Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША заклікалі Расею пакараць усіх датычных да забойства Нямцова


Народны мэмарыял на месцы забойства Барыса Нямцова

Вашынгтон у гадавіну сьмерці Барыса Нямцова заклікаў расейскія ўлады пераканацца, што ўсе, хто датычны да забойства апазыцыйнага палітыка, арганізатары і замоўнікі, былі прыцягнуты да адказнасьці. Пра гэта паведамляецца на сайце Дзярждэпартамэнту ЗША.

У заяве адзначаецца, што Нямцоў быў «вядучай фігурай дэмакратычнага руху», які «прысьвяціў сваё жыцьцё служэньню грамадзтву і паставіў сабе за мэту зрабіць Расею больш квітнеючай і свабоднай». Памяць пра Нямцова натхняе расейцаў ды іншыя народы па ўсім сьвеце ўдзельнічаць «у цяжкай, часам небясьпечнай барацьбе за справядлівасьць, дэмакратыю і адказны ўрад», гаворыцца ў заяве амэрыканскага замежнапалітычнага ведамства.

ЗША заклікаюць расейскі ўрад выконваць свае абавязаньні ў абароне ўсеагульных правоў чалавека, у тым ліку свабоды выказваньня думак, свабоды на мірныя сходы і свабоды на стварэньне асацыяцый.

У Вашынгтоне сёньня адбудзецца афіцыйная цырымонія адкрыцьця плошчы Нямцова. Гарадзкая рада ў пачатку студзеня аднагалосна прагаласавала за паскораны парадак прыняцьця законапраекту аб прысваеньні імя Нямцова плошчы перад расейскім пасольствам.

Маскоўскія ўлады, якія доўга змагаліся з ушанаваньнем памяці Барыса Нямцова, на мінулым тыдні дазволілі павесіць памятную дошку на доме, дзе жыў палітык.

25 лютага ў Расеі прайшлі акцыі памяці Барыса Нямцова. У іх узялі ўдзел тысячы чалавек.

Барыс Нямцоў быў застрэлены на Вялікім Маскварэцкім мосьце 27 лютага 2015 году. Прысуд у справе аб яго забойстве вынесьлі ў ліпені мінулага году. Выканаўцу забойства Заўрыха Дадаева асудзілі на 20 гадоў турмы, чацьвёра саўдзельнікаў атрымалі ад 11 да 19 гадоў. Заказьнік злачынства дагэтуль не ўстаноўлены. Родныя і паплечнікі апазыцыянэра настойваюць, што да яго забойства датычны кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG