакананасьць, што жыхары гэтай зямлі — беларусы.

Чытач, загарнуўшы кнігу, застаўшыся сам-насам, можа зрабіць для сябе і такую выснову: што ў нашай сьвядомасьці менавіта Кастусь Каліноўскі пакінуў гэтае наша агульнае імя, зрабіў нас беларусамі. Ці, прынамсі, паклаў гэтаму пачатак.

Якія яшчэ высновы можа зрабіць сабе чытач з новай кнігі, якія я зрабіў? Любы дасьледчык ставіць перад сабой нейкую задачу, фармулюе ідэю. Напрыклад, за апошні час даводзілася чуць, што Каліноўскі ніякі не беларус, а быў палякам і змагаўся за Польшчу. Прачытаўшы Герасімчыка, яшчэ раз усьведамляеш, што такі погляд можна назваць недасьведчаным ці проста памылковым. Малады гісторык з фактамі ў руках тлумачыць, зь якой цяжкасьцю Каліноўскі змагаўся з Варшавай за асобны Літоўскі камітэт, калі рыхтавалася паўстаньне. Змаганьне было няроўным. Варшава ў рэшце рэшт перамагла. Каліноўскага зь Вільні «саслалі» у Горадню. Што, як вынікае са зьместу кнігі, у далейшым істотна пашкодзіла паўстаньню.

Варшава адумалася, пагадзілася прызначыць яго кіраўніком над усім нашым краем. Але, зразумела, было запозна.

Аўтар любіць Кастуся

Аўтар любіць Кастуся, перажывае, захапляецца. Але называе Канстанцінам. Што ж, можна «дараваць». І напэўна важна, наадварот, выказаць чалавеку падтрымку, заахвоціць. Як сказаў мне адзін з гісторыкаў: на жаль, мы бываем жорсткія адзін да аднаго, ня цэнім знаходак іншых, ня ўмеем радавацца чужым удачам.

Васіль паказвае, якімі няздольнымі выявіліся жандары пры пошуках Каліноўскага, менавіта не хаваючы захапленьня ім. Паказвае прыклады кансьпірацыі, без чаго нельга было рыхтаваць паўстаньне. Тым жа часам робіцца відавочным: пачуцьцё кансьпіратара аднойчы здрадзіла яму, калі запрасіў да сябе таго, праз каго яго нарэшце зловяць. Гэтым разам безь ніякай цяжкасьці. Мова пра Вітольда Парфіяновіча, зусім маладзёна. Вельмі верагодна, што іначай Каліноўскаму яшчэ ўдавалася б пэўны час хавацца.

Што для мяне асабіста яшчэ было цікавым у кнізе? Зьвесткі аб канфіскацыі «Мужыцкай праўды», «геаграфія». Асобнікі былі канфіскаваныя нават у Варшаве на Хмельнай вуліцы, дзе я люблю бываць у кавярнях. Ня ведаў, што нават там захоўвалі «Мужыцкую праўду» Кастуся Каліноўскага.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG