Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсовец Япрынцаў падаў у суд на свайго экс-партнэра Чыжа


Уладзімер Япрынцаў падчас арышту, жнівень 2016 году
Уладзімер Япрынцаў падчас арышту, жнівень 2016 году

Бізнэсовец Уладзімер Япрынцаў падаў судовы пазоў аб спагнаньні 1000 даляраў са свайго былога партнэра Юрыя Чыжа, паведамляе БелаПАН.

Суд Цэнтральнага раёну Менску пачаў разгляд пазову Ўладзімера Япрынцава супраць Юрыя Чыжа. Дату папярэдняга паседжаньня прызначаць пазьней.

Прадстаўніца Япрынцава кажа, што 11 жніўня 2015 году былі прададзеныя акцыі лягістычнай кампаніі «Аскаргатэрмінал», у той жа дзень Япрынцава затрымалі па справе аб махлярстве. На наступны дзень, 12 жніўня, на рахунак Япрынцава за зьдзелку паступіла амаль 1,4 мільярда недэнамінаваных рублёў (87 тысяч даляраў). 9 верасьня рахунак Япрынцава папоўніўся яшчэ раз — 796 мільёнаў недэнамінаваных рублёў (44,7 тысячы даляраў).

Пазьней, як паведамлялася ў судзе, на загад Чыжа гэтыя пераводы зьнялі з рахунку Япрынцава. Апошні ў той час быў пад вартай і ня мог распараджацца сваім рахункам, кажа прадстаўніца Япрынцава.

Юры Чыж, архіўнае фота
Юры Чыж, архіўнае фота

Уладзімер Япрынцаў хоча адсудзіць сымбалічную суму ў 1960 рублёў, на момант публікацыі гэтая 1000 даляраў. Бізнэсовец пакуль не плянуе павялічваць суму для спагнаньня, бо разьлічвае «нармальна дамовіцца» з Чыжом.

Уладзімер Япрынцаў пра Юрыя Чыжа: Са здраднікамі не кантактую

Япрынцаў ужо пісаў заяву на Чыжа ў міліцыю ўлетку 2017 году. Тады праверка выявіла, што Чыж загадаў распарадзіцца грашыма Япрынцава. Чыж тлумачыў, што перадаў гэтыя грошы расейскім бізнэсоўцам Міхаілу Маміяшвілі і Ёсіфу Аксенцьеву за даўгі сына Япрынцава. У студзені 2018 году ў завядзеньні справы было адмоўлена.

Уладзімер Япрынцаў і Юры Чыж былі бізнэс-партнэрамі з 1990-х гадоў. У жніўні 2015 году Ўладзімер Япрынцаў быў затрыманы разам з сынам Казьбекам па абвінавачаньні ў махлярстве. Прычынай для затрыманьня стала заява Юрыя Чыжа ў КДБ. Казьбек Япрынцаў ад імя кампаніі «Трайпл» заключаў дамовы з партнэрамі, не разьлічваўся за пастаўкі і меў шмат даўгоў. Каб пакрыць сынавы даўгі, Уладзімер Япрынцаў перадаў 33% свайго капіталу ў «Трайпле» бізнэсоўцам Маміяшвілі і Аксенцьеву. У жніўні 2016 году Казьбека Япрынцава асудзілі на 8 гадоў за махлярства ў асабліва буйным памеры. Справу Ўладзімера Япрынцава перакваліфікавалі на ўкрыцьцё ад злачынства і прысудзілі штраф 10 500 рублёў. У сакавіку 2016 году за нясплату падаткаў Юры Чыж быў затрыманы, а ў верасьні таго ж году вызвалены пасьля сплаты шкоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG