Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-5 прычын, чаму «народ ня хоча» беларускай мовы


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

«Народ ня хоча. Каб хацелі, ніякая палітыка б не спыніла. А так, рабіць для 1% усё па-беларуску? Ніхто гэтага ня хоча», — заявіў мой беларускамоўны знаёмы ўзросту каля трыццаці.

Палічым «1%» як штосьці ўмоўнае. Галоўнае, што я зразумеў: усё, што адбывалася ў Беларусі пакуль сталеў мой знаёмы, усе дзеяньні і словы прайшлі міма яго. А хутчэй за ўсё, міма цэлай генэрацыі, якая адкрывае для сябе ровар пад назвай «народ ня хоча». Думае, што адкрывае, а насамрэч паўтарае прапагандысцкае клішэ, створанае яшчэ ў другой палове 1990-х.

Неяк пісьменьнік Уладзіслаў Ахроменка распавёў гісторыю. Яны зь сябрам пісьменьнікам Максімам Клімковічам папрасілі таксіста пачакаць пару хвілін каб скончыць размову. Гаворка вялася пра нейкія бытавыя рэчы кшталту як спарадкаваць лецішча. Пасьля Ўладзіслаў сеў ды паехаў. Усю дарогу таксіст маўчаў. А калі Ўладзіслаў расплаціўся і сабраўся выходзіць, таксіст прамовіў: «Я тоже его ненавижу».

Гісторыя была б сьмешная, калі б не адлюстроўвала месца беларускай мовы ў сучасным грамадзтве. Беларуская мова ня проста сродак камунікацыі, ня проста частка гісторыі і культуры. Беларуская мова застаецца актыўным палітычным маркерам. Але пачнем з практычнага аспэкту, які, на першы погляд, з палітычным не зьвязаны.

1. Якая практычная будучыня? Уявім стандартныя турботы бацькоў. Беларускамоўны дзіцячы садок? А школа зь беларускай мовай навучаньня побач ёсьць? Не. Але, напрыклад, ёсьць. А пасьля школы які ВНУ? Пару гуманітарных і ўсё? Напрыклад, зьявіцца шэраг розных беларускамоўных ВНУ. А што далей з працай? Там жа ўсё па-расейску. Дзьвюхмоўе? Дзе: у войску, на атамнай станцыі, у хуткай дапамозе? Пытаньне вісіць у паветры і ўплывае на расейскамоўны выбар бацькоў.

2. Палітычнае таўро. Людзі бачаць, што «белмоўныя» — гэта перасьледаваная ўладамі група. Група палітычнай рызыкі. Магчыма, апошнія гады накрэсьліўся кірунак на дэпалітызацыю беларускай мовы, але пакуль вышэйшае кіраўніцтва на ёй публічна не загаворыць, да любых праяў «мяккай беларусізацыі» людзі будуць ставіцца зь недаверам. Навучаныя прыкладамі, калі «палітыка партыі» можа разварочвацца на 180 градусаў. Часта беларускамоўныя дома і ў сяброўскім коле людзі пераходзяць у публічнай прасторы на расейскую, «каб не сьвяціцца». Разам складаецца ўражаньне, што «народ ня хоча».

3. Інэрцыя. Побач ёсьць прыклад Кіева, дзе, ня гледзячы на зьмены прэзыдэнтаў, не зьмянялася палітыка ў адукацыі. Ад пачатку незалежнасьці ў 1991 школы і ВНУ стала пераводзіліся на ўкраінскую мову. Цяпер у Кіеве амаль усе школы ўкраінамоўныя. Ад'едзьце ад турыстычнага цэнтру Кіева ў спальныя раёны, пагуляйце там па сквэрах, крамах і кавярнях. Вам вельмі пашанцуе, калі пачуеце ўкраінскую мову. Хутчэй за ўсё, такім чалавекам будзе школьнік ці нядаўні школьнік. Большасьць людзей гавораць па-расейску. Чалавеку з узростам цяжка перабудоўваць сябе, зьмяняць звычкі. «Хай дзеці вучаць, а я ўжо так буду». Гэта я чуў і ў Беларусі. Што не азначае, што ўлада ня мусіць ісьці насустрач тым, хто актыўна патрабуе рэалізацыі сваіх правоў на адукацыю на роднай мове.

