Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыяналісту — «сразу нет»


Перадвыбарчы пікет. Горадня. Вадзім Саранчукоў
Перадвыбарчы пікет. Горадня. Вадзім Саранчукоў

Колькі апазыцыйных дэпутатаў дапусьцілі да «стырна ўлады» на мясцовых выбарах? 0,0055 адсотка. 55 дзесяцітысячных! Рэкорд Гінэса! Ці вартай была аўчынка вырабу?

Але я не пра гэта. Выбарчая кампанія была рутынай, рутынай і застанецца. Шэра, нецікава. Адно і тое ж кожны раз. І раптам — нестандартны крок. Апазыцыйны кандыдат Вадзім Саранчукоў, агітуючы за сябе, прадстаўляецца як «беларускі нацыяналіст».

Беларускі нацыяналіст?! Эпатаж! Правакацыя! Тое, чаго любы беларус падсьвядома баіцца, зьнянацку — так адкрыта. Прычым не палохае чалавек, а наадварот: галасуйце за мяне, не пашкадуеце. Словам, падае страшную для абывацеля мянушку ў якасьці станоўчага паняцьця, напаўняе адпаведным зьместам.

Мы ніколі не даведаліся б, што падумаў палахлівы ці проста ўладапаслухмяны чалавек, прачытаўшы такую самарэкляму кандыдата, каб яна ня трапіла ў сеціва. Усчалася перапалка. Што няцяжка было прадбачыць. Хто распачаў? Ну, ясна хто — праціўнікі.

«Непонятная какая-то тарабарщина — трасянка? Даже не читал».

Бачыце: сходу — удар ніжэй паса. Літаратурную мову грэбліва абазваць. І ўсё. А што ў зьмесьце, што чалавек, кандыдат на выбарах, сказаць хацеў — справа дзясятая. Тым больш, сам прызнаўся камэнтатар, што не чытаў. Як можна зразумець: ня ўмее. Лянуецца, каб умець. І галоўная перашкода — грэбуе мовай. Жывучы ў беларускім горадзе.

У адказ — у тым жа стылі абразьлівая лаянка за тое, што «публично оскорбляет язык титульной нации».

Наступны камэнт «у рэчышчы» — «только и умеешь как гиена из-за кустов нести жалкую чушь».

Але падцягнуліся «апанэнты»: «А рожа-то какая хитрая! Еле вычитал, глаза стали кровоточить после этой трасянки».

Як бачым, абазваць трасянкай беларускую — самы ходкі прыём. «Трасянка!» Наводліў! Значыць прымітыўная, недамова, дрэнь. А як вядома: на чатах сядзяць ня бабкі, скажам, не прыбіральшчыцы, грузчыкі ці дворнікі, а людзі, якія аб сабе нешта мысьляць, якія на ты з кампом.

Цьвярозы ўраўнаважаны голас: «Каким бы плохим он не был — он оппонент власти. «Истина рождается в споре» — говорил Сократ. А если и спорить будет некому, то прикорытники ещё больше освинеют».

І зноў ідэалягічныя ворагі апазыцыйнага кандыдата: «Беларускомоуныя змагары рвуцца к уласци». Іранізуе! У стылі галоўнай трыбуны. Што ж, значыць з пэўнай доляй дасьціпнасьці. Але наступны ставіць таўро: «И вообще я заметил, когда человек несет чушь, то чаще всего он это делает на мове». Гэта таксама, у падтэксьце, у стылі той трыбуны, але — безапэляцыйна, зьнішчальна. На мове? Значыцца — дурнота.

А вось больш цікавы камэнт, з кароткім аналізам, з роздумам: «Я бы проголосовал за него. Очень хотел бы чтоб его избрали. Тогда я бы с огромным удовольствием наблюдал как меняется на посту депутата. Он станет таким как и все они остальные. Все беларусы становятся такими добираясь до власти. Беларусы управляют беларусами. И нет тут расейцау и иншай навалачы, которая вам мерещится. Просто вы боитесь признаться себе что это вы сами, дорвавшиеся к корыту. Людьзьми звацца, стать начальником — национальное стремление беларусов. Это как у американцев American Dream».

Апошняе — наогул трапна. Не паспрачаесься бадай. Купала мысьліў адно. А ўлада ператварыла рамантычныя словы ў канкрэтную рэчаіснасьць — звацца людзьмі — значыць вылезьці ў начальства. А прага стаць начальнікам — нацыянальная адметнасьць. Ну хіба паспрачаесься?

«Нацыяналисту — сразу нет», сячэ з пляча прадстаўнік «антынацыяналістычнага» лягеру. Яго сьпяшаецца з уласна вымысьленымі абразамі падтрымаць наступны паплечнік: «Голосовать за националиста это считай как за пидераста. Нічего он не сделает будет с мовай носиться».

Зададзены ад пачатку непаважна-абразьлівы тон непрыхільнікаў беларускай мовы вытрымліваюць і апанэнты, не здаюцца, вяртаюць «бумэранг»: «Эк русачки засуетились», далей ідзе «нелестная» характарыстыка і падсумаваньне — «Так то можно и в рассеюшке матушке, чего ж вы со своими уставами да в чужой монастырь, против вашей же скрепной мудрости?»

У ходзе перапалкі знаходзіцца зьнянацку нават «экспэрт» па прозьвішчах: у апазыцыйнага кандыдата яно, маўляў, «расейскае», так што ён «националист ряженый. Агент Путина». Жартаўнік, словам.

І закончым такім «адлупам»: «Он так гордо пишет, что он националист, как будто это есть хорошо. Нет, спасибо, дикататура национализма как на Укрине нам не нужна. Присоединяюсь: националисту — сразу нет».

«Разьведка боем» з боку апазыцыйнага кандыдата закончылася тым, чым закончылася. Прадказальна. Але і падтрымка была, не адзін у полі ваяр.

Аднак мне цікава іншае. Паразважаць: хто тыя людзі, хто размахвае як жупелам словам, за якое ў ГУЛАГ ссылалі? Кім яны сябе могуць лічыць? І кім ёсьць насамрэч?

Раней у нас была БССР, дзе ўсё было па-расейску. Паасобныя адраджэнцы хацелі, каб родная мова ня зьнікла, каб жыла. Яны адчувалі сябе патрыётамі. Але, скажам, для начальства, для партыі, былі тымі самымі «нацыяналістамі». Ім супрацьстаяла большасьць, савецкія людзі. Якой была адна з самых важных рысаў савецкіх людзей? Іхні інтэрнацыяналізм. Што ён азначаў за жалезнай заслонай, ва ўмовах СССР? Што ўсё мае быць па-расейску. Кропка.

На сёньняшні дзень — гэта так званы «русский мир». Але гэта — калі агульна, расплывіста, каб затушаваць сапраўдны зьмест. Насамрэч, як выглядае, за такой шыльдай хаваецца стары, царскіх часоў вялікадзяржаўны шавінізм. Для якога беларуская мова ў лепшым разе «трасянка».

Канечне, можна ўявіць, што ярыя праціўнікі таго, хто назваў сябе сьмела беларускім нацыяналістам, хацелі б лічыць сябе, скажам, лібэраламі, людзьмі шырокіх дэмакратычных поглядаў. Але калі ў Расеі на фоне зацятых «рускамірцаў» яны так маглі б выглядаць, па кантрасту, то ў Беларусі яны такімі зусім не выглядаюць. Іхняя вадзічка — на млын начальства. Ананімная перапалка за сьпінай зусім канкрэтнага прадстаўніка апазыцыі ў гэтым пераконвае.

Ну й ці варта было так — з адкрытым забралам апазыцыйнаму кандыдату? Ня ведаю.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG