Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фарпост Расеі» або ці будуць беларусы класьціся пад танкі NATO


Юры Дракахруст

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе ў Радзе бясьпекі досыць крытычна выказаўся аб палітыцы Расеі: «Але сурʼёзнага разуменьня ў кіраўніцтва Расеі сёньня ў тым, што трэба на найбольш небясьпечных накірунках нашай агульнай сумеснай абароны ўмацоўваць нацыянальныя ўзброеныя сілы — Беларусі, Казахстану, Армэніі, іншых краінаў, — такога разуменьня бракуе. І гэта вельмі балюча можа адгукнуцца».

Ці азначае гэтая заява, што ў Беларусі і Расеі — чарговы канфлікт, што вяртаюцца часы газавых, малочных, нафтавых і іншых гандлёвых «войнаў»? Я думаю, што не. Аднак чаму прэтэнзіі былі агучаныя публічна?

Як ні парадаксальна, у дадзеным выпадку гэта — своеасаблівая дэманстрацыя ляяльнасьці. Менавіта ў гэтым ключы — яшчэ адна заява, зробленая на Радзе бясьпекі: «Трэба разумець, што, дапусьцім, Беларусь зьяўляецца асноўным фарпостам, у тым ліку і Расейскай Фэдэрацыі, на заходнім напрамку, а тут сёньня найбольш небясьпечны кірунак».

Апошнімі гадамі здавалася, што сышлі ў незваротна мінулае часы, калі прэзыдэнт Беларусі абяцаў, што беларусы пры неабходнасьці лягуць пад танкі NATO і не прапусьцяць іх на Маскву. Аднак не, усё вяртаецца. Словы пра фарпост на самым небясьпечным напрамку — тое самае абяцаньне легчы пад танкі, толькі выяўленае ў менш паэтычнай форме.

А як жа вялікая міратворчая місія Беларусі, «Гэльсынкі-2», Менск — пляцоўка, дзе міраць вялікіх славянскіх братоў беларусаў? А вось шчыраваньні пра «фарпост» — менавіта пра гэта. Гутаркі Дональда Трампа і Нурсултана Назарбаева ў Вашынгтоне наконт магчымага пераносу перамоваў па Ўкраіне зь Беларусі ў Казахстан выклікалі непрыхаванае раздражненьне ў Менску. Яно было прадэманстраванае і падчас згаданай нарады ў Радзе бясьпекі РБ, калі Лукашэнка сказаў, што «рэальнай альтэрнатывы Менскай перамоўнай пляцоўцы на сёньняшні дзень не існуе».

Словы пра «фарпост» і папрок Расеі, што не мацуе сумесную абарону — гэта пра тое самае, гэта пасланьне ня толькі Маскве, але і Вашынгтону, а ў яшчэ большай ступені — Бэрліну і Парыжу. Вам патрэбны ранейшы Менск, які вяшчае пра «монстра NATO», што падпаўзае да межаў сінявокай Беларусі, якая абяцае класьціся пад вашыя танкі? Не? Ну так і забудзьцеся аб пераносе перамоваў куды б то ні было зь Менску.

Нейкай страшнай пагрозы Захаду такі гіпатэтычны паварот Беларусі не абяцае. Але шум з нагоды вучэньняў «Захад-2017», страхі, што расейскія войскі ў Беларусі застануцца, а то і пойдуць далей — ва Ўкраіну і краіны Балтыі, сьведчаць аб тым, што падобны паварот Захад бы зусім ня ўзрадаваў.

Тут справа ў нюансах. Беларусь была і ёсьць ваенны саюзьнік Расеі, незалежна ад таго, кажа Лукашэнка пра «фарпост» або не. Аднак калі кажа, то боязі крыху больш. Зь іншага боку, і магчымы перанос пляцоўкі перамоваў зь Менску ні для кога не выглядае такой ужо панацэяй, «залатым ключыкам», які адчыніць дзьверы да міру ва Ўкраіне. Гэта хутчэй падарунак Назарбаеву, чым рэальная пэрспэктыва ўсталяваньня міру. Можа ён такога падарунку і заслугоўвае, ну дык Лукашэнка сваімі заявамі і дэманструе, што адбіраць падарунак у яго таксама будзе чагосьці каштаваць, і пытаньне, ці ёсьць сэнс гэтую цану плаціць.

І, дарэчы, а не сказаць, што гэткія пасланьні на Захадзе зусім ужо не ўспрымаюць. Плян міратворчай місіі ва Ўкраіне, адным з аўтараў якога зьяўляецца былы генэральны сакратар NATO Андэрс Форг Расмусен, прадугледжвае ўвод ва Ўкраіну міратворцаў пад сьцягам ААН у тым ліку і зь Беларусі. Гэты плян пакуль вельмі далёкі ад рэалізацыі, ніякай згоды сусьветных сталіцаў на гэта няма. Але таксама свайго роду пасланьне Менску, што ўкладваньню пад танкі NATO ёсьць больш плённая альтэрнатыва.

Заявы Лукашэнкі, зробленыя на Радзе бясьпекі — паводле зьместу дыялёг з Захадам, ну а паводле формы — прысяга на вернасьць Расеі. У тым ліку і папрок за няўвагу да сумеснай абароны. Зрэшты, формула наконт «фарпосту» — гэта і абазначэньне межаў саюзьніцтва. Мы — ваш фарпост, а ня вы ў нас будзеце сваім фарпостам. Вось гэтага вось не трэба, базаў там усялякіх, расейскай вайсковай прысутнасьці.

«Я ня ў тым пляне, што мы хочам ці чарговы раз, як у іх прынята казаць, патрабуем нейкіх грошай на нейкія мерапрыемствы», — пакрыўджана заўважыў прэзыдэнт Беларусі. Прыгадваецца старая прымаўка — калі вам кажуць, што справа не ў грашах, то справа менавіта ў іх. Тут лёгіка такая: вы хочаце супрацьстаяць Захаду, хочаце, каб мы ў гэтым бралі ўдзел, дык плаціце. Нясіце «цяжар рускіх», перафразуючы словы Кіплінга наконт «цяжару белых».

Хоць паводле формы — шчырая прысяга. І адказ усялякім Рэгнумам і Взглядам — ніякіх паваротаў на Захад, бачыце, гатовыя спраўна класьціся пад натаўскія танкі, старажытны беларускі звычай.

Ну а калі Назарбаеў абыдзецца без падарунка, калі і напраўду ўсе пагодзяцца на беларускіх міратворцаў ва Ўкраіне, то наступны раз можна будзе зноў распавесьці пра Менск як пра фарпост міру, а зусім не Расеі. Прынамсі ня толькі яе.

Перадрук з парталу TUT. BY

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG