Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе ўзнагародзяць чэскага аднадумца Сяргея Ханжанкова, які ў 50-я хацеў спаліць глушылку «Свабоды»


Радыёпрымач Сяргея Ханжанкова, па якім ён слухаў Свабоду і які ягоная дачка пасьля сьмерці бацькі перадала Радыё Свабода.
Радыёпрымач Сяргея Ханжанкова, па якім ён слухаў Свабоду і які ягоная дачка пасьля сьмерці бацькі перадала Радыё Свабода.

83-гадовы Ўладзімер Стэглік быў асуджаны ў Чэхіі ў 1950-я за спробу заснаваньня антыкамуністычнай групы. 20 лютага яго ўганаруюць у Празе званьнем удзельніка Трэцяга супраціву — так у Чэхіі называюць барацьбу з камунізмам.

Выключаны ў 1953 годзе з хіміка-тэхналягічнага інстытуту ў Пардубіцах і адседзеўшы 3 гады за стварэньне антыдзяржаўнай групы, Уладзімер Стэглік выйшаў з турмы і плянаваў разам зь сябрамі падпаліць чэскую глушылку радыёсыгналу «Свабода/Свабодная Эўропа». Аднак за два дні да ажыцьцяўленьня пляну маладога чалавека арыштавалі. Стэглік адмовіўся супрацоўнічаць з органамі дзяржбясьпекі і быў прысуджаны да 5-гадовага тэрміну на ўранавых рудніках у лягеры Rovnost.

«Мы зьбіраліся падпаліць глушылку радыёсыгналу „Свабодная Эўропа“ і ўцячы. Мы сапраўды ня мелі намеру нікога забіваць, ведаючы, што ахоўнікі глушылкі ў выпадку, калі пажар ахопіць таксама іх будынак, да прыезду пажарнай каманды цалкам могуць выскачыць з вокнаў. Гэтая глушылка была самая магутная на тэрыторыі Маравіі», — расказаў ён у інтэрвію Радыё Прага.

Сёньня Ўладзімера Стэгліка ўганаруюць у Празе. Міністэрства абароны краіны прысуджае ўзнагароды ўдзельнікам Трэцяга супраціву некалькі разоў на год. Акрамя ганаровага званьня ўдзельніка супраціву, уручаецца і грашовая прэмія, якая ў эквіваленце складае 4000 эўра.

У гісторыі беларускага супраціву ёсьць падобная гісторыя. Беларускі аднадумца Ўладзімера Стэгліка — Сяргей Ханжанкоў — разам зь сябрамі хацеў узарваць менскую вежу-глушылку, але 27 траўня 1963 году яго разам з паплечнікамі арыштавалі, а 7 кастрычніка асудзілі за «спробу зрабіць дывэрсію» і «антысавецкую агітацыю і прапаганду» на 10 гадоў зьняволеньня, якія ён адбываў у лягерах Мардовіі. Ён памёр у Менску ў 2016 годзе на 74-ым годзе жыцьця так і не рэабілітаваным. Зрэшты, рэабілітацыі ён ніколі не дамагаўся. Сяргея Ханжанкова называюць сымбалем беларускага супраціву савецкага часу.

Расейскі пісьменьнік Аляксандар Салжаніцын пісаў: «Згадваецца лёс Сяргея Ханжанкова, які адседзеў <...> за спробу — ці нават намер — падарваць глушыльнік у Менску. Але ж сыходзячы з агульначалавечых клопатаў нельга зразумець гэтага злачынцу інакш як змагара за ўсеагульны мір».


Ханжанкоў: У лягеры была сабраная ўся савецкая гісторыя ў асобах

Жыцьцё героя

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG