Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хочам пабачыць яго новыя фільмы. У Менску прайшла акцыя салідарнасьці са зьняволеным у Расеі рэжысэрам Сянцовым


У Менску 26 лютага адбылася вечарына ў падтрымку ўкраінскага рэжысэра, палітвязьня Алега Сянцова, асуджанага ў Расеі.

Акцыю зладзілі беларускі ПЭН-цэнтар, менскі культурны цэнтар «Корпус» і расейская ініцыятыва «РосУзник» у рамках сусьветнага Дня супраціву расейскай агрэсіі ў Крыме, да якога былі прымеркаваныя акцыі ПЭН-Амэрыка ў падтрымку Алега Сянцова ва ўсім сьвеце.

На сустрэчу прыйшлі каля ста чалавек — пераважна актывісты апазыцыі, праваабаронцы, студэнты.

Максім Жбанкоў
Максім Жбанкоў

«Украінская культура і мастацтва для мяне заўсёды былі крыніцай волі. У Кіеў, Львоў і Ужгарад я прыяжджаў па паветра свабоды. Гэтым паветрам была прасякнута ўся шматгадовая традыцыя ўкраінскага року, гісторыі кінарэжысэраў Ільленкі і Параджанава, што было сымбалем супраціву савецкаму прыгнёту культуры. Гэты супраціў зараз працягваецца творчасьцю Алега Сянцова», — сказаў ініцыятар мерапрыемства, беларускі кінакрытык Максім Жбанкоў. На вечарыне салідарнасьці зь Сянцовым прысутным прадэманстравалі ягоны фільм «Гамэр».

«Гэта вельмі тонкая, акварэльная гісторыя, і нам вельмі хочацца паглядзець, што рэжысэр Сянцоў здыме потым», — сказаў Жбанкоў.

Актывістка ініцыятывы «РосУзник» Яна Ганчарова, якая вядзе перапіску з Алегам Сянцовым, заклікала пісаць лісты яму і іншым зьняволеным Крамля.

Яна Ганчарова
Яна Ганчарова

«Вельмі важна пісаць лісты, у іх у турмах няма нічога, у іх няма эмоцый, ім не дазволеныя нават каляровыя алоўкі, і лісты для іх — адзіная крыніца эмоцый. Галоўнае ў перапісцы — тое, што трэба навучыцца не баяцца. Пра гэта Алег Сянцоў казаў на судзе ў апошнім слове. Трэба супрацьстаяць ціску, таму што ён пачынаецца зь невядомага нам украінскага рэжысэра, а заканчваецца нашымі сябрамі і суседзямі», — сказала Яна Ганчарова.

На вечарыне ў Менску можна было падпісаць паштоўкі Алегу Сянцову і набыць ягоныя кнігі. Два апавяданьні Алега Сянцова нядаўна былі перакладзеныя на беларускую мову. Алег Сянцоў разам з Аляксандрам Кольчанкам былі затрыманыя расейскімі спэцслужбамі ў анэксаваным Крыме ў траўні 2014 году. Іх абвінавачваюць у арганізацыі тэрактаў на паўвостраве.

У жніўні 2015-га суд у расейскім Растове-на-Доне прысудзіў Сянцову 20 гадоў калёніі строгага рэжыму праз абвінавачаньне ў тэрарыстычнай дзейнасьці на тэрыторыі Крыму. Кольчанка атрымаў 10 гадоў калёніі. Абвінавачаныя віну не прызналі.

Сянцоў і Кольчанка прызнаныя праваабарончым рухам «Мэмарыял» палітычнымі вязьнямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG