Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацсеткі: у Сырыю прыбылі яшчэ два расейскія зьнішчальнікі Су-57


Усходняя Гута, 21 лютага 2018 году.

Сырыйскія актывісты паведамілі ў сацсетках аб прыбыцьці ў Сырыю яшчэ двух расейскіх зьнішчальнікаў Су-57. Сьцьвярджаецца, што самалёты прызямліліся на авіябазе Хмеймім.

Такім чынам, цяпер на авіябазе могуць знаходзіцца чатыры самалёты гэтай мадэлі. Аб прыбыцьці ў Хмеймім першых двух зьнішчальнікаў пятага пакаленьня стала вядома 22 лютага. Тады група расьсьледаваньняў Conflict Intelligence Team адзначыла, што Расея перакінула самалёты, нягледзячы на заявы прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна аб вывадзе войскаў з Сырыі.

Зьнішчальнікі, як мяркуюць сьледчыя, будуць дапамагаць сілам прэзыдэнта Сырыі Башара Асада ўсталяваць кантроль над Усходняй Гутой, дзе толькі за апошнія дні ахвярамі бамбаваньняў сырыйскіх войскаў сталі сотні мірных жыхароў.

Міністэрства абароны Расеі інфармацыю аб магчымым прыбыцьці ў Сырыю новых зьнішчальнікаў Су-57 пакуль не пракамэнтавала. У Мінабароны ЗША падкрэсьлілі, што разьмяшчэньне Су-57 у Сырыі супярэчыць заявам Расеі аб скарачэньні ў краіне вайсковага кантынгенту.

З 2014 года барацьбу з радыкальнымі ісламістамі ў Сырыі вядзе міжнародная кааліцыя на чале з ЗША. Кааліцыя падтрымлівае сілы сырыйскай дэмакратычнай апазыцыі. Расейская ваенная кампанія ў Сырыі пачалася 30 верасьня 2015 году. Кааліцыя неаднаразова абвінавачвала Маскву ў падтрымцы рэжыму Асада, якога краіны Захаду абвінавачваюць у масавых парушэньнях правоў чалавека.

Су-57 — расейскі шматмэтавы зьнішчальнік пятага пакаленьня. У дадзены момант ён праходзіць выпрабаваньні.

XS
SM
MD
LG