4. Шчырае нежаданьне. У выніку русыфікацыі, апагей якой прыпаў на 1970-я — пачатак 1980-х, у Беларусі вырасла ўжо не адно пакаленьне, гадаванае па-за кантэкстам беларускай мовы. Усё менш гарадзкіх дзяцей маюць магчымасьць спрычыніцца да жывой беларускай мовы ў вёсках, адкуль паходзіць іх род. Багата хто тых вёсак і ня меў ніколі, бо дзяды-бубулі прыехалі ў Беларусь па разьмеркаваньні. Хтосьці хоць і сам ад нараджэньня гаварыў па-беларуску, дзякуючы ідэалёгіі «савецкага інтэрнацыяналізму», канчаткова выкінуў зь сябе мову продкаў і ў такім рэчышчы выхоўваў сваіх дзяцей. Такіх грамадзян, якія катэгарычна супраць разьвіцьця беларускай мовы ў грамадзкім ужытку, па розных ацэнках можа быць да 30% насельніцтва.

5. Маніпуляцыі ўлады. Ня гледзячы на разьвіцьцё інтэрнэту, для старэйшай генэрацыі галоўным аўтарытэтам у інфармацыйнай прасторы застаецца тэлевізар. А Беларусь — краіна далёка немаладога насельніцтва. А яшчэ Беларусь — краіна вэртыкальнай і пірамідальнай структуры ўлады. А яшчэ ў Беларусі чыноўнікам заканадаўча дазволена не агучваць журналістам хоць якія статыстычныя зьвесткі, нават самыя бяскрыўдныя. Усё разам стварае ўмовы для маніпуляваньня грамадзкім меркаваньнем. Дадайце сюды чысты падман і будзе сучасная карціна. «Беларускамоўныя клясы? Не, у нас людзі ня хочуць». Памятаю багата гісторый пра тое, як энтузіясты зьбіралі, напрыклад, дваццаць подпісаў за адкрыцьцё беларускамоўнай групы ў садку. А пасьля з выканкаму абзвоньвалі бацькоў, казалі што астатнія ўжо ня хочуць і прасілі адклікаць свае подпісы. Плюс да ўсяго сёньня людзі яшчэ больш запужаныя, чым раней.

Выйсьце. Самае простае вырашэньне праблемы, прынамсі, на першасным этапе, гэта поўная легалізацыя прыватнай адукацыі. Усіх узроўняў: ад садка да ВНУ. Нас адзін працэнт? Ок, мы ў сваім адным працэнце самі тут сабе дамо рады, да дзяржавы просьба — не замінаць.

І вось тут самая галоўная «палітыка». Палітыка ня ў тым ці «ты за красных ці за белых». Палітыка ў кантролі за хоць якой грамадзкай дзейнасьцю па-за кантролем дзяржавы. «Рабіць для 1% усё па-беларуску? Ніхто гэтага ня хоча». А ня трэба рабіць, трэба не перашкаджаць. «Каб хацелі, ніякая палітыка б не спыніла». Дык ужо спыняе. Хай сабе адзін працэнт.

Вось гэты «адзін працэнт», які жыве ў «культурным гета», чым ён пагражае, чаму б не дазволіць нацыянальны ўнівэрсытэт, напрыклад? Хай там варацца ўнутры сябе. Справа ў тым, што адзін прыватны працэнт можа паказаць такі ўзровень, што аўтаматычна прадэманструе нікчэмнасьць афіцыйнай якасьці.

А яшчэ ўмоўны адзін працэнт — гэта вяршыня айсбэрга. Гэта тыя актыўныя людзі, якія ідуць супраць ветру. І за якімі пацягнуцца тыя, хто баіцца ці сумняецца. Такая палітыка.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG