Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька пра відэаролік, дзе яму аказваюць дапамогу: «Гэта ўжо проста такая вайна пайшла»


Анатоль Лябедзька ў Жабінкаўскім раённым судзе, 12.02.2018

Анатоль Лябедзька пракамэнтаваў Свабодзе відэаролік, на якім амапаўцы, паводле міліцыі «працягнулі руку дапамогі чалавеку, які трапіў у бяду». Відэа апублікавала сёньня Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных справаў Менгарвыканкаму пад загалоўкам «Супрацоўнікі менскага АМАПу ратуюць А. Лябедзьку!».

У лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі ўзьніклі праблемы з атрыманьнем правоў кіроўцы — нягледзячы на тое, што ён прайшоў належны мэдагляд, правы ён атрымаць ня можа, бо, як цьвердзяць чыноўнікі, два гады таму ён падчас роварнай прагулкі страціў прытомнасьць і меў сутаргі.

Лябедзька, як тлумачыцца ў артыкуле «Замест падзякі — хлусьня» на сайце ГУУС, «сьцьвярджае, што яму стала дрэнна і зьвязвае тое, што здарылася з „амапаўцамі і людзьмі ў цывільным“, якія маглі разьвеяць у паветры „нешта такое, што мяне адключыла“».

Паводле вэрсіі ГУУС, 6 траўня 2016 году «каля краю праезнай часткі па вуліцы Арлоўскай у Менску аўтапатруль ГУУС Менгарвыканкаму выявіў мужчыну. Канвульсіі, хрыпы і пена з рота сьведчылі пра тое, што ў яго магчымы эпілептычны прыпадак. Супрацоўнікі АМАПу неадкладна кінуліся на дапамогу».

Здарэньне было зьнятае на відэакамэру, аднак увесь гэты час органы міліцыі «з этычных меркаваньняў» не публікавалі відэа.

Пасьля таго, як 9 лютага сёлета супрацоўнікі ДАІ затрымалі Лябедзьку ў Жабінцы за кіраваньне аўтамабілем без пасьведчаньня кіроўцы, ГУУС «аддала гэты матэрыял галоснасьці», «каб расставіць усе кропкі над „i“».

«Гэта толькі пачатак сплянаванай кампаніі па дыскрэдытацыі»

Анатоль Лябедзька пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды відэа, якое выклала ГУУС Менску.

— Гэта вэрсія ГУУС і АМАПу, але ня лекараў. Я магу толькі апэляваць да папераў, якія атрымаў ад лекараў, бо адразу пасьля гэтага прайшоў глыбокае абсьледаваньне. Калі ўжо ўсё выйшла за межы элемэнтарнай прыстойнасьці і этычнасьці я іх агучу.

Лекары тады паставілі дыягназ — «адзінкавы сынкапальны стан неўдакладненага генэзу»

Гэта толькі пачатак сплянаванай кампаніі па дыскрэдытацыі. Лекары тады паставілі дыягназ — «адзінкавы сынкапальны стан неўдакладненага генэзу». Я абсалютна прыйшоў у прытомнасьць у машыне «хуткай дапамогі». Але мяне прымусілі прайсьці абсьледаваньне, тамаграфію і гэтак далей. Паводле папераў, якія я трымаю на руках, у мяне няма ніякіх адхіленьняў ад нормы, я здаровы. А на тое, што тады адбылося, я дыягназ вам зачытаў, — распавёў лідэр АГП.

Паводле Лябедзькі, ён ніколі за сваё жыцьцё ня страчваў прытомнасьці. І пасьля таго выпадку ў 2016 годзе рэгулярна езьдзіў на ровары.

— Я тады ехаў і, як толькі параўняўся з гэтымі амапаўцамі і людзьмі ў цывільным, страціў прытомнасьць. І мне выклікалі якраз мэдычную дапамогу людзі, а не амапаўцы. Але мне сказалі, што лекары пісалі паказаньні з вуснаў міліцыянтаў.

Такое можа адбывацца, калі выкарыстоўваецца нейкае таксічнае рэчыва

Мне цікава якім чынам зьявілася гэтае відэа? У падобных выпадках гэта ніхто ніколі не здымаў. А тут выйшла так, што я падаю і адразу нейкія здымкі і відэа захоўваецца. Я паспрабую атрымаць усё відэа, бо там толькі маленькі фрагмэнцік. Можа, там бачная і агульная сытуацыя, хто стаяў і што рабіў. Такое можа адбывацца, калі выкарыстоўваецца нейкае таксічнае рэчыва. Але зафіксаваць і пацьвердзіць гэта лекары не маглі. Цяпер гэта трэба паглядзець усё. Але я нікога наўпрост не абвінавачваў. Гэта ўжо проста такая вайна пайшла. Тыповыя паводзіны беларускіх уладаў.

— І пасьля гэтага вам не даюць мэдычную даведку для атрыманьня правоў?

— Так. Пасьля камісіі мне ўсе лекары паставілі адзнаку — «годны». Але потым раптам нешта зьмянілася. Потым мне ў кулюарах сказалі, што ня ўсё так проста. І я зразумеў, што гэтае пытаньне неяк кантралююць нейкія сілавыя структуры.

Мне сказалі яшчэ раз прайсьці абсьледаваньне. І я яго прайшоў. Лекары казалі, што ўсё нармальна. У мяне была ранейшая паперка адносна таго здарэньня, але калі я прыйшоў на камісію, чыноўнікі чамусьці напісалі з вуснаў міліцыянтаў інакш, пра нейкія сутаргі.

Таму давядзецца змагацца, каб атрымаць неабходную даведку. Бо я пачуваю сябе фізычна нармальна і пэрсанальнага кіроўцу заводзіць не зьбіраўся.

Лябедзьку затрымалі без правоў і судзяць за «непадпарадкаваньне міліцыі»

9 лютага сёлета супрацоўнікі ДАІ затрымалі Анатоля Лябедзьку ў Жабінцы за кіраваньне аўтамабілем без пасьведчаньня кіроўцы. Цяпер яго судзяць за «непадпарадкаваньне міліцыі», наступнае паседжаньне прызначанае на 23 лютага.

Міліцыянты дастаўляюць Анатоля Лябедзьку (другі справа) ў Жабінкаўскі раённы суд
Міліцыянты дастаўляюць Анатоля Лябедзьку (другі справа) ў Жабінкаўскі раённы суд

Апошнімі гадамі ўсе паездкі лідэра АГП суправаджаюцца шчыльным кантролем спэцслужбаў, уключаючы вонкавае назіраньне, арганізацыю правакацый і засад, у тым ліку з прыцягненьнем ДАІ (многія выпадкі апублікаваныя на старонцы Анатоля Лябедзькі ў Фэйсбуку), паведамляе сайт АГП.

Партыя лічыць, што ўсё гэта зьяўляецца часткай мэтанакіраванай кампаніі, якую каардынуюць спэцслужбы, накіраванай на стварэньне перашкодаў ажыцьцяўленьня палітычнай дзейнасьці Анатолем Лябедзькам. АГП патрабуе спыніць злачынную практыку выкарыстаньня спэцслужбаў для барацьбы з палітычнымі апанэнтамі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG