Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта помнік сапраўднаму дзяржаўнаму дзеячу», — пераможца у конкурсе эскізаў коннага помніка Гедыміну


Так мае выглядаць помнік побач зь Лідзкім замкам

Сумесная праца скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава стала пераможцай конкурсу эскізаў помніка князю Гедыміну ў Лідзе, што ладзіў райвыканкам. У ім бралі ўдзел 28 эскізаў. Скульптуру маюць усталяваць у сквэры на скрыжаваньні вуліц Грунвальдзкай і Замкавай, каля паўночнай сьцяны Лідзкага замка.

«Пра помнік Гедыміну побач зь Лідзкім замкам марыў заўжды...»

Сяргей Аганаў сказаў Свабодзе, што сумесная праца з Вольгай Нячай была зробленая яшчэ ў 2015 годзе — ня дзеля ўдзелу ў конкурсе, а для сябе, для душы, бо папросту гэтага хацелася. Цяпер Вольга Нячай падарожнічае недзе па Індыі і не магла прысутнічаць у Лідзе, калі абвяшчалі вынікі конкурсу.

«Ведаеце, я сам нарадзіўся ў Лідзе, там прайшло маё дзяцінства, і з балькона кватэры, дзе жыве мая бабуля, шмат разоў глядзеў на замак і думаў пра тое, што побач павінен стаяць помнік Гедыміну, — распавядае Аганаў. — Я яго дзясяткі разоў абдумваў, але ніколі нават ня мог уявіць, што некалі абвесьцяць конкурс на эскіз для гэтага помніка. Падзяліўся ідэяй з Вольгай, паколькі ў нас былі ўжо сумесныя працы, і яна падтрымала. Яе ўнёсак у гэтую працу вельмі значны, бо яна найвыдатнейшы мастак і скульптар. А яшчэ яна вельмі любіць коней і займаецца верхавой яздой».

Сяргей Аганаў і Вольга Нячай на адкрыцьці сваёй працы — памятнай шыльды Янку Купалу ў Вільні
Сяргей Аганаў і Вольга Нячай на адкрыцьці сваёй працы — памятнай шыльды Янку Купалу ў Вільні

Найперш гэта помнік сапраўднаму дзяржаўнаму дзеячу

Сяргей Аганаў кажа, што Гедымін для яго — гэта вельмі значная гістарычная асоба. Найперш — гэта чалавек, які заснаваў горад, у якім Аганаў нарадзіўся, а пасьля — адзін з заснавальнікаў Вялікага Княства Літоўскага, той дзяржавы, адкуль ідуць карані беларускай культуры, на якой вырас і сам скульптар.

«Я з самага дзяцінства люблю гісторыю, шмат чытаю, і для мяне гэта вельмі блізка. Таксама і Вольга вялікі аматар нашае гісторыі, шмат чытае і ведае ў гэтай галіне. І помнік Гедыміну мы абралі зусім не дынамічны, а спакойны. Ён папросту сядзіць на кані, у яго доўгі плашч, які нібы пакрывае ўсё наша Вялікае Княства, якое знаходзіцца пад ягонай аховай. Гэта помнік найперш сапраўднаму дзяржаўнаму дзеячу, які шмат зрабіў дзеля сваёй дзяржавы», — кажа Аганаў.

Так мае выглядаць помнік побач зь Лідзкім замкам
Так мае выглядаць помнік побач зь Лідзкім замкам

Конкурс эскізаў выклікаў толькі павагу да працы калегаў

Аганаў прызнаецца, што калі пабачыў працы, прадстаўленыя на конкурс, то быў вельмі ўражаны высокім узроўнем выкананьня.

«Папраўдзе, я нават не чакаў такога ўзроўню ад маіх калегаў і нават у нейкім сэнсе засмуціўся, што наш эскіз наўрад ці пераможа. Але вера была, і потым, гэтага вельмі хацелася, дый Вольга была перакананая ў нашай перамозе».

«Наперадзе шмат працы, і галоўнае, каб на гэта былі сродкі...»

Паводле Аганава, далейшы лёс помніка будзе залежаць ад таго, ці будуць сродкі на тое, каб яго выканаць. Зь ягонага досьведу, калі працэс расьцягнецца на год, то гэта будзе даволі ўдала.

«Цяпер наш эскіз павінна зацьвердзіць адмысловая камісія ў абласным Савеце, а далей будзе наша праца. Ведаеце, мы з Вольгай да гэтага вельмі адказна ставімся. У Вільні, якая ўсяго за сто кілямэтраў ад Ліды, ёсьць помнік Гедыміну, мы бачылі яго, ведаем, і наш павінен выглядаць таксама на ўзроўні. Я пра гэта ўвесь час думаю...» — кажа Сяргей Аганаў.

* * *

Вольга Нячай
Вольга Нячай

Вольга Нячай — мастак, скульптар, дызайнэр, магістар мастацтвазнаўства. Працуе ў жанры манумэнтальнай скульптуры, анімалістыкі, дробнай плястыкі, дэкаратыўнага мастацтва, а таксама жывапісу і дызайну. У сваёй творчасьці адмыслова паказвае прыгажосьць коней. Нарадзілася ў Менску ў 1985 годзе.

Сяргей Аганаў
Сяргей Аганаў

Сяргей Аганаў — мастак, скульптар. Працуе ў жанры традыцыйнай скульптуры з выкарыстаньнем керамікі, каменя, дрэва. Сярод ягоных найбольш вядомых працаў — скульптура «Войт» у Менску, прысьвечаная атрыманьню горадам Магдэбурскага права, а таксама скульптура Анастасіі Слуцкай у Слуцку. Нарадзіўся ў Лідзе ў 1974 годзе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG