Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча будзе блякаваць будаўніцтва «Паўночнага патоку-2» — прэм’ер Маравецкі


Ілюстрацыйнае фота. Першыя трубы для газаправоду «Паўночны паток — 2»

Варшава актыўна дзейнічае на міжнароднай арэне, каб заблякаваць будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток-2» (Nord Stream 2). Газаправод парушае эўрапейскую архітэктуру энэргетычнай бясьпекі.

Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Польшчы Матэуш Маравецкі ў камэнтары агенцтву РАР.

«Мы вядзем актыўныя дзеяньні і падтрымліваем дзейнасць эўрапейскіх інстытутаў, якія маюць на мэце блякаваньне будаўніцтва „Паўночнага патоку 2“», — заявіў Маравецкі.

Паводле яго, Польшча лічыць, што «Паўночны паток-2» парушае эўрапейскую архітэктуру энэргетычнай бясьпекі. Польскі прэм’ер нагадаў, што як эўрапейскія інстытуты, так і нямецкія дэпутаты ўздымаюць пытаньне аб тым, што гэты праект ня толькі палітычны, але і шкодны ў палітычным сэнсе.

Паводле Маравецкага, гэты газаправод парушае прынцыпы дывэрсыфікацыі, на якіх грунтуецца энэргетычная бясьпека Эўразьвязу. Польскі прэм'ер-міністар падкрэсьліў, што другая нітка «Паўночнага патоку-2» павялічыць залежнасьць Эўропы ня толькі ад аднаго пастаўшчыка, але і ад аднаго транзытнага напрамку.

«Паўночны паток-2» — міжнародны праект газаправоду праз Балтыйскае мора, які можа дазволіць Расеі павялічыць аб’ём паставак газу ў Эўропу. Апэратарам праекту будаўніцтва газаправоду выступае кампанія Nord Stream 2 AG, адзіным акцыянэрам якой зьяўляецца «Газпром». Было заплянавана, што маршрут і канструкцыя новага газаправоду будуць праходзіць праз эканамічныя зоны і тэрытарыяльныя воды пяці краін — Расеі, Фінляндыі, Швэцыі, Даніі і Нямеччыны. Аднак Данія ў лістападзе 2017 году забараніла праходжаньне расейскага газаправоду празь яе воды.

У Эўразьвязе існуюць рознагалосьсі па пытаньні аб будаўніцтве газаправоду «Паўночны паток-2» для транспарціроўкі расейскага газу ў Эўропу.

Лідэры шэрагу краін, у тым ліку Польшчы, Літвы, Латвіі і Даніі, выказалі свае асьцярогі ў сувязі з праектам будаўніцтва газаправоду. Яны лічаць, што існуе пагроза ўзрастаньня залежнасьці Эўразьвязу ад паставак расейскіх энэрганосьбітаў.

ЗША таксама выступілі супраць будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток — 2» з Расеі ў Нямеччыну.

XS
SM
MD
LG